У Беластоцкай пісьменніцы Ганны Кандрацюк выйшла новая кніга — «У прысценку строга лесу», паведамляе Суполка беларускіх пісьменнікаў. Гэта кніга пра Белавежу і яе людзей.
Вось як піша пра кнігу Уладзімер Арлоў:
«Беларускае слова пісьменніцы і неўтаймоўнай вандроўніцы Ганны Кандрацюк заўсёды жывое, шматфарбнае і духмянае, насычанае гукамі і водарамі дарагой ёй зямлі... Новая кніга Ганны Кандрацюк таксама зачароўвае. Яе таленавітыя старонкі падаруюць чытачу яскравы суплёт непаўторных гісторый і сустрэч з цэлай галерэяй герояў: ад старой Дамінкі з Кутлоўкі, якую адкалыхалі з мёртвых яшчэ на трыццаць гадоў жыцця, і знакамітай сям’і Елянецкіх з Камянеччыны да ацалелых удзельнікаў трагедыі ў Залешанах і нобелеўскага лаўрэата Чэслава Мілаша, які меў ганаровае званне Прыяцеля Белавежскай пушчы... Дзве часткі нашай адвечнае пушчы перагукаюцца тут ранішнім рэхам і спавіваюцца вечаровым туманам, робячыся метафізічнымі суаўтаркамі Ганны ў яе аповедзе пра неспасцігальную таямніцу жыцця».