На сайце Дзяржаўнага камітэта па маёмасці з’явіўся адказ на звароты беларусаў з патрабаваннямі пакінуць транслітарацыю геаграфічных назваў і найменняў вуліц. Але з адказу нічога незразумела, — піша «СityDog».
Два тыдні таму «СityDog» пісалі пра тое, што ўлады хочуць адмовіцца ад беларускай лацінкі ў надпісах населеных пунктаў, вуліц і станцыяў мэтро. Па словах кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Ігара Сяргеенкі падчас выступу на паседжанні Рэспубліканскай рады па гістарычнай палітыцы, гэтае пытанне ўзнялі з-за зваротаў грамадзян.
Пасля гэтай заявы пісьменніца і актывістка Аліна Нагорная на сваёй старонцы ў Facebook прапанавала накіраваць электронныя звароты ў Дзяржаўны камітэт па маёмасці і Акадэмію навук з наступнымі патрабаваннямі:
пакінуць транслітарацыю геаграфічных назваў і найменняў вуліц у Беларусі, спасылаючыся на інструкцыю па транслітарацыі ў рэдакцыі ад 24.06.2006 года, узгодненую з МЗС, МУС, Мінкультам, Інстытутам мовазнаўства ім. Якуба Коласа пры НАН Беларусі;
прывесці ўсе надпісы геаграфічных аб’ектаў Беларусі ў адпаведнасці з дадзенай інструкцыяй да аднаго фармату напісання — літарамі лацінскага алфавіту.
У пятніцу, 23 снежня, на сайце Дзяржаўнага камітэта па маёмасці з`явіўся афіцыйны адказ ад установы.
У ім улады пацвердзілі, спасылаючыся на інструкцыю аб транслітарацыі, што назвы геаграфічных аб’ектаў сапраўды напісаны літарамі лацінскага алфавіту. І потым удакладнілі, што перавесці з беларускай формы напісання на лацінку могуць толькі пры стварэнні ў Беларусі картаграфічных выданняў, прызначаных для міжнароднага выкарыстання, на замежнай мове, рэзюмуючы, што ў картаграфічных выданнях, прызначаных для замежных карыстальнікаў, усё напісана ў адпаведнасці з інструкцыяй.
Як звязаныя гэтыя адказы ведамства з патрабаваннямі са звароту актывістаў, не вельмі зразумела, таму прыводзім ніжэй арыгінал адказу ад Дзяржкамітэта па маёмасці.