Гурт «Разбітае сэрца пацана» збірае сродкі на кліп

Беларускі гурт РСП збіраецца выдаць кліп для мастацкай інтэрпрэтацыі адной з песень новага альбома «Бо вакруг свінарнік, а ты прэкрасней усех» і запусціў з гэтай нагоды краўдфандынгавы збор.

«Razbitaje serca pacana»

«Мы збіраем на кліп для мастацкай інтэрпрэтацыі адной з песень новага альбома «Бо вакруг свінарнік, а ты прэкрасней усех». Гэта будзе кліп пра самоту, карнавал і ціхі дождж, што ўсё вяртае на свае месцы.

Ёсць апрэдзелённы ціп
Зборшчыкаў данатаў —
«РСП» шкрабе на кліп,
Усім ён очэнь нада!
Ёсць ідэя і сюжэт,
Ну а срэдств па ходу нет...
Так што аб’яўляем збор
На прадакшан і вытвор!

Мы хочам распавесці гісторыю, блізкую кожнаму даросламу. Гэта будзе кліп пра тое, як цяжар штодзённасці можа душыць, але ўнутры нас заўжды жыве дзіця, якое хоча радасці, вольнасці і святла. Мы не збягаем ад рэальнасці — мы проста памятаем, што ўнутраная свабода — рэч сапраўдная.

Гэта беларуская гісторыя, зробленая з любоўю і максімальнай аддачай, незалежна і сваімі сіламі. Кожны ваш унёсак — гэта крок да таго, каб беларускі голас працягваў гучаць», — распавядаюць музыкі.

«Разбітае сэрца пацана» («РСП») — гэта беларускі гурт, вядомы сваімі шчырымі, пранізлівымі тэкстамі і музыкай на мяжы рока, попа і электронікі. Песня «Розавы закат» стала хітом нашага часу.

Што атрымаеце вы, калі кліп народзіцца?

— новы відэакліп, зроблены з душой;
— удзел у стварэнні культурнага скарбу, які застанецца назаўсёды;
— шчырую падзяку ад гурта і ўсёй каманды.

А таксама за падтрымку музыкі РСП прыдумалі розныя ўзнагароды: напрыклад, за 15 еўра можна атрымаць паштоўку з Мінска ад Дар’і і падзяку ў цітрах, а за 500 еўра — персанальны канцэрт-сустрэчу і шмат іншых падарункаў.

Як дапамагчы?

Падтрымаць «Разбітае сэрца пацана» можна на сайце Gronka.