Незвычайны арт-праект рэалізаваны ў Полацку. На праспекце Скарыны выхаванцы “Летняй творчай майстэрні” Полацкай дзіцячай мастацкай школы ўпрыгожылі дрэвы арнаментамі.
Варта адзначыць, што анонс падзеі атрымаў розгалас у сродках масавай інфармацыі, прычым у некаторых паведамленнях гаворка ішла пра традыцыйны беларускі арнамент. Дырэктар мастацкай школы Наталля Анцімонава абвергла гэтыя звесткі: “Мы ад пачатку не мелі такой задачы, мерапрыемства праводзілася ў межах “Летняй творчай масйстэрні” — праекту, які ладзіцца ў нас ужо трэці год запар з мэтай пазнаёміць дзяцей з асновамі графічнага мастацтва”. “Майстэрня” праводзілася на працягу тыдня, у ёй прынялі ўдзел амаль тры дзясяткі юнакоў і дзяўчат з Полацка, Віцебска, Браслава і нават нямецкага горада Нінбурга.
Дрэвы на праспекце Скарыны ўпрыгожвалі ў апошні дзень праекту, 7 ліпеня. Усяго расфарбавалі 10 дрэваў. Папярэднічалі роспісу невялікі інструктаж, які правялі выкладчыкі мастацкай школы, а таксама стварэнне юнымі мастакамі эскізаў на паперы. Узоры былі нанесены на садовую пабелку. Выкарыстоўваліся фарбы, якія не шкодзяць драўніне. Да роспісу дрэваў далучаліся і дзеткі, якія гулялі па праспекце з бацькамі.
Тэгі: Полацк