Улады Літвы занепакоены праявамі літвінізму з боку беларускай дыяспары ў краіне. З нагоды праблемы, якая, на думку прадстаўнікоў некаторых дзяржаўных структур, можа пагражаць бяспецы Літвы, у Сейме Літоўскай Рэспублікі быў праведзены адмысловы круглы стол «Літвінізм»: Паходжанне, уплыў і выклікі для адносін паміж беларусамі і літоўцамі«. Вынікі сціплыя: літвінізм даволі няўлоўны, вырашана працягваць дыялог гісторыкаў.
Круглы стол у Сейме «Літвінізм»: Паходжанне, уплыў і выклікі для адносін паміж беларусамі і літоўцамі»
Адкрываючы паседжанне круглага стала ў Сейме Літоўскай Рэспублікі 2 кастрычніка, доктар Раймундас Лапата, старшыня Камітэту будучыні Сейму зазначыў, што ў апошні час у публічнай прасторы Літвы заўважная занепакоенасць «усё больш частымі праявамі літвінізму». На думку Раймундаса Лапаты, гэтыя выпадкі і праблема літвінізму ўвогуле патрабуюць уважлівага разгляду для выпрацоўкі адказаў. Паводле Лапаты, прэтэнзіі прадстаўнікоў ідэалогіі літвінізму непакояць літоўскія ўлады і грамадства, нават «Пагоня» на яшчэ не зробленым пашпарце Новай Беларусі павінна быць разгледжана менавіта з пункту гледжання небяспекі літвінізму.
Пра якія «праявы літвінізму» ідзе гаворка
Перш чым перайсці да ўласна дыскусіі ў Сейме, варта прыгадаць, пра якія менавіта «ўсё больш частыя праявы літвінізму» з боку беларусаў у Літве вядзецца гаворка.
Першая ластаўка так званых літвіністаў была запушчаная ў публічную прастору ў гадавіну беларускіх пратэстаў. 9 жніўня на партале DELFI з’явілася зацемка пра спрэчку п’янага беларуса ў віленскім бары з літоўскім ваенным у запасе і відэаролік. П’яны, які назваўся беларусам, сцвярджаў, што Вільня належыць беларусам, а літоўцы насамрэч — гэта жамойты, якія скралі назву краіны і народа.
Адзін відэаролік, другіх сведчанняў «усё больш частых праяў літвінізму», прынамсі, відэасведчанняў — знайсці не ўдалося, пры гэтым часта вядзецца пра відэа такіх праяў у множным ліку.
Неўзабаве гісторыя ў бары атрымала шырокі розгалас. Даволі хутка на гэты конт выказаўся старшыня Камітэту па нацыянальнай бяспецы і абароне Літвы Лаўрынас Кашчунас, які заявіў, што беларуская апазіцыя ў Літве мусіць занепакоіцца ўсё больш заўважнымі «праявамі літвінізму». На яго думку, недапушчальна выказваць прэтэнзіі на гістарычную спадчыну Вільні і Літвы.
Сваю заяву зрабіў і Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі Літвы. Паводле ДДБ, літвінізм — гэта радыкальны накірунак беларускага нацыяналізму, які адмаўляе балцкае паходжанне Вялікага Княства Літоўскага і княскіх дынастый, які сумняецца ў прыналежнасці значнай тэрыторыі разам з Вільняй да Літоўскай Рэспублікі. Пры гэтым ДДБ не бачыць на гэты момант пагрозы ад прыхільнікаў літвінізму, але «некаторыя інцыдэнты ці выказванні прыхільнікаў ідэалогіі ў сацыяльных сетках выклікалі рэзананс ў літоўскай інфармацыйнай прасторы і стымулявалі дыскусіі наконт рызык, звязаных з гэтым відам дзейнасці».
У якасці аргумента на карысць сцверджанняў пра актывізацыю радыкальнага літвінізму прыводзяцца пасты ў сацыяльных сетках і на інтэрнэт-форумах.
