У суседняй Украіне існуе адчувальная мяжа – культурная, моўная, ідэалагічная, светапоглядная – паміж Захадам і Усходам, а ці ёсць у сучаснай Беларусі такі ўмоўны падзел? Як адрозніваюцца характары жыхароў супрацьлеглых частак краіны? І ці можа гарадзенец не паразумецца з магілёўцам, скажам, праз высвятленне пытанняў шляхетнасці альбо прарасейскасці? Мы папрасілі выказацца прадстаўнікоў беларускага Захаду і Усходу.
Усевалад Сцебурака, паэт: “Апірышчам беларушчыны быў і ёсць менавіта захад краіны”
Калі “заходнікі” – гэта карэннае насельніцтва РБ, якое тэрытарыяльна пражывае на захадзе Менскай, Берасцейскай, Віцебскай абласцей і ўсёй тэрыторыі Гарадзенскай, вызнае традыцыйныя для Беларусі рэлігіі (найперш плыні хрысціянства), геапалітычна і культурна зарыентаванае на Еўропу і значна ў меншае ступені саветызаванае ў папярэдніх пакаленнях (у параўнанні з астатнімі жыхарамі рэспублікі) – то вядома ж, яны, “заходнікі” ёсць.
Безумоўна ёсць. Найперш адметныя яны ў светапоглядзе, у арыентаванасці на каштоўнасці Захаду, ды ў паўсядзённай побытавай культуры. Заходнікі адназначна больш унутрана еўрапеізаваныя (не блытаць з паланізаванымі “касцельнымі палякамі”), іх не палохае Еўразвяз, яны схільныя параўноўваць (бачыць у хаўрусе) Беларусь з Літвой, Польшчай, Чэхіяй, без уласцівай усходнікам аглядкі на Расію. Заходнікі традыцыйна больш спакойна ставяцца да іншых культурных, нацыянальных і рэлігійных супольнасцяў – яўрэяў, палякаў, літоўцаў, татараў, побач з якімі яны стагоддзямі жылі. На ўсходзе часцей сустракаюцца ксенафобскія настроі.
Тыповыя “заходнікі” – месцічы невялікіх гарадоў ды колішніх мястэчак, а таксама жыхары вёсак. Яны – нашчадкі тых, хто нарадзіўся і жыў на Крэсах Усходніх Другой Рэчы Паспалітай. Іх продкі – людзі розных сацыяльных пластоў ад паноў і асаднікаў да беззямельных сялян і жыдоўскай рамеснай галоты – але ўсе яны носьбіты еўропацэнтрычных поглядаў, падкрэсліваю, несавецкага кшталту.
Адрозненні “заходнікаў”
Раз ёсць самі “заходнікі” то, відавочна, ёсць і адрозненні. І яны многа ў чым выражаюцца. Хто б што ні казаў, але культурна нават просты сялянскі падворак у вёсцы на Гарадзеншчыне яўна адрозніваецца ад тыповае гасподы ў Магілёўскай вобласці. І рэч не ў грашах ці этнаграфічнай асаблівасці пабудоваў – справа ў дагледжанасці, наяўнасці палісадаў і гародчыкаў, у лужках з кветнікамі і г. д. Побытавая культура паселішчаў захаду Беларусі кідаецца ў вочы нягледзячы на 45 гадоў агульнага пражывання ў бээсэсэрыі.
У пытанні мовы (ці шырэй беларушчыны) – таксама адрозненні ёсць. Не сакрэт, што, як на пачатку XX стагоддзя, так і цяпер, апірышчам беларускасці быў менавіта захад і цэнтр краіны. Сярод карэcпандэнтаў і чытачоў першай “Нашай нівы” каля 80% былі жыхарамі з таго краю, які мы называем “Захадам”. Блізкая сітуацыя і цяпер. І прасочваецца яна па ўсіх суполках, філіях партый, выніках галасавання за нацыянальных кандыдатаў і г.д.
Варта разумець, што “заходнікі” сталіся такімі не праз адну толькі далучанасць ў 20-30-ыя да Польшчы Пілсудскага, не. Як і Заходняя Украіна, Заходняя Беларусь была стагоддзямі ўключаная ў сферу ўплыву заходнееўрапейскай цывілізацыі і была неад’емнаю часткаю яе – і за часамі ВКЛ, і за часамі РП. Менавіта геапалітычны разлом і цывілізацыйная мяжа робяць адрозненні захаду і усходу Беларусі (як і суседняй Украіны) такімі шматслойнымі і глыбокімі.Праз тое не варта іх зводзіць да банальных асаблівасцяў і дыялектных слоўцаў.
