У Наваполацку — pARTisan’ы

Сустрэча з рэдакцыяй альманаху сучаснай беларускай культуры “pARTisan” ладзілася ў Наваполацкай бібліятэцы імя Якуба Коласа 10 лютага. Перад шматлікай зацікаўленай аўдыторыяй выступілі стваральнікі і аўтары часопіса Артур Клінаў (галоўны рэдактар), Максім Жбанкоў (рэдактар), Севярын Квяткоўскі і Алесь Анціпенка (аўтары). Прэзэнтацыя новага нумара альманаху вылілася ў вострую дыскусію на тэмы актуальнага мастацтва ў Беларусі.

Максім Жбанкоў распавёў пра агульную канцэпцыю праекту. “pARTisan” быў запачаткаваны ў 2002 годзе, каб прадстаўляць актуальнае беларускае мастацтва за межамі краіны, але з цягам часу ператварыўся ў культурніцкі альманах, сярод тэмаў якога — не толькі сучаснае мастацтва, але і найноўшыя інтэлектуальныя плыні.

Артур Клінаў прадставіў новую серыю мастацкіх альбомаў “Калекцыя пАРТызана”. Тут упершыню ў краіне робіцца спроба сістэматызаваць і паказаць лепшае з дасягненняў беларускага актуальнага мастацтва за апошняе дзесяцігоддзе.

Алесь Анціпенка распавёў пра кнігу “Невядомая Беларусь” — зборнік эсэ беларускіх інтэлектуалаў.

Севярын Квяткоўскі не толькі выступіў з прамовай як аўтар “pARTisan’у”, але і пазнаёміў прысутных з праектам “Будзьма”, які ўжо цягам чатырох месяцаў дае магчымасць ладзіць як у Мінску, так і на перыферыі творчыя сустрэчы з найбольш цікавымі прадстаўнікамі сучаснай беларускай культуры ў сферы літаратуры, музыкі, культуралогіі. Праект “Будзьма” заклікае жыхароў Беларусі адказаць перш-наперш сабе самім на няпростае насамрэч пытанне — што значыць быць беларусам?

Выдавец Ігар Логвінаў прапанаваў навапалачанам свае апошнія выданні, якія ў большасці выпадкаў не даходзяць да мясцовых кніжных крамаў, нягледзячы на сваю запатрабаванасць і актуальнасць.

Імпрэза арганізаваная наваполацкай філіяй Таварыства беларускай мовы ў межах кампаніі “Будзьма!”

Фотарэпартаж ад makasin.info — частка І

Фотарэпартаж ад makasin.info — частка ІІ

Тэгі: