Першы гістарычны музычна-тэатралізаваны квэст “Дванаццаць апосталаў” адбудзецца 26 верасня ў Нясвіжы, у палацы Радзівілаў – былой рэзідэнцыі магутнага роду, паведамілі БелТА арганізатары мерапрыемства.
Удзельнікі квэста будуць шукаць сведчанні радзівілаўскіх скарбаў: пабываюць на маршруце, звычайна закрытым для турыстычных груп – у падвалах палаца, на вежы, у таемных пакоях, сустрэнуць былых гаспадароў гэтага помніка архітэктуры і паспрабуюць знайсці інфармацыю аб апосталах. “Квэст стане новым альтэрнатыўным шляхам пазнавання гісторыі роду Радзівілаў і нашай краіны ў надзвычай захапляльнай форме”, – лічаць аўтары ідэі.
Упершыню ў Беларусі менавіта Нясвіжскі палац адкрыў дзверы для эксперыменту такога роду. Арганізатары спадзяюцца, што квэст будзе праходзіць у палацы на пастаяннай аснове і стане альтэрнатывай звычайнаму наведванню музея турыстамі. “Чалавек, выконваючы заданні і пераходзячы на новыя ўзроўні гульні, сам будзе знаходзіць інфармацыю пра Нясвіж, пра род Радзівілаў, гісторыю і таямніцы палацавага комплексу. Падобнымі праектамі мы закладзем новую традыцыю наведвання музея і ў выніку гэта прынясе палацу новы імідж, прыцягне больш турыстаў” , – адзначылі яны.