Галоўныя аргументы бакоў дыскусіі
Прапануем азнаёміцца з ключавымі выступамі і найбольш заўважнымі аргументамі бакоў дыскусіі.
Доктар Раймундас Лапата лічыць, што актывізацыя радыкальных літвіністаў можа быць звязана з пракрамлёўскімі сіламі ў Беларусі. Так, «словы Лукашэнкі, што ВКЛ — гэта беларуская дзяржава, могуць пацвярджаць, што гэты дзяржаўны наратыў супадае з радыкальнай версіяй літвінізму». «І што з гэтым рабіць? Як мы можам усе (літоўцы) сябе адчуваць, ведаючы, што шматлікая частка беларускага грамадства ёсць прарасейскай? Для гэтай часткі ВКЛ нічога не значыць. Для іх крытычнай ёсць Вялікая Айчынная вайна і г.д. І аддаць гэтай частцы права скарыстоўваць наш герб было б дзіўным. І насамрэч вызначаны наратыў супадае не толькі з наратывам Зянонам Пазняка (сёлета ў сакавіку Зянон Пазняк назваў Вільню беларускім горадам — budzma.org), але і з «рускім мірам». Таму мы павінны вывучыць геапалітычныя кантэксты і ўлічваць, канечне, вайну Расеі супраць Украіны», — сказаў палітык.
Раймундас Лапата
У сваім відэазвароце да ўдзельнікаў круглага стала лідар беларускай дэмакратычнай апазіцыі Святлана Ціханоўская сказала: «Сёння беларускі народ не мае лепшага сябра, чым Літва. (...) Беларусы ніколі не забудуць вашай дапамогі, якую вы прадаставілі нам пасля 2020 года. Літва выратавала тысячы беларусаў, якія беглі ад таго жаху, якога краіна не бачыла са сталінскіх часоў».
Відэа і выказванні ў інтэрнэце, якія паслужылі ўзнікненню сітуацыі з нібыта пагрозай ад літвінізму, яна назвала правакацыямі невядомых: «Наша агульная пазіцыя: мы не мелі і ніколі не будзем мець тэрытарыяльных прэтэнзій да Літвы. Літоўская дзяржава і літоўская тэрыторыя належаць толькі літоўцам. Аніякіх пытанняў тут не ўзнікае. (...) Не сумняюся, што мэта гэтых правакацый — падарваць давер літоўцаў да беларусаў, да нашага сяброўства. Яны стараюцца нас падзяліць, каб беларусы паддаліся ўплыву «русского мира». (...) Мы разумеем занепакоенасць літоўцаў наконт сваёй бяспекі. Агентам Лукашэнкі няма месца ні ў Літве, ні ў ЕС. Іх трэба дэпартаваць, мы гатовыя дапамагчы літоўскім органам іх ідэнтыфікаваць. (...) Чым мацней будзе наша сяброўства, тым горш будзе нашаму агульнаму ворагу — расейскаму імперыялізму».
Доктар Альфрэдас Бумблаўскас
Доктар Альфрэдас Бумблаўскас з гістарычнага факультэта Віленскага ўніверсітэта заўважае, што непаразуменні палягаюць у «праве беларусаў на гісторыю ВКЛ, у пытанні ВКЛ — гэта літоўская дзяржава ці беларуская дзяржава, ці літоўская і беларуская дзяржава?». «Нам трэба нанова перачытаць і гісторыю Вільні, і гісторыю ВКЛ познюю, якая, трэба прызнаць — мала літоўская, і ў Метрыцы Літвы няма літоўскіх словаў, гэта трэба таксама прызнаць. Таму літоўцам трэба вывучыць шмат урокаў, і літоўцы гэтага не ўмеюць пакуль рабіць. (...) З іншага боку, беларусы чамусьці ігнаруюць працы польскага гісторыка Ежы Ахманьскага, які вызначаў межы ВКЛ. (...) Магу параіць беларусам таксама добра вывучыць гісторыю Жэмайціі, тое, як беларусы трактуюць гэтую гісторыю, прабачце мяне, нічога не варта. Трэба гаварыць і пра жэмайційскі фактар у гісторыі ВКЛ і гісторыі Вільні», — кажа літоўскі гісторык.
