Ініцыятыва Maldzis адзначае першы год і робіць гэта гучна — Фестывалем

Фестываль пройдзе ў Варшаве 7 верасня! Вас чакаюць рэдкія гістарычныя артэфакты, панэльныя дыскусіі, яскравыя выступы і жывая музыка. 

Maldzis

Пачатак 7 верасня а 12:00 у Музеі вольнай Беларусі. Пляцоўка будзе падзеленая на некалькі зон з рознымі праграмамі.

У выставачнай зале вы пабачыце гістарычныя артэфакты, якія ініцыятыва здабыла дзякуючы беларускім мецэнатам: Трэці Статут ВКЛ, Радзівілаўская карта ВКЛ і Карта ВКЛ Яна Няпрэцкага, «Жазло кіравання» Сімяона Полацкага і франкамоўнае выданне «Вялікае майстэрства артылерыі» Казіміра Семяновіча.

Maldzis

«У дыскусійнай зале мы паразмаўляем пра беларускасць у 2025 годзе, пазнаёмімся з актыўнасцямі выпускнікоў Летняй школы Мальдзіса і паслухаем музыку. Калі надвор’е дазволіць, частка актыўнасцяў пройдзе на ўнутраным дворыку Музея», — адзначаюць стваральнікі ініцыятывы.

Праграма

12:00 — 12:15 — Адкрыццё фестывалю

12:15 — 13:15 — Дыскусія «Каму цікава і нецікава беларускасць сёння?»

Абмяркуем, якой беларускасці хоча грамадства, чаму беларушчына не захапіла масы і як гэта можна змяніць.

Выступоўцы: Рыгор Астапеня, Павел Данэйка, Наста Роўда, Сяргей Будкін

Мадэратарка: Леся Руднік

13:15 — 13:30 — Перапынак у дыскусійнай зале і экскурсія ў выставачнай

13:30 — 15:00 — Актыўнасці выпускнікоў Летняй школы Мальдзіса

Падрабязнасці апублікуем перад самім фестывалем.

Мадэратарка: Дар’я Рублеўская

15:00 — 15:15 — Перапынак у дыскусійнай зале і экскурсія ў выставачнай

15:15 — 16:15 — Серыя кароткіх выступаў

• Аляксандр Чарнуха: Што робіць музыку беларускай? Мова, кантэкст, пазіцыя?
• Цімох Акудовіч: Ці можа «Кніжны магістрат» змяніць беларускае кнігавыдавецтва?
• Павел Мацукевіч: Навошта займацца вяртаннем спадчыны?

Мадэратар: Рыгор Астапеня

Maldzis

16:15 — 16:30 — Перапынак у дыскусійнай зале і экскурсія ў выставачнай

16:30 — 17:15 — Размова пра беларускую ідэнтычнасць са Святланай Курс
Святлана падзеліцца сваімі разважаннямі пра вёску, ідэнтычнасць і сучасныя выклікі беларускай саматоеснасці.

Мадэратар: Аляксандр Івулін

17:15 — 17:30 — Перапынак у дыскусійнай зале і экскурсія ў выставачнай

17:30 — 18:00 — Музычнае завяршэнне Фестывалю, выступ гурта Nochy

18:00 — Завяршальнае слова

Рэгістрацыя па спасылцы.

Ініцыятыва атрымала назву ў гонар Адама Мальдзіса, які шукаў і вяртаў з забыцця страчаныя беларускія каштоўнасці і імёны. MALDZIS працягвае гэтую справу і бачыць сваю місію ў аб’яднанні беларусаў вакол нацыянальнай ідэнтычнасці і ўмацаванні вобраза еўрапейскай нацыі.