“Вы не падкажаце, дзе тут закінутае месца?”
Чалавек чапляецца да мінакоў. Маньяк? Бомж? Не, гэта памочнік рэжысёра шукае месца для здымак.
А ты і не ведаеш. Ён не ведае. Вы ніколі не шукалі такіх месцаў, нават не ведаеце, дзе тут прымаюць бутэлькі, не цікавіліся, ці можа ў горадзе існаваць сінагога. Затое выдатна ведаеце, дзе смачнейшыя сасіскі. А ёсць у горадзе рэчы, якіх не хапае асабіста вам, і іншыя пра іх таксама анічога не ведаюць, бо яны ім ніколі не былі патрэбныя…
Убачыць горад іншымі, чужымі вачыма прапанавалі на сваёй прэзентацыі дзяўчаты з цэнтра “ПОСТ”. 26 верасня а 10-й гадзіне раніцы ўсе ахвотныя маглі сустрэцца ў імправізаванай кавярні “На углу”. Месцілася яна ў залі дома-музея, помніка мінскаму гета (Сухая, 25). Нягледзячы на шматабяцальнае месца заля выглядала вельмі ўтульна: дрэва сценаў, мяккае святло з напаўзацемненых вокнаў, свечкі і гарбата на сталах. Прыйшло каля дваццаці чалавек, якія ўзялі ўдзел у трох блоках прэзентацыі.
Першы блок. Алена Лугаўцова.
Першы блок – гутарка пра горад, пра тое, як яго ўяўляе кожны: утульныя і няўтульныя, любімыя і нелюбімыя месцы. Малявалі свой сілуэт гораду. У другім блоку была гульня: кожны атрымаў сваю ролю і на працягу гадзіны павінен быў хадзіць па вуліцах і фатаграфаваць тое, на што той, у каго ён пераўвасобіўся, павінен быў звярнуць увагу найперш: замежнік-бельгіец – на збольшага расійскамоўныя шыльды, дзе нічога не зразумела; закаханы хлопец – на ўтульныя кавярні, куды можна запрасіць дзяўчыну…У трэцім блоку замест традыцыйнай рэфлексіі ўсе разам рабілі эмацыйную мапу гораду з падручных сродкаў: свечак, сурвэтак, фарбаў, нітак. То бок абмяркоўвалі ўсё не толькі на словах, але і з дапамогай сродкаў мастацка-рэалістычнай выразнасці.
Падрыхтоўка эмацыйнай мапы горада
Мэтай прэзентацыі стала рэклама ідэі і пошук аднадумцаў. Тэма гораду для цэнтра “ПОСТ” новая. Зазвычай у цэнтр увагі ставіліся больш асоба, чым асяродак, які стварае чалавек і які стварае чалавека. Тэму гораду плануецца працягваць. Гэта мусіць стаць актуальным для моладзі, якая большую частку часу праводзіць у горадзе, падштурхнуць яе да ажыццяўлення чагосьці сацыяльна значнага. А на такое моладзь наважваецца цяжка: ці то праз страх зрабіць нешта не тое і не так, ці то праз прынцып “Мая хата з краю: мяне не чапаюць – і я не чапаю”.
Прэзентацыя эмацыйнай мапы горада. Справа — Вольга Саявец, у цэнтры — Алена Лугаўцова.
Вольга Саявец, каардынатар, і Алена Лугаўцова, трэнер у моладзевых праграмах грамадскага аб’яднання “Адукацыйны цэнтр ПОСТ”:
Праект скіраваны на тое, каб, перажыўшы некаторы вопыт і пабачыўшы недахопы гораду чужымі вачыма, маладыя людзі выпрацавалі новы погляд на тое, як палепшыць горад. Нашая мэта – натхніць удзельнікаў на ідэі і дапамагчы іх рэалізаваць. Спадзяемся, што нашыя энтузіязм і цікавасць перададуцца. Тым больш што цяпер назіраецца захапленне гарадской культурай. Але гэта пераважна ў выглядзе фотавыставаў. Мы ж жадаем не проста паказаць горад з розных бакоў, але і нешта зрабіць для яго.
Прэзентацыя прайшла ў межах Тыдня нефармальнай адукацыі. Гэты тыдзень праводзіцца для таго, каб падвысіць узровень жыцця людзей шляхам іх адукацыі. Прычым адукацыі не як атрымання ведаў па канкрэтных дысцыплінах, а хутчэй ведаў, якія здольныя змяніць светаўспрыняцце і лад жыцця. Паказаць, наколькі вялікі выбар. У прэзентацыі праекту цэнтра “ПОСТ” можна было не толькі ўявіць гэтыя лады жыцця з рознымі сацыяльнымі ролямі, але і адчуць іх, ужыцца ў іх. Ідэя гэтага праекту адрозніваецца ад шмат якіх іншых тым, што праз змены ў горадзе да лепшага падвысіцца ўзровень жыцця і таго, хто гэтаму паспрыяе, і іншых, тых, хто жыве вакол яго.