Час перамен, барацьбы старога з новым, барацьбы супраць гвалту, падману і фальшы, час грамадзянскага ўздыму заўжды выводзіў наперад мастацтва — у самых розных праявах. Такім быў і 2020 год. У гадавіну выбараў узгадваем арт-пратэст і яго самых яскравых мастакоў.
Праца Руфіны Базлавай
Што праўда, «выбарны» 2020 год ад пачатку быў прасякнуты ў тым ліку арт-актывізмам — паспрыяў кавід ці, хутчэй, стаўленне дзяржавы да пандэміі. А летам-восенню 2020-га кожны нязгодны з дзеяннямі ўлады мог стаць мастаком, перформерам, акцыяністам, арт-актывістам... Можна ўспомніць і супольную творчасць — ды хоць бы сцягі раёнаў на маршах пратэсту ці самаарганізаваную выставу ў цэнтры Мінска з фатаграфіямі збітых сілавікамі людзей, безліч графіці, калажаў, мемаў у сеціве. Мастацтва стала часткай руху пратэсту.
1. Уладзімір Цэслер
Набыў міжнародную вядомасць яшчэ за савецкім часам. Ягоны творчы тандэм з 1979 года з Сяргеем Войчанкам атрымаў больш за 30 узнагарод міжнародных конкурсаў і біенале. У першую чаргу — за плакаты. Пасля смерці Сяргея Войчанкі Уладзімір Цэслер працягнуў працаваць у той жа парадаксальнай і вострай манеры, якая стала візітоўкай тандэму.
Цэслер не змог застацца ў баку ад хвалі 2020 года. Бліскучымі плакатамі мастак рэагаваў на пакручасты сюжэт таго лета і падзеяў пасля яго.
Праца Уладзіміра Цэслера. Фота: Фэйсбук
Праца Уладзіміра Цэслера. Фэйсбук
Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года Уладзімір Цэслер увайшоў у склад Каардынацыйнай рады па забеспячэнні трансферу ўлады, пасля чаго быў вымушаны з’ехаць з Беларусі. Спачатку у Кіеў, потым атабарыўся на Кіпры.
У ліпені 2023-га Уладзімір Цэслер выключаны з Беларускага саюза мастакоў. Сам БСМ зусім нядаўна змяніў свой лагатып, дадаўшы да бела-чырвоных колераў багата зялёнага — атрымалася прадзяржаўна (нават асобна патлумачана повязь мастацтва з падтрымкай дзяржаўнага курса) і балюча для вачэй.
Падчас тых падзеяў у інтэрв’ю «КП у Беларусі» Цэслер сказаў, што ягоныя эмоцыі зашкальваюць — і гэта спрыяе творчасці. І не толькі ягонай: «У гэты перыяд нарадзілася шмат цікавай музыкі, народ які стаў! Гляджу, ідзе велізарная маніфестацыя, у руках вельмі цікавыя плакаты. З барабанамі ідуць, з кветкамі. Я ўвесь час, як бачу такое, думаю: «Якія ж у нас крэатыўныя людзі!»
Праца Ўладзіміра Цэслера. Фэйсбук
Захапіла Цэслера і стварэнне сцягоў раёнаў: «Потым менчукі часам прасілі мяне візуалізаваць іх ідэі. (...) Здаецца, сцягоў 40 я ўжо прыдумаў». На думку мастака, аб’яднанне пад лакальнымі сцягамі «гэта абсалютна новы этап пазнавання адно аднаго, абсалютна новая пазіцыя беларусаў».
За плакат «Беларускі арнамент» Уладзімір Цэслер у чэрвені 2023 атрымаў на Варшаўскім біенале ўзнагароду за «трывожнае схаванае пасланне» ў традыцыйнай выяве.
У нядаўнім інтэрв’ю «Люстэрку» Цэслер заявіў, што беларусы перамаглі ў 2020-м — «у тым плане, што назад ужо нічога не адвярнуць і час не спыніць».
