Творчыя сустрэчы з паэткай Антанінай Хатэнка адбыліся 18 чэрвеня ў Цэнтры пазашкольнага выхавання, у сярэдніх школах №71 і №97 Мінска.
Паэтка адзначыла, што ўжо не ўпершыню мае магчымасць гутарыць з такімі неардынарнымі дзецьмі. “Дзяўчаты, якія складалі большую частку слухачоў у Цэнтры пазашкольнага выхавання, паходзяць з цяжкіх сем’яў. З сем’яў, у якіх не ўсё ў парадку. Цэнтр дае ім магчымасць займацца рамёствамі, вышываннем. Ён дае ім тую атмасферу дома, якой ім бракуе. Але незважаючы на жыццёвыя цяжкасці гэтых дзяўчат, яны з вялікай цікаўнасцю ставяцца да ўсяго, імкнуцца зразумець цяжкасці, з якімі сутыкаюцца, вырашыць канфлікты ў сям’і,” – патлумачыла яна.
Падчас сустрэчы Антаніна Хатэнка гаварыла з дзяўчатамі пра іх псіхалагічныя і жыццёвыя праблемы, адказвала на пытанні, на якія яны самі не маглі знайсці адказу. У выніку сустрэча прыняла форму своеасаблівага псіхалагічнага трэнінгу. Акрамя таго, паэтка распавяла слухачкам пра свята Купалле, патлумачыла значэнне святочных купальскіх абрадаў.
Дзве іншыя сустрэчы ладзіліся для вучняў малодшых класаў школ №71 і №97. “Гэтыя дзеці – прадстаўнікі зусім іншай, новай генерацыі беларусаў. Яны не баяцца рухацца наперад і разбураць стэрэатыпы. Зразумела, іх веды яшчэ фрагментарныя, але яны ўжо маюць свой светапогляд, карціну свету. Яны хутка ўцягваюцца ў размову і ставяцца да ўсяго з вялікай цікаўнасцю,” – падзялілася ўражаннямі Антаніна Хатэнка.
Сустрэчы ладзіліся ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”