Украіна на шляху да эмбарга тавараў з Беларусі Яшчэ 25 студзеня 2021 года міністр замежных спраў Украіны адзначаў, што ўзнаўленне закупак электраэнергіі з Беларусі не супярэчаць міжнародным абавязкам краіны:
«Ні адна краіна ў свеце яшчэ не ўвяла супраць Беларусі ніякіх сістэматычных ўсёабдымных эканамічных санкцый. Ёсць санкцыі супраць кампаній, але гандлёвае эмбарга супраць Беларусі не ўжываецца»
Алігархі, уласнікі буйных энергетычных украінскіх кампаній, былі галоўнымі бенефіцыярамі імпарту беларускай і расійскай электраэнергіі. У першую чаргу іх прываблівалі нізкія кошты.
Пазіцыя ўкраінскіх бізнесменаў выклікала шмат крытыкі з боку часткі грамадства і палітычных сілаў. Бо пастаўкі энергіі з Беларусі ўкраінцы разглядаюць у першую чаргу, як імпарт з Расіі.
Але 15 лютага пазіцыя часткі алігархаў рэзка змянілася. Адразу некалькі кампаній звярнуліся да ўраду з патрабаваннямі спыніць імпарт і падтрымаць украінскіх вытворцаў:
«Заклікаем ўрад падтрымаць нацыянальных вытворцаў электраэнергіі і падкрэсліваем крытычныя наступствы імпарту электраэнергіі з Расіі і Беларусі» – паведамляецца на сайце кампаніі вядомага алігарха Рэната Ахметава.
Цалкам імаверна, што ўкраінскія бізнэсмены вырашылі падхапіць супрацьстаянне з прарасійскімі канкурэнтамі, якое распачалі ўлады краіны, забараніўшы працу тэлеканалаў звязаных з «кумам Пуціна» Медведчуком. Алігархі адчулі, што можа пачацца вялікі перадзел рэсурсаў і актываў, у тым ліку інспіраваны з Захаду.
Рэзкая змена рыторыкі з боку дзеючых украінскіх уладаў у дачыненні да буйнейшага падкантрольнага Расіі камерсанта можа закрануць і адміністратыўны апарат у Мінску. Украінскія журналісты неаднаразова падкрэслівалі сувязь бізнэсмена з Беларусі Мікалая Вераб’я і Медведчука. У прыватнасці, адзначаецца, што гэтыя алігархі ёсць кампаньёнамі па кампаніі Прыкарпатзахадтранс, што валодае часткай нафтаправоду (800 км) па якім здзяйсняюцца пастаўкі з Расіі і Беларусі ва Украіну.
Палітычная партыя Медведчука апошні тыдзень намагаецца аспрэчыць любыя падазрэнні ў дачыненні да боса наконт ягоных эканамічных сувязяў з Крамлём і саюзнікамі. Імаверна, што супраць гэтай палітычнай сілы пачаўся вялікі наступ у межах супрацьстаяння любым формам гібрыднай агрэсіі Масквы. Мінскі камандна-адміністратыўны апарат і падкантрольныя яму камерсанты, якія працуюць ва Украіне і з пракрамлёўскімі сіламі, таксама могуць трапіць пад удар. Тым больш, што аргументацыя можа быць звязаная не толькі з эканамічнымі патрабаваннямі, але і з накірунку палітычнага і нават пытанняў бяспекі.
Пра такія рэзкія змены ў палітыцы Кіева можа сведчыць дакумент Службы знешняй выведкі Украіны, дзе здаецца ўпершыню пералічаныя магчымыя выклікі з боку Беларусі:
— Пераўтварэнне Беларусі ў плацдарм Расіі па дэстабілізацыі сітуацыі ва Украіне ці правядзення сілавых аперацый супраць дзяржавы.
— Інтэнсіфікацыя ўзаемадзеяння спецслужбаў РФ і РБ на ўкраінскім напрамку, у тым ліку у кантэксце правядзення выведвальна-падрыўной дзейнасці.
Такая пазіцыя цалкам супадае са стратэгіяй стрымлівання Расіі, якую 3 лютага прадставілі ў амерыканскім сенаце.
