У Гомелі прайшла канферэнцыя, прысвечаная творчасці Францыска Скарыны

Міжнародная навуковая канферэнцыя, прысвечаная творчасці і ідэям Францыска Скарыны, прайшла ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце, які носіць імя выбітнага навукоўца. У рамках канферэнцыі ВНУ былі падораны пяць тамоў факсімільнага выдання Францыска Скарыны.

Запрошаныя выкладчыкі беларускіх, расійскіх і ўкраінскіх ВНУ, якія так ці інакш даследавалі творчасць Францыска Скарыны, прадставілі на канферэнцыі свае даклады. А прадстаўнікі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі зрабілі навучальнай установе каштоўны падарунак – першыя пяць тамоў факсімільнага выдання Францыска Скарыны высокай паліграфічнай якасці.

Праект па падрыхтоўцы і выпуску кніг беларускага і ўсходнееўрапейскага першадрукара быў пачаты яшчэ ў снежні мінулага года і прымеркаваны да юбілейнай даты. У 2017 годзе будзе адзначацца пяцісотгоддзе з дня выдання Францыскам Скарынам першай кнігі для ўсходніх славян. Вядома, што над навуковым складнікам праекта працуюць як супрацоўнікі Нацыянальнай бібліятэкі і Нацыянальнай акадэміі навук, так і замежныя эксперты. Усе тэксты факсімільных выданняў суправаджаюцца каментарамі навукоўцаў, перакладамі прадмоў і пасляслоўяў самога Францыска Скарыны на беларускую, рускую і англійскую мовы.

«Для Гомельскага універсітэта вельмі каштоўна, што цяпер кнігі такой высокай навуковай якасці можна будзе выкарыстоўваць пры даследаваннях творчасці і спадчыны Францыска Скарыны. Гэтыя выданні – важная крыніца ў першую чаргу для гістарычных і філалагічных даследаванняў », – адзначыў першы прарэктар ГДУ Сяргей Хахомаў.

Кацярына Торыква,  newsgomel.by

Тэгі: