Дзіўная рэч. Тыя, хто публічна крытыкуе Ціханоўскага, як правіла, менш цікавыя і аб’ёмныя асобы, чым ён сам. Тыя, хто бароніць Ціханоўскага, больш цікавыя і аб’ёмныя за яго. З першымі, нават калі яны маюць рацыю, не хочацца салідарызавацца. З другімі, нават калі яны памыляюцца, хочацца. Чаму так? Разважае Алесь Кіркевіч.
Алесь Кіркевіч
Магчыма, так адбываецца таму, што публічная крытыка каго-кольвек проста згубіла сэнс. Як у тым савецкім анекдоце, калі дысідэнт раскідваў улёткі са шматпавярховіка. Людзі падымалі аркушы, а яны — пустыя. Бо «і так усё зразумела». Слоў настолькі шмат, што перанасычанасць стамляе.
Словы не каштуюць таго часу, за які ты іх прачытаеш з экрана айфона. Тым больш часу, які будзеш іх рэфлексаваць. Думаць ужо не хочацца. Сітуацыя інфармацыйнай перагружанасці спарадзіла лічбавы мінімалізм. І лічбавую гігіену. Чым больш закладак і падпісак, тым менш ты чытаеш. Чым больш чытаеш — тым менш разумееш.
Інфармацыйная перагружанасць. Малюнак Андруся Такінданга
Адпаведна, палітычная перагружанасць спараджае палітычны мінімалізм. Менш слоў, больш справы. А кожны вялікі тэкст, праграмны ці антыпраграмны, ухвальны ці крытычны, выклікае адно жаданне: зачыніць гэта ўсё і адпісацца ад аўтара.
Дык што там з Ціханоўскім? Ён стаў натуральным «кармільцам» для крытыкаў ужо па факце свайго існавання. Бо шмат гаворыць — ёсць за што зачапіцца. Кожнае слова нараджае шквал крытыкі. І гэта не крытыка ў парадку дыскусіі, а псіхатэрапія для аўтара крытыкі. Гэта не пра Ціханоўскага, а пра таго, хто крытыкуе.
Сяргей Ціханоўскі на акцыі ў Вільні, 28 чэрвеня 2025 года. Фота: «Наша Ніва»
Зразумела, перамогі аб’ядноўваюць, паразы — раз’ядноўваюць. Зараз мы перабываем у паласе паразаў, таму эмацыйная рэакцыя не павінна здзіўляць. Толькі ніякага рацыянальнага сэнсу гэтыя рэплікі не маюць. Нават калі маюць рацыянальныя падставы.
Разумееце розніцу? Падставы для крытыкі — канкрэтныя памылкі палітыка. Сэнс крытыкі — гэта, калі твая крытыка нешта зменіць. А яна нічога не змяняе. Дым у паветры. Сэнсу — няма. Зэро.
Таму, людзі якія зараз бароняць каго-кольвек ад крытыкі ў публічнай прасторы, больш цікавыя і рэзультатыўныя. Яны бароняць не асобу, а саму магчымасць дзейнічаць і на нешта ўплываць, не спыняцца. Сябе бароняць. Магчыма, яны памыляюцца тактычна, але не памыляюцца стратэгічна. Бо захоўваюць дынаміку і веру. Шансаў выжыць у іх болей.
Кожнае слова і кожная справа маюць вагу.
Давайце ўзважваць рэзультатыўнасць. Прычым, найперш — рэзультатыўнасць для самога сябе. Бо плёткі і праклёны, як іржа, раз’ядаюць найперш таго, хто іх прамаўляе.
Плёткі і праклёны раз’ядаюць найперш таго, хто іх прамаўляе. Малюнак Андруся Такінданга
Так, я ведаю дастаткова годных людзей якія гіпер-крытычна ставяцца да ўсяго эмігранцкага палітыкума. Яшчэ больш крытычна, чым я. І слоў не шкадуюць. Але — не ў публічнай прасторы. І, што важна, усе гэтыя людзі робяць сваю справу. Напрыклад, дапамагаюць УСУ — таксама непублічна. Гэта гісторыя пра самадастатковасць і разлік: «Крытыкаваць, каб што?..»
Разам з тым, шмат народу займаецца крытыкай «офіса», «грантацмокаў», «сярожкі і светкі» — як на працу ходзяць. І я не кажу, што гэта не мае падставаў, але гэта не мае сэнсу. Каб за гэтыя працоўныя выхады хоць плацілі — быў бы сэнс. Асабісты. Інакш... навошта?
Вечныя крытыкі таксічныя найперш для сябе саміх. Сабе робяць горш. Адсюль перманентнае ныццё, як усё няправільна, а мы б зрабілі правільна, але ў мінулым ці ў будучыні, бо зараз не тое і ўсе не тыя... таму мы не зробім нічога. І нават калі нарэшце ўсё будзе правільна, ім усё адно не спадабаецца. Ведаеце, чаму? Бо ўсё адбудзецца без іх удзелу.
Кажуць, ёсць усяго тры падставы дэпрэсіі. Калі ты робіш тое, чаго не хочаш. Калі не робіш тое, чаго хочаш. Калі не ведаеш, чаго хочаш і не робіш нічога. Зрэшты апошні пункт пакідае багата вольнай энергіі: для крытыкі іншых.
Алесь Кіркевіч, Budzma.org