“І ад жаху, а можа, і па волі Божай, які ўсё гэта наслаў, людзі ў той год нядужалі. Нат не піўшы, уставалі ўранні з галавою, як кадоўбец, з рукамі, нібы бяскостнымі. І пацелі ўначы, і ў грудзях іхніх ціснула і раўло, а ў некаторых валасы лезлі. І надзіва мала ў той год нарадзілася дзяцей, можа, таму, што быў голад і пошасць, а можа, па волі Божай, каб не пакутавалі бязвінныя…”
Вашай увазе – супольны праект сайтаў budzma.org і abw.by, экспедыцыя па пошуку беларускіх цмокаў.
Гучыць у салоне VW Tiguan аўдыёкніга Уладзіміра Караткевіча. Пасля Лепельскіх жахаў едзем на Палессе. Менавіта там Радзіма ўсім вядомага Змея Гарыныча — на рацэ Гарынь прайшло яго дзяцінства, малалецтва, юнацтва. Цяпер нашым беларускім цмокам пужаюць усіх расійскіх дзяцей! Пра цмока – чытайце тут. А мы нямецкаю машынай сунемся ў сховішча казачнага змея. У раён, дзе жывуць русалкі, а цмокі рвуць сеткі рыбакам. “Цмок жывы” — пра гэта ўся наскальная творчасць па слонімскай трасе. Экіпаж пераглядаецца і ціха шэпча, нехта ўпотай жагнаецца і з шэптам “ну, па аглаблёвай” — прысёрбвае з флягі. Па ўсім відаць, едзем у край страшэнных пачвар. А ў жыцці заўсёды трэба чытаць знакі. Яшчэ са слова пра паход Ігаравы ўсім вядома: які старт экспедыцыі, такі і фініш. Сняданак у кафэ. На кошт заказу ўвагі не звяртаем. Праз некалькі гадзін вельмі страшнай дарогі экспедыцыя прыязджае ў Жыткавічы. “Цмокам надта ж падабаецца лазня: мыюцца раз у дзень…” — пра гэта нам расказвала ў Мінску Таццяна Валодзіна. Пад радасны лямант і віск з жаночага аддзялення канстатуем: няма ў гэтай лазні цмокаў. Мільгае паўнаводная Прыпяць, у якой не тое што цмокі — кіты могуць хавацца. А далей, хлопцы, усё. Тут хутка карачун: пачынаецца сапраўднае Палессе. “Вялікапольская хроніка 1182 года: “Казімір… увайшоў у землі паляшан. Да гэтай пары ніхто не мог… справіцца з іх неўтаймаванай лютасцю. Паляшане — гэта народ прусаў, племя лютай жорсткасці, засяляе шырокую пустыню. Дарога да іх недаступная з-за вельмі густых лясоў і смаляных балот”. Вось тыя людзі, што жывуць па суседству з цмокамі. Менавіта іх калыхаюць у дзяцінстве з казкай:
У Палессі на балоце
Цмок хаваецца ў чароце.
З’еў бярозку на сняданак,
Струшчыў дуб, як абаранак.
Праляцеў над вёскай цмок —
Пахаваліся, хто змог!
Толькі Яська не спужаўся
Ды на цмоку пакатаўся! Наступны прыпынак: Столін. У рэстарана з характэрнай назвай “Гарынь” нас сустракае Іван Яхнавец, дырэктар ГПУ “Заказнікі Сярэдняя Прыпяць і Альманскія балоты”. Стаім, пацягваем гарбату. – Што? Хлопцы, вы цмокаў шукаць прыехалі? Дзе ж ім яшчэ застацца — толькі тут! Ускокваем у Volkswagen Tiguan, едзем у весачку Альманы — апошні кавалачак цывілізацыі, які прытуліўся да вялікага Альманскага балота. Пасля Альман — на многія кіламетры няма нічога. Ніводнага чалавека. Толькі балота. Дзесьці там хаваецца цмок… «Цмок-цмок, цмок-цмок. Цмок-цмок, цмок-цмок» — мы цягнемся па Альманскай багне, з апошняга перасоўваючы ногі. – Гэта цяпер балота — каментуе Іван. — Раней тут мора было, нават Герадот пісаў. Калі ляціш на верталёце, гэта заўважна: рэльеф як у марскога дна. Пясчаныя выспы, лагчыны, у якіх збіраецца вада. Мы слухаем Івана ў палову вуха: складана слухаць, калі ногі правальваюцца ў гразь, а ўсё пад табою спружыніць і хвалямі ідзе. “Балота як возьме нагу… зацягне ўсяго. Душу зацягне…” — словы Івана Мележа, і яны нарадзіліся недалёка ад Альман. Мы ідзем па тонкай коўдры каранёў і раслін: пад намі тая самая “апраметная”. Глыбіня балота тут ад метра да… – Есць “вочкі”, глыбіні якіх не ведае ніхто — кажа Іван, і, азірнуўшыся, дадае: – Хлопцы, калі есць на Беларусі цмок — то толькі тут. Дзе ж яму хавацца, калі не ў Альманскім балоце? Апроч звяроў, нікога тут няма: раней на 20 кіламетраў дарогі ад Століна да вёскі Альманы пісалі пуцёўку на два дні. Нетры тутака, цемрадзь і буралом. Няма