111 старажытных манет часоў ВКЛ і Рэчы Паспалітай, канфіскаваныя мінскімі мытнікамі пры іх незаконным вывазе з Беларусі, зараз будуць прадстаўлены ў экспазіцыі Капыльскага раённага краязнаўчага музея.
Калекцыя агульным коштам больш за 43 тысячы рублёў з’яўляецца ўнікальнай не толькі па мерках Беларусі, але і ў рамках міжнароднай нумізматычнай супольнасці, паведамляе kurjer.info.
Жыхар сталіцы, які накіроўваўся з Нацыянальнага аэрапорта «Мінск» авіярэйсам «Мінск-Стамбул», спрабаваў незаконна вывезці манеты, схаваўшы іх ад мытнага кантролю ў багажы і асабістых рэчах. Эксперты мытнай лабараторыі ўстанавілі, што пададзеныя на даследаванне прадметы вырабленыя больш за 100 гадоў таму і адносяцца да катэгорыі культурных каштоўнасцяў.
Большая частка манет — гэта «траякі», адчаканеныя са срэбра на манетных дварах ВКЛ і Рэчы Паспалітай у XVI-XVII стагоддзях. Самай каштоўнай і дарагой з’яўляецца манета 1580 года з партрэтам караля Стэфана Баторыя коштам каля 6 тысяч рублёў. Самая старая манета адчаканеная ў 1556 годзе пры вялікім князю літоўскім Жыгімонту II Аўгусту. Яе кошт — каля 5 тысяч рублёў. Частка манет адчаканеная ў Расійскай імперыі ў першай палове XIX стагоддзя.
Чалавек, які меў намер вывезці іх з краіны, рашэннем суда Кастрычніцкага раёна г. Мінска прызнаны вінаватым у здзяйсненні адміністрацыйнага правапарушэння па ч. 2 арт. 15.1 Кодэкса аб адміністратыўных правапарушэннях, а культурныя каштоўнасці ў яго канфіскаваныя. Далейшым месцам захоўвання гісторыка-культурных каштоўнасцей стаў Капыльскі раённы краязнаўчы музей.
Колькасць канфіскаваных мытнымі органамі прадметаў гісторыка-культурнай каштоўнасці за 2021 год — 643 адзінкі. Сярод іх іконы, манеты, медалі, мэбля і прадметы інтэр’еру. Сёлета ўжо канфіскаваныя 123 прадметы, у іх ліку кнігі, манеты, іконы, статуэткі, прызнаныя гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі.