16 снежня ў Полацкую цэнтральную бібліятэку пачалі сцягвацца людзі. Публіка дастаткова разнастайная — ад студэнтаў да сталых удзельнікаў мясцовых літаратурных аб’яднанняў і проста аматараў добрай літаратуры. Добра, што сустрэча праходзіла ў канферэнц-зале — месца хапіла ўсім.
Пакуль збіраліся людзі, на экране паказвалі кінасюжэты пра паэтэсу і ролікі, падрыхтаваныя самой Інай Снарскай — яна працуе ў Палтаве на дзяржаўным тэлебачанні.
Іна Снарская нарадзілася і вырасла на Полаччыне. Выйшаўшы замуж, пераехала ў Палтаву. Нягледзячы на тое, што шмат часу ўжо жыве ў іншай краіне, у іншым моўным асяродку, не перастае пісаць вершы на роднай мове. На гэта звярнула ўвагу, адкрываючы сустрэчу, спявачка Таццяна Грыневіч-Матафонава. Яна ж на працягу вечара адказвала за музычныя перапынкі — выконвала беларускія рамансы і іншыя добра вядомыя слухачам творы.
Сустрэча ў межах акцыі “Пяцісотгоднасць” атрымалася вельмі насычанай і імклівай — Іна чытала свае вершы, распавядала гісторыі з жыцця і працы, запрашала сваіх сяброў з Полаччыны выступіць з некалькімі добрымі словамі. Выступоўцы нястомна адзначалі знешнюю і духоўную прыгажосць паэткі — яе светлы вобраз выдатна карэлюецца і з пранікнёнымі і ўзнёслымі вершамі, і з імкненнем як мага часцей завітваць на радзіму.
Сустрэча атрымалася вельмі цёплай і, як кажуць цяпер, — лямпавай.
Кожны слухач атрымаў памятны падарунак ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” – паштоўку з серыі “Не маўчы па-беларуску!”, плакаты “Пяцісотгоднасць”.
Падрабязней https://www.westki.info/artykuly/21595/u-polack-pryehala-ina-snarskaya-pryvezla-sonca-nathnenne-i-svetlyya-vershy
Тэгі: Полацк