Ён прайшоў шлях ад падпольнай семінарыі ў савецкі час да пастыра, які адраджаў каталіцкае жыццё ў Беларусі і пэўны час быў апостальскім адміністратарам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
8 лютага адышоў у вечнасць біскуп Казімір Велікаселец, дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі на пенсіі, які апошнія гады жыў у Гомелі. Паводле паведамлення ў тэлеграм-чаце «Беларусы-каталікі Варшавы», раніцай 8 лютага біскуп яшчэ адпраўляў Святую Імшу ў Гомелі. Затым яму стала блага, і іерарха даставілі ў рэанімацыю. У хуткім часе біскуп-эмерыт памёр.
Біскуп Казімір Велікаселец. Фота Віталія Палінеўскага, catholic.by
Казімір Велікаселец быў найстарэйшым па ўзросце каталіцкім біскупам у Беларусі на момант сваёй смерці. Ён нарадзіўся 5 мая 1945 года ў вёсцы Стараволя Пружанскага раёна ў звычайнай сялянскай сям’і. У пасляваенны час касцёла ў роднай вёсцы не было, таму, бацька вазіў яго роварам у бліжэйшы касцёл у Кобрыне. Адлегласць ад дома да касцёла складала ажно 60 кіламетраў. Казімір Велікаселец казаў, што добра памятае першую споведзь і камунію, як і дарогу да касцёла і назад.
Падчас службы ў арміі ў часы камунізму і атэізму Казімір не згубіў веру. Моцна трымаўся Бога і падчас цяжкай працы зваршчыкам на будаўніцтве ўнівермага ў Вільні. Менавіта ў гэтым гістарычным горадзе Казімір пазнаёміўся з айцамі-дамініканцамі і пастанавіў уступіць у іх ордэн. Здзейсніць задуманае аказалася няпроста. Як паведамляе catholic.by, тры гады ўлады не давалі дазволу на паступленне ў Рыжскую семінарыю, таму Казімір Велікаселец патаемна вучыўся ў доктара тэалогіі ксяндза Вацлава Пянткоўскага ў парафіі Мядзведзічы.
У 1981 годзе будучы іерарх нарэшце быў прыняты ў духоўную семінарыю ў горадзе Рыга. Там Казімір склаў першыя законныя шлюбы ў манаскім ордэне айцоў дамініканаў, а ў 1984 годзе атрымаў святарскія пасвячэнні з рук кардынала Юліяна Вайвадса. Маладога святара прызначылі на яго першую парафію ў Ішкаладзі. Гэта быў час, калі святароў на тэрыторыі Беларусі катастрафічна не хапала, таму айцец Казімір абслугоўваў адразу дзевяць парафій, у ліку якіх былі Гарадзея, Карэлічы і Мір. Малады святар не толькі выконваў пастырскія абавязкі, але таксама адбудоўваў і рамантаваў святыні.
У 1992 годзе ён быў прызначаны генеральным вікарыем Пінскай дыяцэзіі і адначасова служыў у Баранавічах. У 1999 годзе ў Пінскай катэдры айцец Казімір Велікаселец прыняў біскупскае пасвячэнне, якое здзейсніў кардынал Казімір Свёнтак. З гэтага часу іерарх з’яўляўся пастырам Пінскай дыяцэзіі.
3 студзеня 2021 года біскуп Казімір быў прызначаны папам Францішкам адміністратарам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. На гэтай пасадзе іерарх знаходзіўся да 23 кастрычніка 2021 года, пасля чаго вярнуўся ў Пінскую дыяцэзію. 10 кастрычніка 2024 года Папа Францішак прыняў адмову ад пасады дапаможнага біскупа Пінскай дыяцэзіі.
Казімір Велікаселец за час свайго служэння пабудаваў чатыры касцёлы, адзін з якіх — у Гомелі.
Верніца адной з мінскіх парафій падзялілася сваімі ўспамінамі пра біскупа-эмерыта:
«Для мяне асабіста Казімір Велікаселец — малітвеннік... У памяці ўсплывае яго вобраз. Чырвоны касцёл. Каплічка ў дольным касцёле. Там заўсёды можна было сустрэцца з Езусам. І вось на апошнім кленчніку біскуп Казімір. Моліцца. Мір і супакой нёс ён у гэты свет... Вечны адпачынак душы яго. Памятаем у малітве.
А яшчэ яго казанні — глыбокія, простыя, зразумелыя кожнаму чалавеку. Проста хацелася слухаць бясконца. Калі слухала яго, заўсёды ўспамінала кардынала Казіміра Свёнтка».
Постаць біскупа Казіміра Велікасельца застанецца ў памяці вернікаў як прыклад вернага пастырскага служэння ў складаныя для Касцёла і краіны часы.
Час і месца развітання з іерархам пакуль невядомыя.
Відэа, з якога можна больш даведацца пра асобу біскупа Казіміра Велікасельца: