6 сакавіка ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча ў межах кампаніі 500-годнасць прайшла “Re:прэзентацыя” кнігі Міхала Бараноўскага Volumen.1.
Кніга пабачыла свет некалькі месяцаў таму і стала для аўтара пэўнай мяжой, на якой можна спыніцца і агледзецца. Паразважаць, ці ўдалася спроба рэпрэзентаваць пабачанае, пачутае і адчутае – на паперы.
Акцыя 500-годнасць стала добрай нагодай пагаварыць пра сваю кнігу ў кантэксце вялікага кніжнага юбілея.
Міхал Бараноўскі, супрацоўнік літаратурага музея, не мог абыйсціся
без пэўных адсылак да знакамітага першадрукара і літаратурнай дзейнасці свайго патрона. Сустрэчу ён распачаў якраз радкамі Максіма Багдановіча:
Скарына, доктар лекарскіх навук,
У доўгай вопратцы на вежы сочыць зоры.
Яны спрыяюць! Час! 3 рухавых рук
Скарыны п’е адвар пан земскі пісар хворы.
І ўраз пабачыў ён, што ізумруд
Ў пярсьцёнку залатым на пальцы штось імгліцца,
Што блеску ў ім німа… І з болем тут
Ён зразумеў, што ўжо к жыццю не вараціцца.
Але ў гэты вечар ад хвароб лекаваліся не адварамі, а выключна вершамі ды песнямі.
Аўтар чытаў свае ўласныя творы, час ад часу каментуючы некаторыя месцы і згадваючы іншых аўтараў, творчасць якіх ў той ці іншай ступені паўплывала на фарміраванне яго эстэтыкі, альбо ў выглядзе алюзій знайшла сабе месца пад вокладкай “Volumen.1”
Анатоль Сыс, Уладзімір Караткевіч, Антон-Францішак Брыль, Андрэй Адамовіч, Алесь Наўроцкі, Міхал Анемпадыстаў і яго “Народны альбом” – гэта толькі невялікая частка рэкамендаваных да прачытання паэтаў, агучаных на імпрэзе.
Самыя ўважлівыя наведвальнікі мелі магчымасць атрымаць прызы ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” і Саюза беларускіх пісьменнікаў.