У Менску прайшла першая суcтрэча праекту “Форум-тэатр”

12 кастрычніка з ініцыятывы і пад кіраўніцтвам моладзевай інтэрнэт-супольнасці Moladz.org у рамках агульнабеларускай кампаніі “Будзьма” адбылася сустрэча маладых людзей пад назвай “Форум-тэатр”, прысвечаная праблемам нефармальнай адукацыі.

12 маладых людзей з 10 гадзіны раніцы па 7 вечара пад кіраўніцтвам 2 дасведчых трэнераў прымалі ўдзел у вывучэнні новай формы дадатковай адукацыі, накіраванай на ўсебаковае развіццё асобы праз нетрадыцыйныя адукацыйныя метады.

Заняткі складаліся з дзвюх частак. Першая частка мела форму гульні па развіцці адчуванняў, цягам якой удзельнікі вучыліся выяўляць свае пачуцці рознымі спосабамі, прымалі ролі агрэсара і ахвяры. Другая частка семінара была накіраваная на абмеркаванне  асабістых праблемаў яго ўдзельнікаў і на распрацоўку ўласных сцэнараў па выхадзе з такіх сітуацый. Напрыканцы маладыя людзі ладзілі невялікія спектаклі, дзе кожны глядач мог раптоўна стаць іх непасрэдным удзельнікам, прыняць на сябе ролю актора і змяніць сітуацыю ў тым напрамку, які ён лічыў найбольш аптымальным.

У заключнай частцы сустрэчы арганізатары  “Форум-тэатру” падвялі яго вынікі і падарылі ўдзельнікам кашулькі ад кампаніі “Будзьма”. Арганізатары мерапрыемства засталіся задаволенымі вынікамі сустрэчы. “Форум-тэатр” праходзіў у цёплай абстаноўцы. Усе прысутныя актыўна ўдзельнічалі ў яго правядзенні, атрымалі шмат пазітыўнай энергіі і добры настрой. Мы будзем працягваць ладзіць нашыя семінары,” – адзначыла адна з трэнераў “Форум-тэатру” Надзея Сінкевіч.