Што такое літвінізм? Разнастайна і неакрэслена
Дырэктар Інстытута «Палітычная сфера», доктар Андрэй Казакевіч зазначае, што «сам тэрмін «літвінізм» выкарыстоўваецца вельмі часта ў палітычных дыскусіях і прадстаўляецца нейкім цэлым рухам, нейкай сукупнасцю ідэй і нават філасофіяй — хаця гэта зусім не так».
«Таксама выкарыстоўваюцца розныя вызначэнні літвінізму. Гаворыцца, што гэта разнавіднасць беларускага нацыяналізму, часам гаворыцца нават пра шавінізм і фашызм. (...) Тэрмін вельмі размыты. Сам феномен літвінізму ў беларускім гісторыка-культурным кантэксце мае вельмі розныя значэнні. Гэта і цікавасць да традыцый польскамоўнай шляхты 19-га і пачатку 20-га стагоддзяў — Міцкевіч, Сыракомля, Скірмунты. Гэта і проста цікавасць да спадчыны ВКЛ і РП. Таксама літвінізмам называецца прыхільнасць да ідэі палітычнага адзінства зямель ВКЛ і РП. Больш за тое, ёсць літвіны, якія займаюцца перадусім крытыкай менавіта беларускага нацыянальнага наратыву, лічаць, што ён занадта рускі ці савецкі, гавораць, што яны не ёсць часткай беларускай нацыі. Сам па сабе літвінізм сёння ў беларускім кантэксце — гэта вельмі неаднастайны набор ідэй, нейкіх палітычных і культурных зместаў, і гэта выклікае шмат блытаніны і непаразумення ў дыскусіях паміж беларусамі і літоўцамі. Варта дадаць, што калі мы возьмем прарасейскія наратывы ў Беларусі, то там літвінізм лічаць спробай разбурыць "агульнарускую гістарычную і культурную спадчыну трыадзінага рускага народу"», — сказаў гісторык.
Андрэй Казакевіч
На думку Андрэя Казакевіча, зараз для беларускіх і літоўскіх гісторыкаў у межах дыскусіі «было б варта вызначыцца, што ж усё-такі маецца на ўвазе пад літвінізмам і ў чым праблема для літоўскай нацыянальнай ідэнтычнасці ў кантэксце таго, як беларусы ставяцца да ВКЛ?» На жаль, падкрэслівае беларускі гісторык і палітолаг, «зараз яснага вызначэння для літвінізму мы не маем, хаця зразумела, што цэнтральным паняткам тут ёсць паходжанне ВКЛ, то бок наратывы, што менавіта беларусы стварылі ВКЛ». І шырокая трактоўка тэрміну вядзе да шматлікіх дадатковых непаразуменняў, зазначае Андрэй Казакевіч.
Гісторык прапанаваў «разабрацца з дакладным вызначэннем і назвай праблемы», а таксама «падумаць над стварэннем камісіі ці пляцоўкі для камунікацыі паміж беларускімі і літоўскімі гісторыкамі, інтэлектуаламі, каб гэтыя праблемы абмяркоўваць». Пры гэтым ён падкрэсліў, што «калі мы будзем разумець літвінізм у вузкім значэнні — менавіта як адмаўленне літоўскай прыроды пачатку ВКЛ, то мы не знойдзем сярод беларускіх аўтараў ніводнага, хто б прытрымліваўся такой ідэі».
