Ён вучыўся маляваць у падвале брэжнеўкі ў мінскай Серабранцы і выкладаў гісторыю ў адной з тутэйшых школ, рабіў анлайн-дыверсіі сярод беларускіх і расійскіх чыноўнікаў, сабраў каманду для сацыяльна-палітычнага арт-праекта і ледзь не сарваў выступ віцэ-прэзідэнта Беластока. Мы паразмаўлялі з мастаком-акцыяністам, былым настаўнікам і анархістам Уладзіславам Боханам пра сутнасць акцыянізму, мастацтва, якое можна параўнаць з каханнем, і пра тое, як перажыць у эміграцыі стан, калі «цела знаходзіцца тут, а галава — сярод палаючых покрывак, заблакаваных дарог».
Уладзіслаў Бохан на выставе ў Пізе
- Як пачаўся ваш шлях да акцыянізму?
- Мастацтва прыгожае, калі ў ім ёсць сімвалізм, калі яно не толькі статычнае, на палатне, а калі яно яшчэ і ў дзеянні.
Мой прыход у акцыянізм адбыўся спантанна, падчас удзелу ў групавой выставе, якую ў Маскве зладзіла «Ассоциация худших художников» і прысвяціла дню народзінаў Пуціна. Выстава была папсавана — паліцыянты зрабілі такі спантанны «перформанс»: заварылі дзверы ў галерэю. Потым я пачаў праводзіць хэпенінгі, адзін з іх зрабіў падчас адзінай у Беларусі выставы за тыдзень да выбараў. Там я стварыў паменшаную копію завараных дзвярэй і распяў іх на крыжы. Потым той крыж забралі міліцыянты, калі рабілі вобшук студыі, дзе праводзілі выставу. Для гэтага ім спатрэбілася выклікаць аўтазак, бо дзверы не змяшчаліся ў просты аўтамабіль.
Як я асэнсавана прыйшоў да вулічнага акцыянізму? Спачатку ў эміграцыі я быў як у мроі — гэта быў цяжкі, дэпрэсіўны час. Тады ўжо пачыналіся антываенныя акцыі — вайны яшчэ не было. У Беластоку я чамусьці ўзгадаў легендарны выраз Лукашэнкі «гусеніцы лязгаюць». Я зрабіў з пяцілітровых бутэлек чарвячкоў, падобных да герояў камп’ютарнай гульні «Worms». Прычапіў да іх бляшанкі з-пад энергетыкаў і хадзіў каля консульства Беларусі ў Беластоку, грукаў. Гэта для мяне наогул быў такі эмацыйны выхлап.
Выстава ў Варшаве ў аграантуражы
Я зладзіў яшчэ некалькі акцый у Беластоку, Варшаве і Гродзіску-Мазавецкім, зрабіў спантанную рассылку ў школе, дзе я раней працаваў, а потым пачаў рабіць рассылкі па школах Расіі (Уладзіслаў дасылаў на электронныя пошты школ ад імя розных дзяржаўных органаў патрабаванні ў дакладны тэрмін правесці ў сваіх установах ідэалагічную акцыю, якая быццам праводзілася па ўсёй краіне ці ў асобным рэгіёне. У якасці доказу выкананага загада ён прасіў даслаць у адказ на ягоны ліст адпаведныя фотаздымкі — заўвага рэдакцыі).
Акцыі — частка нашага арт-праекта, у якім мы разглядаем механізмы дыктатуры. Гэта праект мастакоў з Беларусі, якраз з часоў той «Ассоциации худших художников», накіраваны на сацыяльны, каляпалітычны напрамак. Я прапанаваў ідэю, людзям спадабалася, сабраў каманду. Можна лічыць удзельнікам і палітвязня Сяргея Раманава — у праекце прымаюць удзел толькі ягоныя працы.
Каманда арт-праекта без аднаго чалавека
Калі мае ідэі — гэта тэорыя, палотны — ілюстрацыі да тэорыі, то акцыі — нібыта практыка. Гэта ўсё скампанавана ў нешта цэлае на мяжы мастацтва, сацыялогіі і паліталогіі. Чаму гэта менавіта акцыі, а не пранк і перформанс? Мэта пранку — пасмяяцца. У маім выпадку гэта, можа, і смешна, але адначасова страшна. Дый мэта ў іншым — раскрыць сутнасць нашага арт-праекта. У перформансе мы ведаем загадзя, што атрымаем. У акцыях невядома, што будзе далей.
Хэпенінг з падачай грошай падчас пратэстаў
У беларускай школе я зрабіў дыверсію, а потым усё разносілася па прапагандысцкіх пабліках, чыноўнікі самі раскручвалі яе. У выпадку з расійскімі ўстановамі я разумеў, што там усімі кіруе не бязглуздасць, не ідэйнасць, а проста страх — максімальны выхлап я атрымліваў, калі пагражаў тлумачальнай запіскай. У выпадку з рассылкай атрымалася штосьці кшталту драматургіі: я як пастаноўшчык кідаю сцэнар, а чыноўнікі ўжо яго ўвасабляюць так, як бачаць. Цікава, што некаторыя штосьці дадаюць ад сябе — напрыклад, віншаванне Пуціна з днём народзінаў арганізавалі з партрэтамі Бандэры, нават вершыкі запісалі да гэтага. То-бок, я запускаю іх фантазію, і ўсё ператвараецца ў імправізаваны тэатр.
- Ці патрабуецца дадаваць нейкі кантэкст да кожнай акцыі? У вашых сацсетках пад фота з акцый даволі падрабязна растлумачана кожная ідэя. Ці можа недасведчаны чалавек зразумець сэнс, знаходзячыся на месцы?
- Я шмат увагі надаю маніфесту — менавіта маніфесту, а не тлумачэнню, бо мая творчасць звязана ў большасці з палітычнай і сацыяльнай з’явай. Калісьці я эксперыментаваў з серыяй прац «Краіна крайніх хат», я там пісаў замест маніфесту белы верш. Мы жывем у інфармацыйны век, і калі я хачу як мастак данесці штосьці да публікі, трэба рабіць гэта па максімуме.
Мастацтва для мяне — палітычны рупар, праз які я магу камунікаваць з аўдыторыяй.
Шэсце з палотнамі Уладзіслава Бохана падчас выставы ў Пізе
Акцыя — гэта інтэрвенцыя ў натуральныя абставіны, у нейкім сэнсе правакацыя, каб прыцягнуць увагу да таго, што я хачу данесці да чалавека. Я так ледзь не сарваў выступ віцэ-прэзідэнта Беластока, не ведаючы нават, што гэта ён — я ўбачыў, як нейкі дзядзька ідзе да мікрафона. Я зрабіў акцыю з адсылкай да Мюнхенскіх пагадненняў, якія сталі апошняй кропкай перад пачаткам Другой сусветнай вайны. Хацеў параўнаць вось гэта маўчанне, цяперашнюю дыпламатыю Заходняй Еўропы, з тым, што адбывалася ў 1938 годзе. Я раскідаў свіное мяса, начапіў акрываўленую хакейную маску, заклеіў вочы цыдулкамі з надпісам на трох мовах «Политика умиротворения» (праводзілася ў адносінах да фашысцкай Германіі напярэдадні Другой сусветнай вайны) і стаяў, жэстам закрыўшы вусны. У гэты час віцэ-прэзідэнт вырашыў выступаць, і гэта надало акцыі сімвалізму: вось еўрапейскі чыноўнік прамаўляе, а тут я стаю побач, паказваю знак цішы.
Акцыя «Политика умиротворения» ў Беластоку
Чытайце яшчэ: «Я спрабавала кінуць маляваць — мяне хапіла на паўгода». Вялікае інтэрв’ю з мастачкай Святланай Дземідовіч
- Ці спрацавалі вашы акцыі так, як вы на гэта разлічвалі? Як увогуле зразумець, ці спраўдзіла акцыя намеры?
— Нейкага такога маркеру няма. Для мяне галоўнае, каб людзі прачыналіся. Кожнай акцыяй я хачу паказаць нешта, растлумачыць, як яно працуе, а далей рабіце, што хочаце. Я ведаю, што ў многіх людзей гэта адгукаецца — мне часта пішуць пасля акцый. З аднаго боку, гэта падпальвае дупы ў расійскіх патрыётаў ці іншых чыноўнікаў, я люблю паздзекавацца з іх.
Калі на вулічных акцыях бачу, што пайшла рэакцыя, дыскусія, я нават не ўмешваюся. Гэта ўжо добра — людзі пачалі думаць, наогул карысная з’ява.
