Старадаўнія заслаўскія артэфакты, што захоўваюцца ў фондах Гісторыка-культурнага музея-запаведніка «Заслаўе», можна паглядзець на выставе «Стратыграфія Заслаўя».
На выставе можна ўбачыць пакрытыя пацінай вечнасці артэфакты ды даведацца пра археалагічныя помнікі Заслаўя і яго ваколіц — пра тутэйшыя курганныя групы, гарадзішча Замачак і старадаўні заслаўскі замак з палацам, Кальвінскім зборам і вялікай замкавай брамай, пра колішні гарадскі пасад — пра Старое места...
А яшчэ можна будзе пабачыць сапраўдныя археалагічныя цуды — «паверхневыя зборы» ды «выпадковыя знаходкі», што энтузіястыя супрацоўнікі Запаведніка збіралі падчас сёлетніх «масавых земляных работ» у горадзе — не давалі загінуць напамінам нашай спадчыны пад каўшамі бульдозераў.
Выстава «Стратыграфія Заслаўя» будзе працаваць у Гісторыка-культурным Музеі-запаведніку да 28 верасня.