У Мінску прайшла прэзентацыя «Эдаў» — перакладаў на беларускую найбольш вядомых твораў старажытнай скандынаўскай літаратуры

11 снежня ў Цэнтры шведскіх даследаванняў адбылася прэзентацыя «Паэтычнай» і «Празаічнай Эды» : сусветнавядомыя творы скандынаўскага эпасу ХІІІ стагоддзя са старажытнаісландскай на беларускую мову пераклаў Яўген Папакуль. Кнігі выйшлі ў выдавецтве «Галіяфы», піша Reform.by.


27.jpg

Кніга «Эда. Песні пра багоў» з’яўляецца першым поўным перакладам эдычных песень «пра асаў і ванаў, альваў і двэргаў, ётунаў і валькір’яў на беларускую мову» — гэта першая частка «Паэтычнай Эды».

Пераклад жа «Празаічнай Эды», які ўвасобіўся ў кнізе «Эда Сноры Стурлусана» — з’яўляецца адным з найбольш поўных з існых перакладаў на сучасныя мовы. Такім чынам, можна сказаць, што беларускі пераклад «Празаічнай Эды» з’яўляецца першым і найбольш поўным перакладам «Эды ў прозе» на тэрыторыі Заходняй і Усходняй Еўропы.

Яўген Папакуль, які выкладае ў Полацкім дзяржаўным універсітэце міфалогію і шведскую мову, акрамя старажытнаісландскай і шведскай, ведае таксама фарэрскую і малавядомую мову норн. Навукоўца і перакладчык, які працаваў над перакладамі Эдаў у суме больш за паўтары гады, распавёў на прэзентацыі пра складанасці і цікавосткі працы над слыннымі творамі скандынаўскай літаратуры.

28.jpg
Яўген Папакуль зачытвае ўрывак з «Паэтычнай Эды». Фота: Reform.by.

Так, адной са складанасцю перакладу з «Паэтычнай Эды» сталася праца з формай і зместам, бо старажытнаісландская паэзія — паэзія алітэрацыйная, распавёў Яўген Папакуль.

— Гэта алітэрацыя не толькі чуецца, яна і бачная, — уводзіць у падрабязнасці «кухні» беларускі перакладчык. — Націск у 99% словаў у старажытнаісландскай мове ставіцца на першы склад — у такім выпадку зычныя будуць паўтарацца. Калі мы кажам пра беларускую мову, то ў нас націск у словах можа стаяць дзе заўгодна. Таму я ў сваім падыходзе вырашыў лепш захаваць змест паэм тымі сродкамі, якія характэрныя для беларускай мовы — гэта чаргаванне націскных і ненаціскных складоў. Тады гэта і гучыць паэтычна, і такая літаратура нам больш звыклая, — патлумачыў мовазнаўца.

З цікавостак працы над «Песняй пра багоў» аўтар вылучыў, што, уласна, калі казаць менавіта пра мову твора, то сама лексіка паэмы вельмі простая.

— Калі мы чуем пра такую штуку, як песні пра багоў, то адразу думаецца, што гэта нешта такое ўзвышанае і пафаснае. Насамрэч, — не, — дзеліцца спадар Яўген. — Усе богі ў «Песні» — гэта абсалютна жывыя істоты са сваімі хібамі і характарамі. Одзін у гэтых творах вельмі хітры: ён той, каго сёння назвалі б «тролем». Ён здзекуецца з усіх, каго можна, улічваючы свайго цудоўнага сына Тора. А Тор паўстае як трошачкі такі праставаты, вельмі рэзкі герой, які, калі што не так, адразу за молат і б’е іншага па галаве.

Самым нечаканым для перакладчыка сталася тое, што ў паэзіі такога высокага рангу ўжываецца лаянка.

— Перакладчыкі на рускую і ўкраінскую мовы стараюцца гэтыя моманты абмінуць і назваць чалавека ў творы «такой-сякой», «нягодны» , «срамны», «трус», «баягуз», — я ж вырашыў, што не буду падманваць чытача, — адзначае Яўген Папакуль. — Таму ў маім перакладзе ўжываецца лексіка, якая павінна быць у творы. Пагатоў, сакавітай беларускай лаянкі хапае, — дадае ён.

