На ultra-music.com даступны міні-альбом “B-52” – першая частка праекту “Танцы з Бубнам”. Супольны праект прадстаўляе сабой калабарацыю культавага электроншчыка Улада Бубна з беларускімі літаратарамі. Дэбютны міні-альбом быў названы проста і з густам “B-52”, – па колькасці літаратурна-музычных інгрыдыентаў, якія ўвайшлі ў яго склад і былі як след зміксаваны “бармэнам”. Галасамі “B-52” сталі Вольга Гапеева, Таццяна Беланогая і Байсан. Каштуйце!
Улад Бубен – заснавальнік шэрагу музычных плыняў і ў добрым сэнсе слова “бацька” беларускай электроннай сцэны. Стваральнік ТВ-шоў для Беларускага MTV і шэрагу радыё-праектаў, прысвечаных электроннай музыцы. Працы Бубна выдаваліся на 58 лэйблах па ўсім свеце, жывыя выступы адбыліся ў Нямеччыне, Галандыі, Швецыі, Бельгіі, Польшчы, Расіі, Венгрыі, Аўстрыі і іншых краінах. Вядомы таксама, як альтэрнатыўны івэнт-прадусар, Улад працуе ў шырокім дыяпазоне жанраў – ад дыска і тэхна да брэйк-кору і індастрыэла.
У 2010 годзе Уладзіслаў падпісаў кантракт з буйнейшай еўрапейскай кампаніяй Believedigital, якая прадстаўляе ў інтэрнэце кампазіцыі такіх музыкаў, як Luciano, Ricardo Villalobos, Loco Dice, Bob Sinclar, Dj Cam, David Vendetta. Альбомы, запісаныя Бубнам, распаўсюджваюцца буйнейшымі музычнымі нэт-рэсурсамі – Beatport, Emusic, Amazon, ITunes, Google music, Rhapsody, VirginMegaFr, Junodigital,Spotify, DjShop De,7 Digital, Hardstyle.com, Myxer і тузіном іншых. Кампазіцыі праекту будуць дасяжныя для айчыннай аўдыторыі БЯСПЛАТНА.
Buben feat Hapeyeva – Vahon № 898. Chill out – прысвячэнне мінскаму метро
Вольга Гапеева – аўтарка кніг “Рэканструкцыя неба” (2003), “Няголены ранак” (2008), “Метад муаравых крэсак” (2012), “Прысак і пожня” (2012). Піша паэзію, прозу, драматургію. Творы перакладаліся на англійскую, нямецкую, польскую, македонскую, чэшскую. Удзельніца шматлікіх міжнародных канферэнцый і літаратурных фестываляў (Славенія, Германія, Чэхія, Літва і інш.). Стыпендыятка Літаратурнага Калоквіума Берлін (2009) і Міжнароднага Дома пісьменніка і перакладчыка (Вэнтспілс, 2010). Лаўрэат прэміі часопіса “Дзеяслоў” “Залаты апостраф” (2010). Займаецца літаратурным перакладам (з англійскай, нямецкай, кітайскай) і гендарнай праблематыкай у культуры і літаратуры, а таксама даследаваннямі ў галіне кампаратыўнай лінгвістыкі і сацыялогіі цела (мадыфікацыі і самапашкоджанні).
Buben feat Belanogaya – … is temporarily blocked… Самы лірычны Techno-Trance 2012 году
Таццяна Беланогая – Творчы дэбют адбыўся ў 2002 годзе. З’яўляецца яркай прадстаўніцай сучаснай бардаўскай песні. Выконвае песні на ўласную лірыку і вершы класікаў. Тэмы сумленнага выбару, кахання, прагі да волі творчай душы – асноўныя ў яе творчасці. У розныя гады – пераможца конкурсаў “Бардаўская восень” і “ОРРА”. Мае чатыры нумарныя альбомы: “Там, дзе мы”, “Пабачыць свет”, “Дзвюхкроп’е” і “Ніткі” і ўдзел у шматлікіх складанках.
Buben feat Bajsan – Zvany. Сакральныя вершы і break beat – welcome to 21 стагоддзе!
Байсан – Пачаў друкавацца ў 2000 годзе ў самвыдаце, публікуецца ў перыёдыцы. Характэрны выхадзец з гомельскага андэграўнду, сваёй творчасцю прапагандуе ідэю беларусаў генерацыі 2.0 (беларусаў свету). Заснавальнік гуртоў JazzLatex, Samadhi Boom і Bajsan, у іх складзе – альбом «Best of JL» і шматлікія складанкі. Аўтар тэкстаў канцэпутальнага альбому гурта IvoryGod “Alienation”. Дыпламант беларускага ПЭН-у, адзін з аўтараў скандальнай п’есы «Каханне і гашыш».