У Лунінцы адзначылі «Каласавіны»

Сябры Саюза беларускіх пісьменнікаў Мікола Ільючык і Вадзім Жылко разам з удзельнікамі літаб’яднання «Касіяпея» пры рэдакцыі рэгіянальнага штотыднёвіка «Информ-прогулка» зладзілі традыцыйнае свята да дня народзінаў Якуба Коласа.

Сёлета лунінецкія “Каласавіны” прайшлі ў бібліятэцы Лунінецкага політэхнічнага каледжа ў фармаце паэтычнага “круглага стала” з удзелам маладых аўтараў. У час вечарыны госці нагадалі, што ў біяграфіі народнага паэта Беларусі былі і лунінецкія старонкі.

У 1911-1912 гадах Якуб Колас некалькі месяцаў жыў у Лунінцы, настаўнічаў, працаваў над вершамі і апавяданнямі. У 1947 годзе наведаў гэты палескі край ужо ў якасці дэпутата Вярхоўнага Савета. У Лунінцы ёсць помнік і мемарыяльныя дошкі ў гонар песняра, адна з вуліц носіць ягонае імя.

Размова ва ўтульнай і добразычлівай атмасферы вялася і на іншыя тэмы – пра нобелеўскага лаўрэата Святлану Алексіевіч, павагу да роднай мовы і ўвогуле пра сакрэты творчасці. Са сваімі творамі выступілі  мясцовыя аўтары Вольга Грыдзюшка, Аляксандр Хаўдзееў, Віктар Пінігін, Лілія Віктарава.

Бібліятэкар каледжа Вера Скіба расказала аб дзейнасці творчага клуба “Натхненне”, дала слова пачынаючым паэтам Таццяне Дзерэжун, Сяргею Лукашэвічу, Аляксандру Буйкевічу, распавяла і пра іншых маладых творцаў. Былі аформлены тэматычныя кніжныя выставы.

Вадзім Жылко

Фота Мікалая Ільючыка

lit-bel.org

Тэгі: