10 снежня завяршыўся прыём заявак на Прэмію Drahomán Prize-2022 для перакладчыкаў з украінскай мовы на мовы свету, заснаваную ў 2020 годзе Украінскім інстытутам, Украінскім ПЭН-цэнтрам і Украінскім інстытутам кнігі. Сярод намінантаў і беларускі перакладчык Уладзіслаў Гарбацкі з перакладам на беларускую мову кнігі Агатангела Крымскага «Бэйруцкія апавяданьні», — паведамляе Украінскі ПЭН-цэнтар.
У лонг-лісце разам з беларускай таксама перакладчыкі на фінскую, італьянскую, партугальскую, румынскую, французскую, літоўскую, армянскую, польскую, македонскую, балгарскую і грузінскую мовы. Заяўкі паступілі з 14 краін, у тым ліку Балгарыі, Бразіліі, Вялікабрытаніі, Арменіі, Грузіі, Італіі, Канады, Літвы, Паўночнай Македоніі, Польшчы, Румыніі, ЗША, Фінляндыі, Францыі.
Імя лаўрэата абвесцяць на ўрачыстай цырымоніі, ён атрымае статуэтку, грашовую узнагароду ў памеры 3 тысячы еўра, а таксама дадатковыя магчымасці для працы і прэзентацыі сваёй творчасці.
На ўдзел у конкурсе Уладзіслава Гарбацкага (сапраўднае імя Ўладзіслаў Іваноў) заявіла беларускае выдавецтва ў Лондане Skaryna Press, у якім выйшаў выкананы Уладзіславам пераклад Агатангела Крымскага «Бэйруцкія апавяданьні». Агатангел Крымскі — украінскі пісьменнік, гісторык, усходазнаўца, арганізатар Акадэміі навук Украіны ў 1918 годзе і адзін з найбольш вядомых украінскіх ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Вядома, што ён меў і беларускія карані: ягоны прадзед жыў у Барысаве, а дзед — у Мсціславе Магілёўскай вобласці.