У Вілейцы з’явіўся дзіцячы тэатр

Ён пачаў працаваць у студзені на базе Вілейскага палаца культуры. Кіруе тэатральным калектывам Леанід Курц. У трупу ўжо прыйшлі 12 чалавек, але набор дзяцей працягваецца.

Выява выкарыстана ў якасці ілюстрацыі. Фота з сайта www.sorokopud.ru

У Леаніда Курц – вялікі тэатральны вопыт. Пачынаў ён сваю працоўную дзейнасць як акцёр. Затым з 1998 па 2008 год кіраваў дзіцячым тэатрам «Талантики» на базе цэнтра эстэтычнага выхавання. А пасля быў рэжысёрам тэатральнага моладзевага праекта «Паехалі !!!» пры Вілейскім палацы культуры.

– З «Талантиками» мы шмат выступалі на розных фестывалях. У 2002 годзе сталі лаўрэатамі міжнароднага фестывалю «Тэатральнае кальцо Падмаскоўя» ў Мажайску, дзе прадставілі спектакль «Емеля-2002», – распавёў ён Край.бай.

Прайшоўшы школу «Талантиков», шмат хто ў далейшым працягнулі развівацца ў гэтым кірунку, скончыўшы профільныя навучальныя ўстановы. А затым рэалізавалі сябе як тэлевядучыя і прафесійныя акцёры.

– Чаму вырашылі вярнуць дзіцячы тэатр у Вілейцы?

– Сёння дзеці ўцягнутыя ў свет інфармацыйных тэхналогій і губляюць разуменне жывых зносін праз сцэну. Арганізуючы дзіцячую тэатральную трупу, я хачу вярнуць ім гэтыя здольнасці, – адзначыў ён.

– Чым збіраецеся зацікавіць дзяцей, якім будзе рэпертуар?

– На мой погляд, лепш дзіцячай класікі нічога не прыдумана. Мы будзем адаптаваць творы савецкай, рускай, замежнай літаратуры пад сябе. Пакуль ідзе падрыхтоўчы перыяд. Для пачатку трэба зразумець і вывучыць здольнасці і магчымасці трупы. Затым пачнем працаваць над канкрэтным матэрыялам, – лічыць Леанід Курц.

Пакуль рабочая назва тэатра – «Ялінка таленцікаў». І яна можа змяніцца. У трупу ўжо прыйшлі 12 чалавек. Але набор працягваецца. Узрост дзяцей, якія ўступаюць у трупу – 9-15 гадоў (можа вар’іравацца ў большы або меншы бок).

Як адзначае Леанід Курц, тут важней не ўзрост, а вялікае жаданне займацца тэатральнай творчасцю.

Заняткі праходзяць па аўторках і пятніцах з 17.15 да 19.00 у Вілейскім палацы культуры. Звязацца з кіраўніком дзіцячага тэатральнага калектыву можна па тэлефоне 8 (025) 944-29-61 або па гарадскім нумары 5-61-34 (пасля 18.00).

Юлія Лахвіч, kraj.by

Тэгі: