У Музеі гісторыі горада Брэста адкрылася выстава французскіх гравюр

21.05.2015 Мастацтва

Музей гісторыі горада Брэста напоўніўся моцным пахам бэзу. Жывыя кветкі ў залах нібы сышлі з малюнкаў XIX стагоддзя. Так стваралася атмасфера выставы французскай гравюры «Шык і рамантыка даўніны».

12 гравюр былі набыты ў мінулым годзе музеем па рэкамендацыі Рамана Дзямідава – супрацоўніка антыкварнай галерэі «Старадаўні інтэр’ер». Кошт калекцыі з’яўляецца камерцыйнай таямніцай.

У XIX стагоддзі гравюры часта выкарыстоўваліся як дадатак да модных выданняў – для распаўсюджвання, як бы сягоння сказалі, тэндэнцый. Да гэтага модную вопратку часам дэманстравалі на васковых ляльках, якія перавозілі з горада ў горад. Распавядаюць, калі васковыя лялькі ў дарагіх туалетах падчас вайны пераадольвалі межы, праціўнікі спынялі баявыя дзеянні. Вядома, перамяшчаць гравюры куды прасцей.

Каб годна прадставіць калекцыю, музей набыў некалькі мальбертаў, астатнія работы былі выстаўлены па-хатняму – на сталах-экспанатах музея. Каштоўнасць калекцыі пацвярджаецца рэкламным радком, які паказвае на яе ўнікальнасць. Без рэкламнага радка каштоўнасць гравюры значна зніжаецца. Модныя тэндэнцыі на малюнках увасоблены ў сцэнках паўсядзённага жыццяі. Маладыя дамы з дзецьмі – тады толькі пачынала зараджацца дзіцячая мода – на катку: шырокая лінія пляча, пышна упрыгожаныя капялюшыкі.

Выстава французскіх гравюр будзе дэманстравацца на працягу месяца.

Таццяна Шаламава, vb.by

Тэгі: