Аўтар музыкі да народнай беларускай песні «Купалінка» і «Ваяцкага маршу» Макара Краўцоўва, што стаў гімнам БНР, нарадзіўся ў сям’і царкоўнаслужачага, але сам кінуў семінарыю. За ўсё жыццё так і не атрымаў музычнай адукацыі, але ўвайшоў у гісторыю як дырыжор і кампазітар. 23 лістапада 150 гадавіна са дня нараджэння Уладзіміра Тэраўскага. Budzma.org узгадвае жыццё стваральніка нацыянальнай музычнай школы і чалавека, чый лёс цалкам быў звязаны з беларускай песняй.
За ўсё жыццё так і не атрымаў прафесійную музычную адукацыю
Будучы беларускі кампазітар Уладзімір Тэраўскі нарадзіўся ў 1871 годзе ў мястэчку Раманава Слуцкага павета (Зараз гэтая вёска ў Слуцкім раёне носіць назву Леніна). Бацька Васіль быў праваслаўным святаром. У той жа вёсцы служыў настаяцелем Георгіеўскага храма і адначасова кіраваў прыходскім царкоўным хорам. Магчыма, з гэтай прычыны ўжо ў дзяцінстве Уладзімір праявіў музычныя здольнасці.
Уладзімір Тэраўскі. Крыніца: wikipedia.org
За сваё жыццё будучы дырыжор і кампазітар так і не атрымаў прафесійную музычную адукацыю. Усе неабходныя веды Уладзімір здабыў саманавучаннем і практыкай. Пачаўшы сваю кар’еру ў 17-ці гадовым узросце. Тады ён дырыжыраваў самадзейным школьным хорам падчас навучання ў Слуцку.
Аб’ездзіў усю Расію, але вернуўся ў Беларусь
Будучы дырыжор скончыў ў 1889 годзе Слуцкую духоўную вучэльню, Уладзімір паступіў у Мінскую епархіяльную семінарыю. Але праз два гады кінуў навучанне, і яго адправілі на службу ў войска. Пасля дэмабілізацыі ў 1895 годзе, нават паспеў папрацаваць кантралёрам на Лібава-Роменскай чыгунцы.
У гэты перыяд Тэраўскі патрапіў у хор народных песень расійскага дырыжора Дзмітрыя Агрэнева-Славянскага. Ён гастраляваў не толькі па Расійскай Імперыі, але і за яе межамі. У 1897 годзе Уладзімір Васільевіч застаўся жыць на Урале. Там ён кіраваў аматарскімі працоўнымі харамі на чыгуначных заводах. З гэтымі калектывамі ён аб’ездзіў усю ўсходнюю частку Расіі.
Тэраўскі вернуўся ў Беларусь у 1901 годзе. Тут ён служыў канцэлярскім чыноўнікам ў Мінскай кантрольнай палаце. Адначасова з працай Уладзімір Васільевіч выкладаў спевы і гімнастыку ў Губернскім папячыцельстве дзіцячых прытулкаў.
Праз тры гады ў 1904 годзе архіепіск Мінскі і Тураўскі Міхаіл прызначыў Тэраўскага псаломшчыкам Мінскага Петра-Паўлаўскага кафедральнага сабора. У гэты ж час Уладзімір Васільевіч быў памочнікамі рэгента Мінскага архіерэйскага хору.
Першыя выступы ў шпіталях
У ліпені 1914 года Тэраўскі стварыў адзін з першых беларускіх харавых калектываў з 15 чалавек — аматарскі Мінскі хор. Аснову гэтага калектыву склалі вучні мінскіх школ. Свае першыя выступы новаствораны хор даваў у 1915 годзе ў вайсковых шпіталях для параненых вайскоўцаў. Усе выступы былі дабрачынныя.
