З даўніх часоў людзі намагаліся ўладкаваць сваё жыццё, гарманізаваць яго з навакольным светам. Адным са спосабаў гэта зрабіць стаў святочны каляндар. Назіраючы за цыклічнасцю ўсяго існага, нашы продкі ўладкоўвалі свой быт згодна з прыроднымі законамі. Кола святаў і «асаблівых» дзён стварыла неабходную рытмічнасць жыцця. А абрады і рытуалы дадалі пачуцця кантролю і бяспекі: запаліш вогнішча — дапаможаш нарадзіцца новаму Сонцу, якое пераможа холад і зіму.
Такім чынам, народны каляндар — гэта не проста прыгожыя традыцыі і звычаі, ён быў адным з падмуркаў устойлівасці, уладкаванасці карціны свету і адпаведна — псіхічнага здароўя людзей. Ён і сёння можа даць апору і падтрымку ў зменлівых і няўстойлівых абставінах.
А беларускі народны каляндар яшчэ мае сваю адметнасць — амаль усе вялікія святы ў нас адзначаюцца двойчы: па юльянскім і грыгарыянскім календарах.
Што значыць «Завіваць бярозы»? Што за дзень такі «Градабой»? Калі святкуюць Конскі Вялікдзень? Распавядаем пра чэрвеньскія традыцыі і святы беларусаў.
Чэрвень — сярэдзіна года. Як і апошні месяц, гэта магічны і таямнічы перыяд. Час найвышэйшага росквіту прыроды. На чэрвень прыпадаюць самыя доўгія светавыя дні і кароткія ночы.
2 — 3 чэрвеня — у 2023 годзе адзначаюцца Траецкія (Духаўскія, Сёмушныя) Дзяды. Вылучаюцца сярод іншых памінальных дзён большай урачыстасцю (як і Асяніны ў лістападзе). Але, у адрозненне ад восеньскіх, тут меншая колькасць і разнастайнасць страваў на святочным стале.
Яшчэ адной адметнасцю Траецкіх Дзядоў з’яўляецца тое, што паміналі больш тых, хто памёр не сваёй смерцю: тапельцаў, самагубцаў.
Яшчэ гэты час называлі Стаўроўскімі Дзядамі. Такая назва звязана з паданнем пра першанасельніка беларускіх зямель — князя Бая і яго сабак Стаўры і Гаўры. Вельмі любіў іх князь, нават загадаў свайму народу шанаваць сабак і пасля смерці.
3 (па юльянскім календары) чэрвеня — Ульяны (Алена). Дзень пасадкі льну. Калі пасеяць лён на Ульяніцу, то будзе багаты ўраджай. Сеяць варта ў чыстай кашулі, каб лён быў чыстым, не парос пустазеллем.
Фота: etna.by
Лён у нашых продкаў асацыяваўся з жаночай доляй. Лічылася, што дзяўчынкі, якія нарадзіліся ў гэты дзень, стануць сапраўднымі прыгажунямі і будуць умець вырошваць асаблівы лён.
4 чэрвеня — Зелянец (Тройца, Сёмуха, Зялёныя святкі, Духаў дзень). Хрысціянская традыцыя прымерквала старажытнае свята да Пяцідзясятніцы — дня сашэсця Святога Духа да апосталаў. У народным календары гэта памежнае свята, што звязвае веснавы і летні цыклы. Усе рытуальныя дзеянні скіраваны на падвышэнне плодных сіл Прыроды.
Распаўсюджана традыцыя ўпрыгожваць хаты, падворкі, а таксама цэрквы і касцёлы зелянінай, якую называюць май. Часцей за ўсё гэта галінкі бярозы, клёна, ліпы. Таксама выкарыстоўвалі аер і рагоз.
Ваджэнне Куста на Тройцу, в. Меркулавічы, Чачэрскі р-н. 2016 г. Фота Алены Ляшкевіч
Дзяўчаты хадзілі ў лес «завіваць» бярозы (звязваць 2 суседняі галінкі ці галінкі з 2-х суседніх дрэў), кумавацца (абіраць сабе сяброўку на год), варажыць. Сямейныя людзі ездзілі на госці. Абавязковай стравай такіх гасцяванняў была яешня.
5 чэрвеня — Куста. На другі дзень пасля Тройцы (дзе-нідзе на саму Тройцу) па вёсках вадзілі Кусту (Густу) — упрыгожаную зелянінай дзяўчыну, жанчыну ці нават маладую пару. Такі персанаж увасабляе жыццёвую сілу прыроды, па іншых меркаваннях, гэта сімвал продкаў. Так ці інакш Куста (Куст) мусіць спрыяць дабрабыту ды ўрадлівасці.