«Можна старацца бясконца стрымліваць перамены, але раней ці пазней усё адбудзецца. Гэта абсалютна зразумела», — дадаў мастак.
2. Вольга Якубоўская
«Коцікі свабоды» Вольгі Якубоўскай хоць і выклікаюць крытыку з розных прычын — кшталту занадта яны мякенькія і вельмі іх шмат, але, без сумневу, сталі таксама заўважнай з’явай.
Карціна Вольгі Якубоўскай. Фэйсбук
Першая карціна з гэтай серыі была прысвечана легендарнай Ніне Багінскай — яна ідзе з бел-чырвона-белым сцягам у атачэнні ваўкоў. Пасля размяшчэння карціны ў сацыяльных сетках мастачка пачала атрымліваць станоўчыя водгукі.
Зараз выставы Вольгі Якубоўскай праходзяць у шмат якіх еўрапейскіх краінах. Сёлета ў інтэрв’ю Budzma. org Вольга Якубоўская заявіла, што серыю «Коцікі свабоды» будзе працягваць да моманту вяртання беларусаў у Беларусь.
Чытайце яшчэ: Вольга Якубоўская: Серыя «Коцікі свабоды» скончыцца вялікай выставай у Мінску
3. Руфіна Базлова
Аб’яднала сучасныя падзеі і традыцыйную стылістыку нацыянальнай вышыванкі. Свой акаўнт у Інстаграм яна завяла за тыдзень да выбараў 9 жніўня. І ўсе наступныя падзеі Руфіна Базлова інтэрпрэтавала праз беларускую вышыванку.
Праца Руфіны Базловай, Інстаграм
Цыкл атрымаў назву «Гісторыя беларускай выжыванкі» і стаў вядомым на ўвесь свет.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі носіць вышыванку хакі, зробленую па дызайне Руфіны Базловай — на ёй выява падбітага танку і БТР.
Чытайце яшчэ: Руфіна Базлова: «Пра маю «выжыванку» на Зяленскім мне распавёў сябар»
4. Надзя Саяпіна
Адсядзела 15 сутак увосень 2020 года за ўдзел у самаарганізаванай выставе фота збітых людзей.
Яшчэ да выбараў, 1 ліпеня 2020 года, у галерэі «Арт-Беларусь» адбыўся прыдуманы Надзяй перформанс «Здабытак».
Больш за 20 мастакоў, куратараў і іншых прадстаўнікоў арт-супольнасці Беларусі ўсталі насупраць пустых рам, дзе раней віселі карціны, якія вярнуў у краіну «Белгазпрамбанк», а потым КДК у рамках справы гэтага банка вывез з галерэі.
Падчас адбыцця пакарання на Акрэсціна мастачку перыядычна пераводзілі з адной камеры ў іншую. За гэты час Надзя Саяпіна сустрэла каля 20 дзяўчат. У той дзень, калі ёй перадалі альбом, яна пачала маляваць партрэты.
«Я не партрэтыст, у апошні час мяне больш цікавіць сучаснае мастацтва. Тым больш што ніколі не малявала каляровымі алоўкамі, але падумала, што, калі ўжо я тут апынулася, то паспрабую зафіксаваць вобразы жанчын. Не ведаю, ці буду выкарыстоўваць працы для выставы ці праектаў. Пакуль трэба зразумець, што за вопыт мы перажылі», — сказала яна «Еўрарадыё».
5. Караліна Палякова
Год таму беларуская дызайнерка Караліна Палякова ў супрацоўніцтве з праектам Politzek.me стварыла насычаны персанажамі і сімваламі калаж, у якім перапрацавала вобразы з вядомых мазаік Аляксандра Кішчанкі «Мінск — горад мастацтва» і «Мінск — горад навукі».
Праўда, замест савецкіх герояў — навукоўцаў, якія прэзентуюць свае працы, людзей, якія танчаць у нацыянальных строях, Караліна Палякова ў лічбавым творы паказала палітзняволеных: мастачка выявіла муры і людзей самых розных прафесій, якія знаходзяцца за кратамі.
