Сёння свой 70-гадовы юбілей адзначае вядомы беларускі пісьменнік Уладзімір Арлоў. Большую частку свайго жыцця ён прысвяціў таму, каб беларусы ведалі сваю гісторыю і ганарыліся ёй. Яго «Таямніцы полацкай гісторыі» і «Дзесяць вякоў беларускай гісторыі» ўвайшлі ў спіс 100 самых папулярных беларускіх кніг ХХ стагоддзя, а знакамітае эсэ «Незалежнасць — гэта...» было перакладзенае больш чым на 20 моў. Славу ж таленавітага пісьменніка Арлову прынесла яго гістарычная проза.
Уладзімір Арлоў нарадзіўся 25 жніўня 1953 года ў Полацку. Пра сваіх бацькоў і ўласнае дзяцінства пісьменнік згадваў у эсэ «Мой радавод да пятага калена, або Спроба пазбегчы выгнання».
«Я нарадзіўся ў таты з мамаю ў год Змяі паводле ўсходняга календара і ў год смерці Сталіна — паводле савецкага. Мой дзень нараджэння — у жніўні, значыцца, у сакавіку, калі вялікі правадыр народаў нарэшце выправіўся на той свет, я ўжо існаваў, ды мог не нарадзіцца, бо пасля радыёпаведамлення мама пачулася зусім блага. Свет гінуў, ад роспачы мама ў істэрыцы рвала валасы і надоўга трапіла ў бальніцу. Але тым разам савецкая медыцына перамагла (нашы савецкія хворыя — самыя здаровыя хворыя ў свеце!), і, перачакаўшы, відаць, непамысныя для мяне дні задыякальнага знаку Льва, я шчасна нарадзіўся на трэці дзень Паненкі».
Пісьменнік, паэт, гісторык Уладзімір Арлоў
У 1975 годзе Уладзімір Арлоў скончыў гістарычны факультэт БДУ, некаторы час жыў у Наваполацку, а пасля пераехаў у Мінск, дзе і напісаў большасць сваіх твораў, па якіх мы вучылі альтэрнатыўную гісторыю Беларусі і пачыналі ганарыцца сваёй слаўнай мінуўшчынай.
Арлоў — аўтар некалькіх дзясяткаў кніг прозы, паэзіі, гістарычных нарысаў і эсэ, сцэнарыст навукова-дакументальных фільмаў. Пасля 2020 года пісьменнік з’ехаў з Беларусі і цяпер знаходзіцца ў эміграцыі, дзе працягвае літаратурную дзейнасць.
Напрыклад, не так даўно ў яго выйшла кніга «Паручнік Пятровіч і прапаршчык Здань». На прэзентацыях выдання Уладзімір Арлоў распавядаў найцікавейшыя гісторыі пра тое, як ствараліся ягоныя кнігі.
Дзень нараджэння — цудоўная нагода, каб яшчэ раз прыгадаць гэтыя ўспаміны ды бліжэй пазнаёміцца з творчым светам пісьменніка, які пра кожнае са сваіх выданняў мог бы напісаць калі не яшчэ адну кнігу, то, прынамсі, эсэ:
«Кнігі як дзеці — нараджаюцца ў пісьменніка ад жанчын, дзякуючы жанчынам. У кожнай кнігі — свае адпраўныя кропкі. Магічныя моманты, з якіх пачынае усё раскручвацца, з’яўляецца сюжэт. Пачынае ўяўляцца цэлая кніга — яе назва, яе героі. А зараз, распавяду вам некалькі вельмі дарагіх майму сэрцу гісторый...»
«Трое мужчын ішлі па снезе, не пакідаючы слядоў»
Аднойчы мне прысніўся сон. Сучаснай мовай, я б назваў яго кліпам. Трое мужчын ішлі па глыбокім снезе, па снегавой нерушы. Ішлі, выдрукоўваючы свае сляды, правальваліся. Потым раптам... сляды за імі пачалі губляцца: за адным, другім, трэцім. Урэшце, яны ішлі па снезе не пакідаючы слядоў. Мабыць, як некалі Ісус ішоў па вадзе. Я прачнуўся і адразу запісаў гэты сон — каб не забыцца. Так нарадзіўся мой верш «Падарожнікі». З гэтага верша пачалася мая першая паэтычная кніга — «Там, за дзвярыма».