Відавочна, што ціск на Крэмль узмоцніцца не толькі за парушэнні ў сферы «правоў чалавека», праз санкцыі. Але і на фронце бяспекі і прадухілення магчымых пагрозаў у дачыненні да Ўкраіны.
У гэтай сувязі непацверджаная інфармацыя пра супрацоўнікаў ФСБ і разгортванне радыё-электроннай выведкі на беларуска-украінскай мяжы толькі павялічыць занепакоенасці Кіева, што да «Паўночнай пагрозы». Да зваротаў алігархаў, якія гуляюць сваю эканамічную гульню, усё часцей дадаюцца і галасы палітыкаў, і праваабаронцаў. Не факт, што палітыкум не выступае дадаткам да выключна эканамічных патрабаванняў. Але звароты да ўрада і прэзідэнта далучыцца да заходніх санкцый супраць каманднай сістэмы ў Беларусі гучаць усё мацней.
Першым вынікам такога перманентнага супрацьстаяння можна лічыць адмову ўсё таму ж Мікалаю Вераб’ю з боку Нацбанка Украіны ва ўхвале набыцця аднаго з буйнейшых украінскіх банкаў. І хаця афіцыйнай фармуліроўкай была «недастатковая дзелавая рэпутацыя», у прэсе больш ўвагі звярнулі на факты супрацоўніцтва Вераб’я з пракрамлёўскімі сіламі ва Ўкраіне. Менавіта Медведчуком.
Магчымыя ўскладненні для гандлю з Украінай у адміністратыўнага апарата ў Мінску могуць не быць абавязкова звязанымі з супрацоўніцтвам з пракрамлёўскімі алігархамі ці падсанкцыйнымі бізнэсменамі. Адзін з такіх прыкладаў — гэта тэндэр львоўскай адміністрацыі на пастаўку аўтобусаў. Удзельнікам конкурсу была кампанія МАЗ, якая некалькі год таму ўжо пастаўляла аўтобусы для Кіева.
У выпадку са Львовам палітычныя канкурэнты дзеючага галавы горада рэзка адрэагавалі на магчымы кантракт адміністрацыі з МАЗ-ам.
Імаверна, што ініцыятарам кампаніі супраць мінскіх аўтобусаў выступілі ў тым ліку і ўкраінскія вытворцы. У прыватнасці ўласнік Луцкага заводу, паплечнік Пятра Парашэнкі, чыя партыя знаходзіцца ў апазіцыі да арганізацыі мэра ў львоўскай гарадской радзе.
Львавяне прадэманстравалі, што ў шэрагу экаманамічных аргументаў на карысць украінскіх вытворцаў, супраць кампаній з Беларусі можна выкарыстоўваць і палітычныя. У выніку, мэр пад ціскам палітычных канкурэнтаў і грамадскасці звярнуўся да цэнтральных уладаў:
«Горад не мае права купляць тэхніку без дакладнага разумення сітуацыі і пазіцыі дзяржавы ў маральным аспекце.»
Нельга выключаць, што ўкраінскія алігархі пачнуць усё часцей выкарыстоўваць палітычную рыторыку і аргументацыю, што тычыцца бяспекі, у выпадках неабходнасці прыбраць канкурэнтаў з Беларусі. Тым, больш, што такая пазіцыя супадае з прэзідэнтскай. Зяленскі і большая частка ягонай партыі верагодна пачала ўсё больш арыентавацца на ЗША і новую адміністрацыю, яе стратэгію ў дачыненні да Крамля і ягоных саюзнікаў.
Таму нельга выключаць, што паступова Украіна можа пачаць рухацца ў накірунку забароны ўвозу некаторых тавараў з Беларусі. Тым больш, што практыка такая ў нашых суседзяў ужо была. Варта ўзгадаць, што ў 2012 годзе на пастаўкі малочнай і мясной прадукцыя беларускага паходжання ўкраінскімі ўладамі была накладзена забарона, якая дзейнічала 2 месяцы. Галоўнай падставай такіх мераў быў адказ на падобныя забароны з боку Мінска, якія былі прадыктаваныя прарасійскай пазіцыяй асобных чноўнікаў.
Аляксей Гайдукевіч, budzma.org