У калажы можна ўбачыць жанчын з кветкамі, маці, якія чакаюць сваіх блізкіх; бусла, што ляціць з лістом да чалавека ў турме; жанчыну, падобную да Марыі Калеснікавай.
Зараз з’явіўся праект «Менск — горад палітзняволеных» — Politzek. me у калабарацыі з дызайнеркай Каралінай Паляковай выпускае мерч, частка прыбытку ад продажы пойдзе на падтрымку палітвязняў і іх сем’яў.
6. Цемра
Беларуская мастачка Цемра паходзіць з Гродна, зараз жыве ў Польшчы. Такі псеўданім абрала, бо галоўная частка яе творчасці адлюстроўвае бесстаронні, цёмны бок чалавечай сутнасці і звязана з актуальнымі падзеямі, якія траўміруюць грамадства.
Нядаўна Цемра паказала сваю новую працу «Цёмны рушнік», які сімвалізуе сілу і жыватворную энергію беларусаў, якія знаходзяцца за кратамі.
Яе працы служаць «напамінам пра тое, што мы перажываем сваю гісторыю, расказваем пра свой досвед і ўносім свой уклад у калектыўнае апавяданне пра нашу стойкасць, трыумф і надзею».
7. Уладзіслаў Бохан
Былы настаўнік, анархіст па поглядах Уладзіслаў Бохан у жніўні 2020 года ладзіў перформансы ў Серабранцы, да прыкладу, граў на праспекце Ракасоўскага «лялькавода», які раздаваў «чэшскія даляры» з партрэтам Святланы Ціханоўскай.
Перформансы ладзіць і зараз — тэлефануе ў дзяржаўныя ўстановы Беларусі і Расіі з патрабаваннем зладзіць абсурдныя мерапрыемствы.
Карціны «Каранаванне страўніка», «Русскій пір» і іншыя цяпер выстаўленыя ў Варшаве на супольнай экспазіцыі мастакоў-анархістаў, некаторыя з іх адбываюць тэрміны ў турме.
Уладзіслаў Бохан "Каранаванне страўніка"
Уладзіслаў Бохан "Рускі пір"
Чытайце яшчэ: Уладзіслаў Бохан: «Людзям у нас падабаецца пакутаваць»
8. Антон Радзівонаў
Мастак зараз жыве ў Польшчы. Набыў вядомасць серыяй прац «Птушкі з народам», дзе выкарыстоўваюцца аўтэнтычныя выявы беларускіх птушак (гусь, зімародак, пугач), якія трымаюць у дзюбе бела-чырвона-белую стужку — галоўны гістарычны і геральдычны сімвал Беларусі.
Працу «Мёртвая птушка» Антон Радзівонаў прысвяціў катаванням беларусаў, якія, як той сярэднявечны рыцар, абаранялі сваю краіну.
9. Алесь Пушкін
На тэму ўласна пратэстаў пісаць і не паспяваў — затое ўдзельнічаў у саміх маршах, ператвараючы, як заўжды, дзею ў перформанс.
Ды ўся яго творчасць — пратэст. Рабіў выставы, з нагоды адной з іх яго і забралі сілавікі.
Далей — турма (дзе ён працягваў маляваць) і гібель у турме.
Чытайце яшчэ: «Яны забілі яго». Лявон Вольскі пра Алеся Пушкіна і свой асабісты спіс ахвяраў
Чытайце яшчэ: «Ён пайшоў у няволю, бо ўбачыў у тым сведчанне, ахвяру і службу». Беларускія творцы ў памяць беларускага мастака Алеся Пушкіна
10. Беларусы ўвогуле
Такога творчага ўздыму Беларусь яшчэ не ведала. У сеціве, сацсетках, у графіці на сценах і дарожным палатне, у плакатах, фатаграфіях, мемах, сцягах, вопратцы — паўсюль знаходзім праявы арт-пратэсту.
Рыгор Сапежынскі, budzma. org