Уладзімір Арлоў падпісвае для чытачоў свае кнігі
«Багоўка, якая не хацела ляцець у Беларусь»
Аднойчы я сам ішоў, але ўжо не па снезе, а па спякотнай Пятай авеню ў Нью-Ёрку. На мне была зялёная тэніска. Мабыць, пераблытаўшы з газонам, на яе апусцілася нью-ёрская божая кароўка. Залезла ў кішэню і не вылазіла адтуль пяць дзён, колькі я ні стараўся яе вызваліць. Яна мяне не пакідала, а я — падкладаў ёй туды травінкі, каб небарака не памерла з голаду.
Думаў, што яна паляціць са мной у Мінск, але ў аэрапорце імя Джона Кэнэдзі божая кароўка ўсё ж вылецела: вырашыла застацца ў Амерыцы. Яна і падарыла мне назву эсэ: «Божая кароўка з Пятай авеню». З гэтага эсэ пачынаецца кніга пад такой самай назвай.
Уладзімір Арлоў разам з паэтам Андрэем Хадановічам
«Водар жанчыны»
Іншым разам я ішоў ужо не па авеню, а па сціплай полацкай вулачцы ў горадзе майго дзяцінства і юнацтва. Там, дзе назаўжды мае Альфа і Амега. Ішоў задуменны. Размінуўся з дзяўчынай ці жанчынай, нават не заўважыўшы яе. Але — яна пакінула пасля сябе ў паветры тоненькі струменьчык парфумы. Гэты водар настолькі ўсхваляваў мяне, напружыў свядомасць і ўяву, што ў наступную хвіліну літаральна мне пачаў мроіцца вобраз маёй будучай гераіні аповесці «Сны імператара».
Па сюжэце гэта беларуская шляхцянка, якая была адной з каханак Напалеона Банапарта. Прыйшла да яго ў Вільні, калі ў купальскія дні 1812-га горад сустракаў яго як вызваліцеля. Прыйшла, каб патрабаваць аднаўлення сваёй Айчыны — Вялікага Княства Літоўскага. Прыходзіла да яго ў Віцебску, калі імператар прымаў фатальнае рашэнне ісці на Маскву ды мроіў пра заваяванне Індыі. Прыходзіла на выспе св. Алены... Але ўсё пачалося з таго паху на маленькай полацкай вулачцы.
«Аркестр троляў і гномаў»
Часам бывае, што адна кніга нараджае друкую. Кніга «Каіна Беларусь. Ілюстраваная гісторыя» выйшла ў перакладзе на некалькі моваў, у тым ліку на ангельскую — This Country Called Belarus. Была прэзентацыя ў Швецыі, у бібліятэцы невялікага прыморскага горада. Я скончыў маналог, пачаліся пытанні з залі. У першым шэрагу была прыгожая расхваляваная жанчына ў пухнатым швэдры, якая спытала: «Містэр Арлоў, у нас ёсць тролі, гномы, ундзіны, а ці ёсць у Беларусі падобныя істоты?»
Я асцярожна зазначыў, што Беларусь не бяднейшая, а можа і багацейшая на такую публіку: лесавікі, дамавікі, лазнікі, русалкі, жыцень, Зюзя — хапае і ў нас. Яна паспела сказаць, што ўсе гэтыя стварэнні жывуць у яе ў доме ды ў садзе. А яшчэ — яны ладзяць канцэрты. Запрасіла мяне прыязджаць і жыць да яе, колькі хачу, а па вечарах слухаць гэты аркестр.
Да яе падляцеў дырэктар бібліятэкі і адвёў некуды ў бок. Потым мне распавялі, што жанчына — вар’ятка. Уся яе сям’я загінула падчас страшнага цунамі ў Тайландзе: тады загінулі тысячы шведскіх турыстаў. Не знайшлі нават целаў. У садзе яна зрабіла сімвалічныя магілы сваякоў, і з таго часу распавядае пра аркестр троляў, гномаў ды іншых стварэнняў... Так нарадзіўся сюжэт аповесці «Дом з дамавікамі», якая ўвайшла ў кнігу «Танцы над горадам». Гэта такая вусцішная аповесць, мне самому было не вельмі проста яе пісаць.
Уладзімір Арлоў падчас уручэння прэміі Наталлі Арсенневай, 2019 год
PS
Кожная кніга мае свой лёс. Кожная кніга — як дзіцёнак — нараджаецца ад любові. Часам у пакутах. Усе дзеці розныя. Але, як і ў кожнай здаровай сям’і, нялюбых дзяцей — наўпрост не можа быць.
Рэдакцыя “Будзьма беларусамі” шчыра віншуе Уладзіміра Арлова з юбілеем і зычыць пісьменніку моцнага здароўя і творчага плёну!
Чытайце яшчэ: Ваяр Беларушчыны: Андрэй Хадановіч пра Уладзіміра Арлова