1 сакавіка ў мінскай кнігарні «ЛогвінаЎ» адбылася прэзентацыя празаічнай кнігі пісьменніка і дзеяслоўца Анатоля Івашчанкі «Анаталогія» з удзелам сяброў, калег і прыхільнікаў аўтара. Сустрэча прайшла ў межах грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!”
Паэт і празаік, літаратуразнаўца, адказны сакратар часопіса “Дзеяслоў” Анатоль Івашчанка, які быў вядоўцам вечарыны, не дэкламаваў тэкстаў з кнігі “Анаталогія”, пакінуўшы чытачам мажлівасць прачытаць іх непасрэдна ў зборніку.
Анатоль Івашчанка
Барыс Пятровіч
Заміж гэтага аўтар выконваў песні пад гітару (рэпертуар складаўся як з аўтарскіх песень, так і з перакладаў на беларускую мову рок-выканаўцаў Барыса Грэбеншчыкова, Віктара Цоя, Умкі ды іншых герояў праекта Дзеяслоўскай рок-анталогіі) і запрашаў узяць слова сваіх сяброў і старэйшых калег.
Алесь Пашкевіч
Адмысловую ролю ў станаўленні Анатоля як творцы адыграла праца ў ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” і часопісе “Дзеяслоў”. З вялікай цеплынёй пра спадара Івашчанку і яго кнігу выказаліся Старшыня ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”, галоўны рэдактар “Дзеяслова” Барыс Пятровіч і першы намеснік Старшыні СБП, літаратар Алесь Пашкевіч.
Калі ў сваіх выступах пісьменнікі Наталка Бабіна і Уладзімір Сіўчыкаў больш засяродзіліся на сяброўстве з Анатолем, на ўражаннях ад яго асобы як прыемнага чалавека і добрага сем’яніна (у Івашчанкаў трое дзетак), то Сяргей Дубавец закцэнтаваўся на кнізе “Анаталогія”.
На меркаванне спадара Сяргея, кніга сама па сабе размаітая, у яе ўвайшло ўсё, што было напісана аўтарам — апавяданні, запісы, замалёўкі, эсэ, — і з гэтага можна прасачыць шлях героя ад школьных і студэнцкіх гадоў да сталасці і ўваходжання ў дарослае жыццё, але не паўсюль адчуваецца цэласнасць.
“Аўтар толькі шукае сябе ў прозе, і хочацца, каб ён праяўляў сябе і надалей, агаляючы ў творах драматызм жыцця і паказваючы сапраўды тое, што яго чапляе за жывое, хвалюе, як у апавяданнях “Сын палка” і “Апавяшчальнік””, – адзначыў спадар Дубавец.
Алесь Пашкевіч, Уладзімір Сіўчыкаў, Алесь Камоцкі
Спявае Анатоль Івашчанка
Наталка Бабіна
Сяргей Дубавец
Уладзімір Сіўчыкаў
Арцём Сітнікаў
Арцём Сітнікаў і Багдана Куталоўская
Музыканты Арцём Сітнікаў і Багдана Куталоўская адыгралі сэт, цягам якога прагучалі песні Боба Дылана, Барыса Грэбеншчыкова ў перакладзе на беларускую мову.
Аўтограф ад Анатоля Івашчанкі
Завяршыўся вечар аўтограф-сесіяй Анатоля Івашчанкі.
Больш фота на старонцы Саюза беларускіх пісьменнікаў у ФБ
Тэкст і фота: Віка Трэнас, для lit-bel.org