Аляксей Гайдукевіч піша на budzma.by пра кантрабандныя тавары з Беларусі.
Не паспелі ў Беларусі і свеце абмеркаваць апошнія санкцыі і магчымыя наступствы для каманднай сістэмы, як з ЕС прыйшла чарговая навіна пра ўдар па бізнесах, падкантрольных адміністрацыйнаму апарату.
Гаворка пра аперацыю еўрапейскіх спецслужбаў супраць кантрабандыстаў і рэалізатараў тытунёвых вырабаў з Беларусі, якія незаконна трапляюць на тэрыторыю ЕС.
У паведамленні Еўрапола гаворыцца, што да 88% канфіскаваных на пазамінулым тыдні цыгарэт і тытуню на складах па ўсёй Еўропе і Брытаніі трапілі з-за беларускай мяжы. Прыблізны кошт канфіскаванага — 35 лільёнаў еўра.
Акрамя гэтага трэба ўсведамляць, што дзякуючы дзеянням еўрапейскіх праваахоўнікаў фактычна быў перакрыты разгалінаваны канал перавозкі, захоўвання і рэалізацыі тытуню. А значыць, і атрыманне прыбыткаў вытворцамі.
Вядомы беларускі эксперт, які працяглы час жыве ва Украіне, Ігар Тышкевіч, неаднаразова звяртаў увагу на кантрабанду з Беларусі. У першую чаргу ён адзначае менавіта тытунёвыя вырабы. На ягоную думку, пад поўным кантролем прадстаўнікоў камандна-адміністрацыйнага апарату асобныя камерсанты незаконнымі шляхамі накіроўваюць у Польшчу, Літву і Украіну цыгарэт на такія сумы, што толькі на акцызах гэтыя краіны страчваюць прыблізна 1 мільярд даляраў у год. Амаль такая ж колькасць кантрабанды накіроўваецца ў Расію.
Пра гэта ж напісала ў сваім тэлеграм-канале і топ-менеджарка з «Газпрам Медыя» Ціна Кандэлакі:
«Расія, краіны Прыбалтыкі — рынкі збыту, якія прыносяць дзяржаўным кантрабандыстам вялікі прыбытак. І тут я паўтару свой тэзіс: расійскім праваахоўным органам пад сілу перакрыць гэтыя каналы. Так, трэба наступіць на рукі беларускай тытунёвай мафіі».
Цяжка сабе ўявіць, што ўласна Кандэлакі настолькі глыбока даследавала тэму сувязяў каманднай вярхоўкі, камерсантаў і кантрабандыстаў у Беларусі.
Цалкам імаверна, што сапраўдныя аўтары публікацыі на старонцы Кандэлакі нешта ведалі пра падрыхтоўку еўрапейскімі спецыяльнымі службамі аперацыі супраць кантрабандыстаў тытуню з Беларусі.
Акрамя апошніх цвікоў у труну рэшткаў рэпутацыі прадстаўнікоў камандна-адміністрацыйнай сістэмы з Беларусі відавочна, што і еўрапейскія карупцыянеры атрымалі сур’ёзны ўдар па кішэнях. Безумоўна, без іх удзелу немагчымая арганізацыя такіх складаных і разгалінаваных схемаў перапраўкі і рэалізацыі кантрабандных тавараў.
Магчыма, сярод чыноўнікаў у Польшчы, Літве, іншых краінах ЕС следства можа выявіць не аднаго лабіста наменклатурнай сістэмы з Беларусі.
Ці ўдарыць Захад па кантрабандзе зброі?
Тышкевіч таксама згадвае толькі некалькі прадпрыемстваў і фактаў сумнеўных паставак узбраенняў і іншых вайсковых тавараў у зоны канфліктаў:
«Беларуска-азербайджанскі плацежны баланс па гандлі ўзбраеннямі не адпавядае колькасці беларускай зброі ў Азербайджане».
Таксама ў сувязі з гэтым успамінаюцца не пацверджаныя следствам факты продажу зброі на Блізкі Усход з Беларусі. Напрыклад у Ірак. Яшчэ ў 2002 годзе. Пра што згадваў як пра парушэнне санкцый ААН прадстаўнік адміністрацыі Буша падчас наведвання нашай краіны.
У 2017 годзе амерыканскае выданне Buzzfeed правяло сапраўднае расследаванне па факце з’яўлення зброі беларускай вытворчасці ў сірыйскіх джыхадыстаў:
З супрацьтанкавай сістэмай «Конкурс»
Журналісты высветлілі, што пастаўкі супрацьтанкавых комплексаў адбываліся праз Балгарыю. Але сапраўдную прававую ацэнку тыя факты не атрымалі, і наступстваў беларуская камандна-адміністрацыйная сістэма пазбегла.
Ужо цяпер відавочна, што еўрапейцы з дапамогай спецслужбаў маюць намер перакрыць не адзін канал незаконнага ўзбагачэння на таварах беларускага паходжання.
Першы ўдар быў самым прадказальным. Ці наважыцца ЕС, магчыма, з дапамогай ЗША, перакрыць незаконны міжнародны гандаль зброяй? Схемы ў гэтай сферы больш мудрагелістыя і лабісты на Захадзе больш аўтарытэтныя.
Аляксей Гайдукевіч, budzma.by