Ушанаванне Францыска Скарыны ў Бярозе

Што было б з усімі намі, калі б людзі нейкім чынам адцураліся ад свайго мінулага, ад сваёй генетычнай памяці, ад сваіх каранёў? Калі б мерылі мы сваю годнасць толькі сучаснымі дасягненнямі і не аддавалі належнае здабыткам нашых слаўных  продкаў? Хіба змагла б наша цывілізацыя дасягнуць такіх вяршынь, каб з веку ў век у сусветную навуковую і культурніцкую скарбніцу кожнае пакаленне людзей у розных канцах свету не рабіла  свой унёсак?

IMAG1469

Нам, беларусам, прыемна ўсведамляць, што 500 год таму назад наш слынны зямляк Францыск Скарына таксама паскорыў ход цывілізацыі ўсяго славянскага свету. Аб гэтым і ішла размова 13 кастрычніка ў базавай школе г. Бярозы, дзе ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” прайшла творчая сустрэча з Валянцінай Осіпавай. Дзеці не толькі з цікавасцю слухалі пра тое, што менавіта беларусам значна раней за іншых народаў пашчасціла атрымаць духоўнае Слова на роднай мове, але і самі прыймалі актыўны ўдзел у гістарычна- інтэлектуальнай віктарыне.

IMAG1472

Найбольш актыўныя ўдзельнікі атрымалі ў падарунак ад кампаніі “Будзьма беларусамі” памятныя паштоўкі і сувеніры. А школьная бібліятэка ў чарговы раз атрымала новыя нумары часопіса “Дзеяслоў”. Творчая імпрэза ў Бярозаўскай школе праходзіла якраз напярэдадні свята Пакровы, якое супадае з днём Маці. Таму ў размове былі закрануты і тэмы адносін з бацькамі і адносіны да Радзімы.

IMAG1492

І дзеці, і настаўнікі выказалі падзяку ўсім, хто праводзіць у жыццё акцыю “500-годнасць”, якая дапамагае нам, беларусам, нягледзечы на складаныя гістарычныя акалічнасці, пачуваць сябе годнай нацыяй.