чаго рабіць тут чалавеку. Таму вайскоўцы зрабілі тут палігон: адразу пасля вайны ў Альманскім балоце выпрабоўвалі новыя самалёты і новую зброю. — Усяк было… І лётчыкі загінулыя ў гэтай багне ляжаць. Можа, і цмока ракетай з самалёта калі забілі — ракеты тыя рэагавалі на цяпло. Дзьмухнуў цмок полымем выпадкова — і ракета знайшла аб’ект. Можа, так і загінуў апошні беларускі цмок — сумна выказвае сваю версію Іван. А можа, яны схаваліся ў возера Самінае, да якога мы ўрэшце дацягнуліся? — Некалькі тыдняў таму злавілі тут 50-кілаграмовага сама. Мясцовыя кажуць: шмат у гэтым возеры нячысцікаў. Часам заблытваецца ў сетках нейкі страшэнны асілак: рве сеткі і ідзе на глыбіню. Вечарэе… Цішыня. Ні гуку на балоце. Толькі дзіўныя кругі на вадзе…
Для мясцовых цмокі — гэта мы. “Усе гэныя мінскія — ім жа цмокі золата носяць па начах… Адкуль толькі грошы на такую машыну ўзяліся?” — з такімі каментамі ў спіну мы шпацыруем па вячэрнім Століне. Не цмокі мы, а людзі: і была ноч, і было весела. На столінскіх танцах, абдымаючы падчас “медляка” выкшталцоную столінскую прыгажуню, я раптам адчуў, як яна гладзіць мяне па спіне. Не паспеў я парадавацца хуткасці разгортвання падзей, як прыгажуня глянула на мяне з сумам і прамовіла. — Ты не падумай. Досыць цноты ў мяне, я правяраю: у цмокаў, якія ператварыліся ў людзей, звычайна няма скуры на спіне. Ці растуць маленькія крылы. У цябе ўсе добра — ты не цмок! І радасна ўздыхнула, прытулілася да разгубленага мяне. Палессе — гэта іншая Беларусь. Краіна Цыганія з цмокам у балоце. “Сям-там пападаліся тыповыя постаці палешукоў і паляшучак, надзвычай паважаных і нават гордых, бо яны так зняважліва паглядалі на ўсё, што не было палешуком…”. Якуб Колас. “На ростанях”. Наступны дзень, павольна рухаемся ўздоўж ракі Гарынь, ”Радзімы” беларускіх цмокаў. – Глухія тут мясціны. Страшныя — расказвае Іван. — На гэтым хутары жыў чалавек, было яму 30 гадоў. Пакахаў ён дзяўчыну, прапанаваў ёй пабрацца шлюбам — а яна адмовіла. Тады ён і павесіўся ў лесе. Толькі на чацверты дзень яго знайшлі.
– А ў гэтым месцы муж жонку забіў сякерай, таксама страшнае месца — працягвае экскурсію Іван.
Ціха едзем. Ціха вуркоча рухавіком Volkswagen Tiguan. Моўчкі пазіраем у вокны кінутых хат: Палессе.
Палессе — і дубравы. Кажуць, што цмок, калі яго захопіць навальніца ў дарозе, хаваецца ў дубе. Шукае вялікае дупло — і ў ім чакае, пакуль не скончыцца навальніца. Таму так часта маланкі трапляюць у дубы: гэта Пярун палюе на цмокаў, маланкі ў іх кідае…
Паглядаючы на дубы, любуючыся беларускім Палессем, прыязджаем у вёску Цярэблічы, у госці да Івана Філіпавіча Супрунчыка.
– Бачылі, і ў нас бачылі цмока. Рыбак з нашай вёскі расказваў, у Прыпяці на досвітку бачыў велізарную пачвару — вялікую, страшэнную. Ледзь схаваўся ён ад гэтага цмока. Але што цмок — у нас на Палессі шмат цудаў засталося. Глядзіце: у маіх руках адмысловая рыдлёўка, лапата для выпечкі хлеба. Менавіта гэтай лапатай на сямейным капішчы забівалі старых людзей, якія ўжо рабіліся клопатам для сям’і.
Іван Філіпавіч, хоць і чалавек сталага ўзросту, расказвае пра гэты звычай спакойна.
— Гэта было не так даўно — па маіх звестках, нават у ХІХ стагоддзі гэты абрад яшчэ быў жывы. А вы кажаце — цмокі. Знайшлі чым здзівіць… Такі раней быў час. На Палессі ён спыніўся. — У нас і цяпер жывы чалавек, які можа наслаць на цябе змей. Пашэпча, пашэпча, пабурчыць нешта сабе пад нос — і папаўзуць пачвары з усёй ваколіцы да цябе ў двор… Палессе! Край асушаных балот — але старых звычак. Самы містычны і загадкавы рэгіён Беларусі. Развітваемся з ім…
Сталі на калінавым мосце. І раптам нешта застагнала — і праляцела міма. Спужаўся цмок, што мы яго заб’ем.
Ай, братка, не пужайся: вас і так засталося вельмі мала…
Тэкст: Зміцер Навіцкі
Фота: Глеб Малафееў
Экспедыцыя падрыхтавана сайтамі budzma.org і abw.by.