На платформе Votvot выйшла відэаверсія культавага альбома «Прыём!» Светы Бень і Галі Чыкіс, які стаў адным з самых яскравых рэлізаў беларускай музыкі апошніх гадоў, паведамляе Reform.news.
Скрыншот з відэаканцэрта
Здымкі відэаканцэрта праходзілі ў сербскім горадзе Чачак, дзе ў якасці дэкарацый быў абраны мясцовы Дом культуры. Гэтая будыніна, пабудаваная ў 1970-х, з’яўляецца прыкладам архітэктуры былой Югаславіі, якая спалучае савецкі стыль Усходняй Еўропы з элементамі футурызму, натхнёнага ўсходнееўрапейскай фантастыкай.
«Гэта былі нейкія сюррэалістычныя здымкі, на мяжы сілаў, сярод неймавернай прыгажосці і таямнічага святла. Мы быццам бы правялі дзень у акварыуме ці на касмічнай станцыі», — падзялілася сваімі ўражаннямі ад здымак Света Бень, вядомая слухачу па ўдзеле ў такіх праектах як «Серебряная свадьба» і актуальны зараз WTBSK.
Альбом «Прыём!», запісаны ў Берліне, трапіў у топ-5 найлепшых рэлізаў 2022 года паводле ацэнак шматлікіх беларускіх медыя.
«Страх, злосць, боль, здранцвенне, адзінота, спадзеў, вера... — у гэтым альбоме аб’яднаныя столькі эмоцый, і адначасова выказванне нібы з’яўляецца непарыўным, тым, які схоплівае рухі тваёй душы і яе трымценне. Выбітныя lyrics (тэксты песень) Светы Бень, мінімалістычнае, але вынаходлівае музычнае развіццё тэм Галі Чыкіс — і ўжо глядзіш, як «Прыём!» з шумамі радыёперадавальнікаў пераўтвараецца ў пасланне не толькі з тваёй краіны, — яно ляціць далей чым твой Сусвет», — пісаў пра альбом Reform.news.
Відэаканцэрт даступны для прагляду па спасылцы.