Доктар Альвідас Нікжэнтайціс, дырэктар Інстытута гісторыі Літвы: «Тэрмін літвінізм — не толькі літоўскі ці беларускі феномен, мы павінны памятаць і пра палякаў. Літвінізм — гэта наступствы агульнай гісторыі, калі нягледзячы на этнічна розную прыналежнасць людзей, яны сябе палітычна характарызавалі як літвінаў, тут самы лепшы прыклад — гэта дамова 1514 года, якую падпісалі русіны ВКЛ і ў прэамбуле якой прама гаворыцца: «Мы, літоўцы...». (...) Літвінізм у свой час вельмі моцна абмяркоўваўся паміж літоўцамі і палякамі, у выніку было зафіксавана, што па сутнасці літвінізм памёр у міжваенны час, і апошнім прыхільнікам літвінізму быў Юзэф Пілсудскі. Але, як бачым, традыцыя літвінізму адрадзілася па ініцыятыве беларусаў».
Пры гэтым літоўскі гісторык падкрэсліў, што не адчувае небяспекі для Літвы, называе літвінізм ідэалогіяй БНФ у 90-х, якая павінна была падкрэсліць рознасць гісторыі Беларусі з гісторыя Расіі, антылукашэнкаўскай ідэалогіяй.
«Літвінізм быў нішавай з’явай, але чаму зараз стаў бачным — Літва невялікая дзяржава, а ў Вільні зараз шмат беларусаў. (...) Я зараз, шчыра кажучы, не бачу ніякай небяспекі (для Літвы) з боку ідэалогіі літвінізму. Не бачу», — сказаў ён.
«Мы не можам успрымаць гэта як рэальную пагрозу»
Пра тое, што літвінізм «мае антырасейскі характар і імкнецца даказваць тое, што гісторыя Беларусі — не расейская гісторыя, што гэта частка еўрапейскай гісторыі і што беларусы — еўрапейскі народ», — сказаў і беларускі гісторык, намеснік галоўнага рэдактара часопіса «Наша гісторыя» Аляксандр Пашкевіч.
Алесь Пашкевіч
«Літвінізм набывае розныя формы. Калі гаварыць пра той літвінізм, які выклікае занепакоенасць у літоўцаў, то гэта варыянт вельмі характэрны для постсавецкай прасторы — гэта тое, што называецца folk history, стварэнне квазігістарычных прац, якія прэзентуюць самі сябе як навуковыя, хаця насамрэч там набор антынавуковых пастулатаў, але папулярных, дасяжных і г.д., — зазначыў Аляксандр Пашкевіч. — Для нас, канечне, вельмі дзіўна, што нейкі персанальны канфлікт у бары стаў нагодай для такой хвалі занепакоенасці ў літоўскім грамадстве, калі літвінізм раптам стаў актуальнай праблемай. (...)
Мы не можам успрымаць гэта як рэальную пагрозу, лічым, што ў Літве гэта гіпертрафіруецца. Невядома з якімі мэтамі, можа быць, несвядома, а можа і з пэўнымі мэтамі. Але, як казала Ціханоўская, літвінізм сёння займае ў беларускім нацыянальным руху абсалютна маргінальныя і неарганізаваныя формы. Не большасць, не мэйнстрым, а балбатня. Гэты літвінізм нават у будучыні не зможа вырасці ў нешта сур’ёзнае».
Дацэнт гістарычнага факультэта Віленскага ўніверсітэта Грыгорыюс Паташанка заўважыў, што ў шырокім сэнсе літвінізм выступае «формай беларускага гістарычнага наратыву», «неабходна пагадзіцца з тым, што ў нас агульная гісторыя, а наконт прапорцый можна дыскутаваць». Ён разглядае два варыянты літвінізму: умераны — гэта калі вядзецца пра тое, што «русіны складаюць значную частку ВКЛ і само ВКЛ з’яўляецца важнай часткай развіцця беларускага народа»; скрайні — калі вядзецца пра тое, што беларусы сталі галоўнымі стваральнікамі ВКЛ і «прэтэндуюць на асноўныя сімвалы і спадчыну ВКЛ».
