Беларусы і іранцы: якія паралелі паміж БЧБ і сцягам з ільвом і сонцам?

Беларусы і іранцы маюць розныя гісторыі, але падобныя сімвалы супраціву. BGmedia расказвае пра тое, што аб’ядноўвае дзве дыяспары.

Pratesty

Акрамя даўняга інтарэсу да тэмы, гэты тэкст мяне прымусіла напісаць дыскусія ў інтэрнэце. Я падпісаная на акаўнт дзяўчыны, якая вывучае мовы краін Блізкага Усходу, у тым ліку персідскую. У каментарах ёй падзякавалі людзі з Ірана і распавялі, што часта пазбягаюць кантэнту пра сваю мову, бо ў тэматычных відэа замежнікі без ведання выкарыстоўваюць афіцыйны сцяг Ірана замест сцяга з львом і мечам. Усё ж гэтая тэма баліць не толькі беларусам. Але і ўсім тым народам, што жывуць у моцна палярызаваных грамадствах.

Здавалася б, што можа аб’ядноўваць дзве нацыі з рознымі гісторыямі, што рэдка перасякаліся паміж сабой? Стаўленне дыяспараў да дзяржаўнай сімволікі.

Не зважаючы на існуючы раскол у поглядах іранскай дыяспары на розныя пытанні, у тым ліку і на сімволіку, пэўная частка яе не прымае афіцыйны сцяг краіны, што падобна да беларусаў. Калі ў беларускай дыяспары замест афіцыйнага сцяга ёсць бел-чырвона-белы сцяг — сімвал першай незалежнасці 1918 года, то ў іранцаў — зялёна-бела-чырвоны трыкалор з львом, мечам і сонцам у цэнтры, які быў сімвалам дынастыі Пахлаві, што кіравала краінай з 1925 па 1979 гады (да рэвалюцыі, што зрынула шаха). Як у выпадку з бела-чырвона-белым сцягам, што з’явіўся да беларускай ССР, так і сцяг з ільвом прабыў да з’яўлення аўтарытарнай ўлады. Беларусы з БЧБ сцягам не жадаюць асацыявацца з савецкім мінулым, а іранцы аддзяляюць сябе ад ісламскага рэжыму з дапамогай дарэвалюцыйнага сцяга.

Іранцы часта ўздымаюць ільва з сонцам на розных мітынгах за мяжой. На антыўрадавых пратэстах, на акцыях у падтрымку палітзняволеных, часам на дэманстрацыях у падтрымку Ізраіля.

iran-protest-flag.pngМужчына са сцягам з ільвом і сонцам на плячах падчас акцыі салідарнасці з Іранам у Цюрыху (Швейцарыя), 2023 г.. Фота: Keystone/Michael Buholzer

Чаму менавіта гэты сымбаль, а не афіцыйны? Для прыхільнікаў сцяга з ільвом ягоная сувязь з гістарычным Іранам грае важную ролю. І ў беларусаў, і ў іранцаў гэтыя сцягі змяшчаюць эстэтыку, што спасылае да «былой велічы», так і старых нацыянальных мітаў, якія не маюць цяперашнія афіцыйныя сцягі.

Гісторык Афсанех Наджмабадзі апісвае сімвал ільва з сонцам як унікальнае спалучэнне «зараастрыйскіх, яўрэйскіх, шыіцкіх, турэцкіх і персідскіх сімвалаў... згушчэнне, якое стварыла з яго наймагутнейшую нацыянальную эмблему». Хоць паходжанне бела-чырвона-белага сцяга мае процьму версій, варта ўзгадаць некалькі з іх, дзе белы і чырвоны колеры гэта адначасова і хрысціянскія колеры, так і колеры чысціні і доблесці (паводле Міхася Ткачова).

Выкарыстанне дзяржаўнай сімволікі беларусамі ці іранцамі часта разглядаецца як падтрымка аўтарытарнага рэжыму. Дара Кондуіт, выкладчыца паліталогіі ў Мельбурнскім універсітэце, тлумачыць: «Сцяг Ірана сапраўды мае палітычнае значэнне, і таму... калі б вы ўзнялі цяперашні сцяг Ірана, вас, магчыма, маглі б інтэрпрэтаваць як прыхільніка іранскага рэжыму». Хоць іранскі афіцыйны сцяг часта можна сустрэць на мітынгах за мяжой супраць палітыкі Ізраілю, але на антыўрадавых пратэстах застаецца сцяг з ільвом, што робіць яго сімвалам нацыяльнага супраціву, як у выпадку з бела-чырвона-белым сцягам.

БЧБ у Беларусі і дарэвалюцыйны сцяг Ірана часта ўспрымаюцца за мяжой не як народныя, а як палітычныя сімвалы. Калі беларусаў з бела-чырвона-белым сцягам могуць не дапусціць на футбольныя матчы, то іранскім фанатам з дарэвалюцыйным сцягам таксама забараняюць наведваць гульні — як гэта адбылося ў 2022 годзе падчас матчу Ірана супраць Англіі.

Нягледзячы на розныя гістарычныя кантэксты, досвед дыяспар Беларусі і Ірана ў многім супадае: яны знаходзяць магчымасць знайсці «сваіх» сярод чужых паводле каштоўнасцяў і палітычнай ідэнтычнасці.