Зусім нядаўна гэты будынак змяніў гаспадароў і зараз актыўна аднаўляецца, паведамляе газета «Светлы шлях». Па словах новага ўладальніка, які сочыць за рамонтнымі працамі, гэтаму дому каля ста гадоў.
— Падчас Першай сусветнай вайны Крэва страціла ўсе свае жылыя будынкі. Частка дамоў была разбурана, а частка разабрана для ўмацавання ваенных аб’ектаў. Аднаўленне мястэчка Крэва пачалося ў 1920-х гадах, — адзначыў спецыяліст.
Гэты дом доўгі час належаў яўрэйскай сям’і. У адной палове размяшчалася крама, а ў іншай — жылыя памяшканні. Уваход у гандлёвае памяшканне быў там, дзе зараз размешчаны цэнтральныя дзверы і ганак. Пасля таго, як будаўнікі агалілі фасад будынка, убачылі, што ўваход у жылое памяшканне размяшчаўся на месцы акна справа.
Аднаўленне будынка ідзе па плане. Улічваючы тое, што адзін кут драўлянай хаты цалкам прагніў, будаўнікі беражліва выконваюць усе працы, каб максімальна захаваць яго арыгінальнае аблічча.
Пасля Другой сусветнай вайны, калі многія яўрэі з’ехалі з Крэва або памерлі, у гэтым доме жылі звычайныя мясцовыя жыхары. Увесь час пражывалі яны там да пачатку 2000-х гадоў. У апошнія 20 гадоў фармальна ў дома былі гаспадары, але ніхто там не жыў, а, адпаведна, ніяк яго не добраўпарадкоўвалі.
Да зімы тут плануецца завяршыць будаўнічыя працы, а з наступнага года спецыялісты пачнуць аздабленне інтэр’ера. Па словах уладальніка, пасля таго, як завершыцца рэстаўрацыя дома, тут будзе аграсядзіба з інтэр’ерамі пачатку XX стагоддзя.
— Мы лічым важным захоўваць такія будынкі. Робім гэта для таго, каб аднавіць гістарычную спадчыну Крэва. Бо гісторыя гэтага месца багатая, а арыгінальных пабудоў засталося, на жаль, зусім няшмат. Такім чынам, мы захоўваем атмасферу старога мястэчка і прывабліваем сюды турыстаў. Бо тыя, хто прыязджае ў Крэва, жадаюць убачыць, у першую чаргу, гістарычныя будынкі, а не новабудоўлі.
Чытайце ячшэ: Вежа, з якой ніколі не сыходзіла варта. Гісторыя вежы-дазорцы ў Крэве