Дацэнт гістарычнага факультэта Віленскага ўніверсітэта Грыгорыюс Паташанка
Доктар Павел Церашковіч, беларускі гісторык, спецыяліст па нацыянальных рухах 19-20 стагоддзяў закрануў праблему метадалогіі: «Мне падаецца, мы ўсе робім адну і тую ж памылку, мы ўспрымаем ВКЛ як нацыянальную дзяржаву. Чым далей чалавек ад навукі, тым больш ахвотна такі погляд успрымаецца. Але гэта не так. Ідэнтычнасць у сярэднявечных дзяржавах будавалася абсалютна па-іншаму. Людзі ідэнтыфікавалі сябе перадусім у сістэме сваяцкіх стасункаў. Першыя хронікі ВКЛ будаваліся перадусім як генеалогіі вялікіх князёў літоўскіх.
Другі ўзровень ідэнтыфікацыі — гэта прывязка чалавека да нейкай лакальнай супольнасці. Сам тэрмін літвінізм — наколькі штучны ці натуральны? У ВКЛ 16-17 стагоддзяў галоўнай формай ідэнтычнасці беларусаў была ідэнтычнасць лакальная, прывязаная да канкрэтнай сельскай абшчыны. Больш высокі ўзровень — прывязанасць да пэўнай гарадской акругі. Акрамя таго, Беларусь была падзеленая на тры рэгіёны. Усходняя — Беларусь, поўдзень — Палессе, Паўночны Захад — гістарычная Літва. У дакументах сустракаюцца такія самавызначэнні як беларусцы, як палешукі і як літвіны. Акрамя гэтага, атаясамленне сябе з літвінамі існавала як атаясамленне з дзяржавай — і гэта быў так званы палітонім».
Беларускі гісторык Павел Церашковіч
Паводле Паўла Церашковіча, «сёння няма арганізаванай палітычнай сілы, якая б вызначала сябе як літвінізм, няма і арганізаванай палітычнай сілы, якая б ставіла пытанні аб пераглядзе межаў і так далей». «Гэта тая сфера, дзе актыўна спрабуюць дзейнічаць спецслужбы Расіі і Беларусі. Спадзяюся, наш дыялог дапаможа зразумець гэтую праблему», — лічыць Павел Церашковіч.
Працяг, напэўна, будзе
Напрыканцы пасяджэння доктар Андрэй Казакевіч, так бы мовіць, падсумаваў вынікі: «Літвінізм — тэрмін, які значыць усё і не азначае нічога. І зразумець, дзе літвінізм, а дзе не літвінізм у беларускай гістарыяграфіі становіцца рашучым чынам немагчыма. Калі яго выкарыстоўваць, то давайце вызначаць яго дакладна — што маецца на ўвазе пад літвінізмам? Падаецца, што ў Літве выбудоўваецца нейкі герметычны вобраз гэтага панятку, які вельмі мала суадносіцца з рэальнасцю ў беларускай культурніцкай і гістарычнай прасторы. Часам у літвінізм уключаюць усё, што тычыцца беларусаў у гісторыі ВКЛ. Давайце абазначым праблемы».
Доктар Альфрэдас Бумблаўскас у адказ: «Калі гэта так, як кажа Андрэй, то навошта мы сабраліся? Значыць, няма праблемы? Але праблема ёсць. (...) Літоўцы не ўсе зрабілі хатняе заданне, як і беларусы не зрабілі хатняе заданне, бо не ўсе літоўцы ведаюць гісторыю Беларусі, таксама як і беларусы не ведаюць усе моманты літоўскай гісторыі. Для літоўцаў шмат што новае (прагучала). У такім настроі мы можам супакоіць грамадства — што не трэба падымаць паніку, што гэта паніка ўвогуле невядома адкуль з’явілася. Нам трэба працягваць такія дыялогі і каб гэта стала псіхатэрапеўтычным інструментам. Але размаўляць трэба».
Рыгор Сапежынскі, budzma.org