Фота. Абрад ваджэння Кусты на другі дзень Тройцы ў в.Лобча Лунінецкага раёна Брэсцкай вобласці. Фота Альфрэда Мікуса
5 — 11 чэрвеня — Русальны тыдзень. Вобраз русалкі ў традыцыйнай беларускай культуры вельмі неадназначны. Ён звязаны з вітальнымі (жыццёвымі) сіламі прыроды. З аднаго боку — русалкі спрыяюць урадлівасці. З іншага — могуць прычыніць вялікую шкоду чалавеку.
Тыдзень пасля Зелянца — магічны час, калі трэба быць асабліва асцярожным і пільным, каб не нашкодзіць сабе і наваколлю. З панядзелка да чацвярга нельга было працаваць.
Серада на гэтым тыдні называецца «Градабой» альбо «Серада Русаль». Даследчыкі бачаць у гэтым свяце сляды культу Перуна.
Чацвер на Русальным тыдні — Конскі Вялікдзень. У гэты дзень было табу не толькі на конскую працу, але і на працу ўвогуле — лічылася, што гэта прывядзе да засухі.
Таксама чацвер называлі Наўская Тройца. Было прынята хадзіць на могілкі, упрыгожваць іх маем ды месці бярозавымі галінкамі.
11 — 12 чэрвеня сёлета святкуюць Розыгры (альбо провады Русалкі). Апошнія дні панавання русалак на зямлі. Зараз яны самыя небяспечныя, але ж і больш за ўсё спрыяюць урадлівасці палёў.
Шмат у якіх рэгіёнах Беларусі праводзяць абрадавыя шэсці: абіраюць дзяўчыну з самымі даўгімі валасамі (неад’емны атрыбут русалкі — даўгія валасы). Яе ўпрыгожваюць зелянінай і вядуць у жыта.
22 — 23 чэрвеня — Купалле. Кропка найвышэйшага росквіту Прыроды. Прымеркавана да летняга сонцавароту — самы даўгі светавы дзень (больш за 17 гадзін) і кароткая ноч. Лічылася, што ў гэты дзень зёлкі набываюць найвялікшую моц.
Аснова свята — агонь. Сама назва паходзіць ад індаеўрапейскага кораня kup- прагнуць, кіпець. Купальскае вогнішча шматфункцыянальнае. Праз яго скачуць тыя, хто жадае ачысціцца ад грахоў альбо сурокаў. Пары выпрабоўваюць над ім свае пачуцці і варожаць на будучы лёс: глядзяць, ці расчэпяцца рукі дзяўчыны і хлопца, калі яны разам пераскокваюць праз вогнішча. Таксама на купальскім вогнішчы прасушваюць вопратку хворых людзей, каб яны хутчэй ачунялі, грэюць ля яго слабенькіх дзетак і г.д. Калі ж на досвітку пакупацца ў рацэ альбо пакачацца ў расе, увесь год будзеш моцны ды здаровы.
У Купальскую ноч неверагодную сілу набываюць вядзьмаркі ды ведзьмары і трэба быць пільным, каб не патрапіць пад іх чары. Дзеля гэтага на вокны і дзверы вывешваюць апатрапеі — абярэгі. У якасці такога абярэга можа выступаць любы колючы, рэжучы прадмет альбо калючая, пякучая расліна (крапіва, чартапалох).
У гэтую ж ноч прынята шукаць папараць-кветку, якая дае магчымасць знаходзіць скарбы, разумець мову птушак і звяроў.
26 чэрвеня — Акуліна-задзярыхвост. У гэты час з’яўляецца шмат аваднёў і каровы ад іх укусаў скачуць па выгане, задраўшы хвост. Адсюль і назва дня. На Акуліну было прынята сеяць грэчку.
29 чэрвеня (па грыгарыянскім календары) — Пятрок, дзень святых Пятра і Паўла. Завяршэнне купальскіх святаў. У гэты дзень дзяўчаты хадзілі ў лес і «развівалі» бярозкі, якія былі «завітыя» на Сёмуху. Па тым, ці засталіся звязаныя галінкі жывымі, ці засохлі, меркавалі пра лёс.
У артыкуле выкарыстаны матэрыялы з манаграфіі Алены Ляшкевіч «Традыцыйны каляндар. Нарысы» (Мн.: 2022).
Падрыхтавала Ева Вятрыскіна, budzma.org