Хэпенінг на Хэлоуін 2020 «Хэлоуін у касцюме ГУБАЗіК»
- У адным са сваіх допісаў вы кажаце, што вашы карціны наўрад ці можна выкарыстаць для ўпрыгожання інтэр’еру. А як у гэтым выпадку вы манетызуеце сваё мастацтва? Хто можа набыць вашы працы?
- Не так часта, але карціны набываюць. Мне здаецца, кожны мастак марыць зарабляць выключна сваёй творчасцю, але ў мяне ўсё ж гэты намер не на першым месцы. Калі чалавек ставіць заробак мастацтвам на першае месца, ён ужо не мастак, а рамеснік — гэта па-першае. Па-другое, яму патрэбна заўсёды падабацца шырокай аўдыторыі. Калі чалавек хоча ўсім падабацца, мне здаецца, яму заўсёды трэба будзе сябе асабіста абмяжоўваць.
Я хачу быць сабой, ведаю, што многім не падабаюся, у кагосьці выклікаю неадназначныя эмоцыі — ад захаплення да нянавісці.
Набываюць карціны калекцыянеры. Ёсць тыя, хто цікавяцца імі з меркантыльнага боку. Мне адзін чалавек сказаў: «Мне чамусьці здаецца, што ты стрэліш, і твае палотны потым будуць каштаваць больш». Гэта працуе як біткоін.
Адзіная выстава Уладзіслава Бохана ў Беларусі
- Патлумачце, як вы адлюстроўваеце свае пачуцці, эмоцыі, стан праз мастацкія сродкі — на прыкладзе карціны «Бясконцая рэвалюцыя», якая зараз вісіць у вас за спінай.
- На ёй адлюстраваны мой стан, калі я толькі пераехаў у Польшчу, дакладна ў Беласток, бо гэта такі ціхі, спакойны горад. Першы час выходзіў увечары пашпацыраваць па вуліцы, людзей было мала. Вось ідзеш і пачынаеш разумець, што цела тваё тут, а галава — недзе там. Я пераходжу дарогу, і ў мяне думкі пачынаюць ісці ў такім напрамку: тут добрае месца, каб заблакаваць рух. Потым бачу аўтамабільныя покрыўкі, і такі: «Добра, трэба запомніць гэта месца, калі што, узяць і на дарозе падпаліць». Калі бусік праязджае, у мяне адразу ёкае штосьці ўнутры. Хтосьці балонік лопнуў, я разумею, што для мяне гэта трыгер. То-бок, я быццам застаўся яшчэ ў рэвалюцыі. Вось гэты стан я спрабаваў адлюстраваць — калі цела знаходзіцца тут, а галава — сярод палаючых покрывак, заблакаваных дарог.
«Бясконцая рэвалюцыя»
- Ці можна назваць гэты стан адначасова натхненнем, які дапамагае творчаму развіццю? Ці магчыма стварыць штосьці, калі навокал спакойна?
- Зараз я часта займаюся самакапаннем і разумею, што мне ў жыцці ніколі не было спакойна. Колькі сябе памятаю, заўсёды дзесьці рызыкаваў, лез на ражон.
Тое, што адбывалася пасля 2020 года, канечне, адрозніваецца ад таго, што было раней. Я адношу сябе да прыхільнікаў экзістэнцыяльнай філасофіі, дзе чалавек пазнае сябе як асобу, толькі праходзячы праз нейкія памежныя сітуацыі: паміж воляй і турмой, жыццём і смерцю. Калі я капаюся ва ўспамінах, разумею, што калісьці штосьці згадваю, гляджу на ўспаміны як на ілюстрацыі ў сваёй галаве не ад першай асобы, а ад трэцяй. То-бок, я асацыірую, што гэты чалавек — гэта я, але я ўжо не ўспрымаю яго сабой.
«Асцярожна, дзверы зачыняюцца. Наступная станцыя...»
- Ці ёсць сярод вашых прац самыя любімыя?