Такім чынам, даводзіць мовазнаўца, беларускі пераклад «Песні пра багоў» можна назваць «Эдаю без цэнзуры».

Што датычыцца «Празаічнай Эды» — кнігі «Эда Сноры Стурлусана», то тут гэтаксама падчас працы над перакладам трэба было ўлічыць шматлікія моўныя акалічнасці.

Сноры Стурлусан — гэта слынны ісландскі скальд, навукоўца і гісторык, які, верагодна, быў адным з аўтараў выбітнага зборніка.

29.jpg
 Cтыль-рэдактар і карэктар «Паэтычнай» і «Празаічнай Эды» Маргарыта Латышкевіч зачытвае прыклады старажытнаісландскай паэзіі. Фота: Reform.by.

Адрозненне «Празаічнай Эды», складзенай беларускім перакладчыкам, у тым, што акрамя чатырох класічных раздзелаў яна змяшчае і два некананічныя: «Тулы імёнаў» і «Пералік скальдаў».

У зборніку тлумачацца шматлікія кенінгі (доўгія перафразы, разнастайнасць метафары, уласцівай скальдычнай паэзіі) і хэйці (больш простыя перафразы), прыводзяцца цытаты (каля 350) славутых скальдаў, апісваюцца ўсе вядомыя на той час паэтычныя памеры і іхнія варыяцыі.

— Акрамя таго, што трэба было разабрацца з кенінгамі, хейці, адной з галоўных праблемаў у перакладзе стала праца з шматзначнасцю і з аманіміяй, — пры расповедзе Яўгена Папакуля свет старажытнаскандынаўскай літаратуры становіцца складаней, але і цікавей. — Бо старажытнаісландская мова таму такая паэтычная, што адно слова можа ўбіраць некалькі значэнняў. Напрыклад, сустаў, чалавек, калыска, труна, піва, карабель — можа называцца адным словам. І некаторыя часткі зборніка пабудаваны на гэтай гульні словаў.

Пры вырашэнні гэтай творчай задачы аўтар перакладу звярнуўся да беларускай аманіміі, якая з’яўляецца не менш багатай за скандынаўскую.

«Бараном называюць самца авечкі. А яшчэ так называюць вялікі човен і дурня. Баранчыкі — не толькі ягняты, але і хвалі на вадзе, — зачытае ўрывак перакладчык. — Вада — таксама дваякая. Гэта рэкі, азёры і моры. А яшчэ вадою могуць называць бязглудзіцу. Падобныя словы людзі часта ўжываюць, каб зрабіць значэнне прыхаваным, і гэта называецца двухсэнсоўнасцю».

І яшчэ адна цікавая дэталь, якая высветлілася падчас перакладу старажытных літаратурных шэдэўраў.

Яўген Папакуль знайшоў у творах скандынаўскага эпасу ХІІІ стагоддзя згадкі пра Беларусь.

Так, Сноры Стурлусан, выдумваючы кенінг (паэтычную фігуру — Reform.by) пра карабель, піша пра «зубра палубы». Гэтаксама ў некананічным раздзеле «Празаічнай Эды» «Тулы імёнаў» ёсць назвы рэк — Дзвіна і Дняпро. Ды гэтаксама ўзнікае ў творы тэрмін Гардарыкі — так называлі з ХІІ стагоддзя тэрыторыю сучаснай Беларусі, часткова Украіны і Заходняй Расіі.

— Таму пра нас ведалі, ведалі, што зубры тут носяцца, і гэта было прыемна высветліць, — рэзюмуе перакладчык.

У планах Яўгена Папакуля — пераклад другой часткі «Паэтычнай Эды» — «Песні пра герояў». Такім чынам, серыя перакладаў старажытнаскандынаўскай літаратуры будзе складацца з трох кніг.

Сёння ж выданні «Эда. Песні пра багоў» і «Эда Сноры Стурлусана» можна знайсці ў кнігарнях Мінска і на сайце выдавецтва.

Reform.by