Пасля лютаўскай рэвалюцыі ў 1917 годзе хор пачалі называць Беларускі народны. Ён увайшоў у склад Першага Беларускага таварыства драмы і камедыі, а сам Тэраўскі ўзначаліў музычную частку Таварыства. З цягам часу хор павялічыўся да 50-ці спевакоў і налічваў у сваім рэпертуары каля 200 песень.
Хор тэатра пад кіраўніцтвам У. Тэраўскага. Фота: goo.su
З прыходам у Беларусь Чырвонай Арміі ў Мінску заснавалі Беларускі Савецкі тэатр. У яго склад увайшоў і хор Тэраўскага. Хор удзельнічаў не толькі ў тэатральных паказах, але і выступаў з канцэртамі ў школах і на мітынгах у розных клубах.
Пазбег пакарання дзякуючы выступу ў Маскве
Па сфабрыкаванай справе 3 верасня 1921 года, быццам «за ўкрыванне шпіёнкі Зайцавай і назаконнае захаванне зброі» Тэраўскага разам з жонкай арыштавалі. Яны адбылі ў турме амаль два гады, але 24 траўня 1923 года іх датэрмінова вызвалілі. Гэта звязана з тым, што Беларускі Дзяржаўны тэатр павінен быў узяць удзел у Першай Усесаюзнай сельскагаспадарчай выстаўцы ў Маскве. Трэба было паказаць Крамлю дасягненні беларусаў не толькі ў селькай гаспадарцы, але і ў мастацтве.
Восенню 1929 года караўніцтва камуністычнай партыі пачало шыракомаштабную кампанію па ліквідацыі найбольш заможнай і працавітай часткі сялянства — «кулакоў». У той жа час распачалі рэпрэсіі супраць патрыятычных колаў інтэлегенцыі ва ўсіх рэспубліках СССР.
Хор пад кіраўніцтвам У. Тэраўскага. Фота: Arche.by
У тэатры змяніўся кіраўнік. Ён павінен быў правесці «адвучэнне» гледачоў ад нацыянальных традыцый, якія закладалі Францішак Аляхновіч, Фларыян Ждановіч і Уладзімір Тэраўскі. Уладзіміра Васільевіча пачалі выжываць з тэатра.
Быў дырыжорам стаў «агентам польскай выведкі»
Па сфабрыкаванай справе «Саюза вызвалення Беларусі» ў 1930 годзе было арыштавана 108 чалавек. Тэраўскі пазбег арышту, але ў траўні гэтага года яго хор пры Белдзяржуніверсітэце расфарміравалі. У наступным, 1931 годзе, яго звольнілі з тэатра.
Два гады пасля звальнення Тэраўскі служыў у Пярэспенскай царкве, потым да 1935 года быў рэгентам царкоўнага хору Мікалаеўскага сабора ў Мінску. Пасля гэтага Уладзімір Васільевіч больш нідзе не меў працы і знаходзіўся ў цяжкім матэрыяльным становішчы.
У сталінскія «кіпцюры» былы дырыжор патрапіў 17 жніўня 1938 года. Яго арыштавалі як «удзельніка нацыянал-фашысцкай арганізацыі».
«Теравский Владимир Васильевич, белорус; беспартийный, вдовец, сын попа, бывший дьякон... был псаломщиком Переспенской церкви в г. Минске і регентом церковного хора Николаевского собора, а затем в Переспенской церкви, где служил до 1933 г., после чего до нынешнего времени — без определенных занятий, живет на ул. Кропоткинской, 74/41, кв. 4», — з запісу ў анкеце арыштанта.
Падчас следства Тэраўскаму прад’явілі новае абвінавачанне — «агент польскай выведкі». Усю справу стваралі на падставе ілжэсведчанняў сакрэтных супрацоўнікаў НКУС.
Асобная «тройка» НКУС прыгаварыла Уладзіміра Тэраўскага да расстрэлу 1 лістапада 1938 года. Дырыжора і кампазітара забілі 10 лістапада 1938 года на 67 годзе жыцця.
АШ, budzma.org