Наконт зневажальнага стаўлення
Сустракаў такія выпадкі. Канешне, гэта залежыць ад канкрэтнага прадстаўніка “Захаду” ці “Усходу”. Што тычыцца мяне, то я часцей сустракаўся з негатыўным стаўленнем з боку “ўсходнікаў” да “заходнікаў”, чым наадварот. Звязваю гэта з тым, што каланіяльныя савецка-расійскія ўплывы зрабілі “ўсходніх” беларусаў больш агрэсіўнымі ў адносінах да Еўропы ў цэлым і да сваіх жа суайчыннікаў на захадзе. З уласнага досведу скажу, што ў 90-ыя ў бытнасць студэнтам гістфаку я сустракаўся з негатыўным стаўленнем да студэнтаў-заходнікаў не з боку сталічных аднакашнікаў, нават не з боку этнічных рускіх, што жылі ў Беларусі (дзеці вайскоўцаў і г.д.), а менавіта з боку братоў-беларусаў з усходу краіны.
Наогул існаванне падзелу не лічу праблемаю, але натуральнай асаблівасцю краіны, што жыве ўвесь час на мяжы розных сусветаў – Усходу і Захаду. Ні ў якім разе не бяруся вымяраць вартасці прадстаўнікоў ці аб’ём унёску ў агульную справу разбудовы краіны. Пры гэтым лічу несумненным той факт, што на сучасным этапе захад краіны ў большай ступені захаваў элементы нацыянальнай самасвядомасці і мае больш акрэслены пазітыўны зарад беларушчыны, які пры правільным яго выкарыстанні імаверна дапаможа і ўсходу на шляху Адраджэння Бацькаўшчыны.
Югася Каляда, пісьменніца: «Толькі падзелу і не стае для поўнага шчасця»
Адзін мой знаёмы хіпстэр практыкуецца ў дасціпнасці ў сваім твітэры, спрабуючы вынайсці нацыянальную ідэю. Так, паводле яго, ліцвіны – гэта беларусы, якія ездзяць у Літву па шмоткі і прадукты. Яму ж належыць і каштоўнае назіранне па вяртанні з Львова: «Заходнія ўкраінцы ненавідзяць усходніх, усходнія – заходніх, а беларусам даводзіцца ненавідзець адно аднаго».
Калі я чую пра «шляхетных заходнікаў» і «калхазанаў-усходнікаў», я пачуваюся надта няёмка. Не з тае нагоды, што мне сорамна за нешляхетнае гомельскае паходжанне. У такіх выпадках я наагул пачуваюся не беларускай: праз краіну, аказваецца, праходзіць трагічны, фатальны разлом на захад і ўсход, а я нават не здагадваюся. Я дагэтуль так і не выгадавала – для супрацьстаяння «западэнцам» – пачуццё годнасці праз належнасць да ўсходняй часткі: не хачу сілкаваць гэтую абсурдную ідэю дыхатаміі, якая – дзякуй богу! – не вядомая ан мас, а толькі гарадзенцам. Краіне з зацертай гістарычнай памяццю (пра калісьці існы падзел у тым ліку), якая за апошнія дзесяцігоддзі ледзь-ледзь нашкрэбла на слабую самаідэнтыфікацыю, толькі падзелу й не стае для поўнага шчасця.
Некаторыя асобныя адэпты гарадзенскай адметнасці любяць дзяліцца сакральнымі ведамі, каб падмацаваць сваю ідэнтычнасць. Усе ведаюць Паўночную і Паўднёвую Карэі, усходнюю і заходнюю Украіну; давайце і мы напляцем якому-небудзь панаехаўшаму ў Сінявокую маскалю пра тое, што і ў беларусаў ёсць сепаратызм.
Хаця найбольш эфектыўна заяўляць пра падзел на захад і ўсход не гасцям з Расіі, а свайму аднагрупніку з-пад Жлобіна – падчас вашай вучобы ў Менску; і тады ідэя падзелу Беларусі на добрую заходнюю і лахоўскую ўсходнюю гарантавана знойдз еводгук.
Да мяне лёс наагул паставіўся надта жорстка. Я, як і ўсе «абмаскаленыя калхазаны», даведалася пра падзел у Менску ад гарадзенца. Але якім чынам! Фацэт з польскім акцэнтам пацікавіўся, адкуль я ёсць: «З Гомеля? О, там радыяцыя!» – і адскочыў ад мяне (я не жартую) на некалькі крокаў.
Адзіную надзею мне дорыць мой знаёмы хіпстэр (той, які напачатку сцвердзіў, што беларусам праз адсутнасць унутрыкраіннага супрацьстаяння даводзіцца ненавідзець адно аднаго): ён – гарадзенец, ён быў у гета (калі вы разумееце, пра што я), і ён не ведае пра падзел.
Падрыхтавала Аляксандра Дорская для budzma.org