- На самай справе я прывязваюся амаль да кожнай працы, таму, можа, з-за гэтага і не магу прадаваць карціны стала. Нядаўна мне прапанавалі прадаць дзве працы, а я не захацеў, бо пакуль не магу адарваць іх ад сябе, бо выношваю іх вельмі доўга. Зараз вось ужо не ведаю, колькі тыдняў не працаваў, таму што ў галаве нараджаецца нешта новае. Я спрабую эксперымент у сваёй творчасці — апошнім часам працы ў мяне былі бескаляровыя, а тут я дадаў для кантрасту колер. Дзве апошнія, у тым ліку «Бясконцая рэвалюцыя», пакуль у фаварытах.
- Якія планы на будучыню ў вашага праекта і ў вас асабіста?
- Нам здаецца, што праект актуальны зараз і будзе актуальны далей, бо свет рухаецца не ў бок развіцця. Што тычыцца планаў, канкрэтных пакуль няма. Арганізатар апошняй выставы ў Познані сказаў, што маімі карцінамі зацікавіўся хтосьці з універсітэта мастацтваў — магчыма, там будзе яшчэ адна выстава, але ўжо не праекта, а мая асабістая. Справа ў тым, што мы знаходзімся на самазабеспячэнні, таму калі ёсць пляцоўка, якая нас прыме — добра, можна штосьці планаваць. Пляцоўка ў Познані сама намі зацікавілася — выстава была арганізавана з гарадскога бюджэту. Ні з якімі арганізацыямі мы не супрацоўнічаем — ці то пляцоўка дапамагае, ці то мы ўсё робім самі. Таму ўсё залежыць ад нашых фінансавых магчымасцяў.
Майстэрня ў падвале мінскай брэжнеўкі
Што тычыцца маіх асабістых планаў, зараз я пачаў свой уласны праект. Пасля эміграцыі я перажываў цяжкі стан, мне здавалася, што я ўвогуле не разумею гэтага свету, адчуваў нейкую адарванасць, азлобленасць, непаразуменне людзей. Хтосьці з падпісчыкаў параіў мне прачытаць аповесць Рэмарка «Вяртанне» — для мяне яна стала сапраўднай тэрапіяй. Калі я яе чытаў, разумеў, што аўтар апісвае тое, што адчуваю я, што ў мяне не паехаў дах, а гэта хутчэй за ўсё сімптомы якіх-небудзь траўм, што не толькі я гэта праходжу, а, магчыма, многія.
У мінскай майстэрні
У сваім тэлеграм-канале я аднойчы апісаў свой сон, які паўтараецца: бачу, што я дома ў Мінску ці ў вёсцы, потым на мяне накатвае асэнсаванне, што я там, дзе мне быць нельга — хіба мяне тут арыштуюць. Далей у сне ідзе мітусня, дзе я шукаю выйсце. Потым разумею, што ўсё ж такі гэта сон, бо я ж быў у Польшчы — як я апынуўся ў Беларусі? І прачынаюся. Па каментарах я зразумеў, што не адзін такі — гэта штосьці масавае сярод тых, хто прайшоў праз падобныя сітуацыі. Я вырашыў апісаць гэты стан у сваіх палотнах.
Па-першае, для мяне гэта эмацыйная разгрузка — выпусціць тое, што накопліваецца, не даць яму авалодаць сабой. І па-другое, можа, гэта камусьці дапаможа так, як мне дапамагла аповесць Рэмарка. Толькі ён адлюстраваў свой стан у літаратуры, а я спрабую зрабіць гэта праз жывапіс.
Уладзіслаў Бохан падчас выставы ў Пізе
На стварэнне адной карціны патрабуецца тыдзень, на іншую — больш. Трэба ўлічваць тое, што я самавук. Можа, калі б я быў прафесійным мастаком, то я б, ведаючы ўсе тэхнікі, пісаў хутчэй.
Але для мяне мастацтва — гэта каханне, гэта і пазнанне свету, і сябе, гэта і чысты эксперымент, звязаны з пастаяннымі адкрыццямі. Я нават і не хачу чытаць тэорыю па маляванні, таму што мне падабаецца рабіць гэта так, як я раблю зараз.
Паказальна, што людзей з універсітэта мастацтва ў Познані зацікавіў чалавек, які вучыўся маляваць у падвале брэжнеўкі ў мінскай Серабранцы.
Таццяна Краўчанка, Budzma.org
Фота з асабістага архіва Уладзіслава Бохана
Чытайце яшчэ:
Узгадваем арт-пратэст і яго самых яскравых мастакоў
.