Сёння маем шэраг арганізацый, якія ў неспрыяльных умовах намагаюцца адрадзіць і захаваць нашу культурную спадчыну. Так і раней, у 1930-х, без паўнавартаснай дзяржавы, фактычна пад акупацыяй, працавалі адданыя асобы і ініцыятывы дзеля адраджэння беларушчыны. Адной з такіх ініцыятываў з’яўлялася Таварыства Беларускай Асветы з Антонам Луцкевічам сярод заснавальнікаў. Якія мэты ставіла перад сабой таварыства і што паспела зрабіць, перш чым трапіць пад каток рэпрэсій? Распавядаем у артыкуле.
Прыклад ушанавання беларускіх дзеячаў Таварыствам Беларускай Асветы ў 1933 годзе. Урывак з друкаванага выдання ТБА
Становішча беларусаў у 1930-х гадах — суцэльная трагедыя. На ўсходзе панаваў таталітарны, рэпрэсіўны сталінскі рэжым, які фізічна вынішчаў, сярод іншых, і лепшых прадстаўнікоў нашае культуры. На захадзе было нібы прасцей, але галоўнае адрозненне палягала хіба што ў адсутнасці масавых расстрэлаў беларусаў.
Агульны падыход польскага кіраўніцтва таго часу да нашага народа зводзіўся да поўнага падпарадкавання. Школы, друк, само жыццё знаходзіліся пад прэсам. Аднак беларусы не апускалі рук. З’яўляліся розныя ініцыятывы, якія падтрымлівалі нацыянальны дух.
У 1932 годзе напярэдадні Раства ў Вільні ствараецца Таварыства Беларускай Асветы. Сярод заснавальнікаў выступілі Антон Луцкевіч, Радаслаў Астроўскі, Антон Трэпка і шэраг іншых.
Антон Луцкевіч. Фота з крымінальнай справы НКУС 1939/1940
Грамадскае аб’яднанне пачало выпускаць друкаваную газету «Родны Край» з самага пачатку 1933 года, на старонках якой і знаёміла чытачоў са сваёй дзейнасцю.
У першым нумары выдання знаходзім праграмны артыкул (тут і далей захаваны арыгінальны правапіс — заўв. рэд.):
«Т. Б. А. — Гэтыя тры літары абазначаюць скарочаны назоў новага беларускага культурна-прасьветнага Таварыства, статут якога ўрэшце зацьверджаны ў канцы сьнежня 1932 года. Поўны назоў яго: Таварыства Беларускае Асьветы.
Нашае грамадзянства — з увагі на агульную нездаровую атмасфэру ў Зах. Беларусі — прывыкла да кожнае нова-запачаткванае справы падыходзіць з партыйна-палітычнай меркай. Зара задаецца пытаньне: а якая палітычная партыя ці група распачынае тут працу? Якія ў ініцыятараў палітычныя мэты? І толькі на другім месцы стаіць пытаньне: а што ж мае быць зроблена?
Урывак з друкаванага выданьня ТБА — «Родны Край»
Мусім расчараваць тых, хто гэтак падойдзе да ТБА. Ніякіх спэцыяльных палітычных мэтаў мы сабе не стаўляем, а ўся наша «палітыка» — будзіць беларускія масы да нацыянальнага адраджэньня, падыймаць іх культурны ровень. Мы думаем, што ў гэтай галіне беларускае культурна-нацыянальнае працы ўсе беларускія палітычныя групы ідуць адным шляхам. Дый іначай быць ня можа.
Але мы ў сваёй працы ня хочам і ня будзем служыць вузкім палітычным мэтам тае ці іншае партыі: культурна-асьветная праца ёсьць цэннасьць сама ў сабе, ёсьць той фундамант, без якога беларусы ня могуць удатна бараніць ані сваіх нацыянальных, ані палітычных, ані сацыяльных правоў і інтарэсаў».
Годная заява для пачатку працы, згадзіцеся. Аднак гэты падыход выйшаў «бокам». Ужо праз год ТБА пакінуў адзін са стваральнікаў — Радаслаў Астроўскі, які акурат праз свае палітычныя погляды не здолеў заставацца ў арганізацыі. Справа была ў тым, што Астроўскі выступаў за супрацоўніцтва з так званым «рэжымам санацыі» ў Польшчы, і быў супраць палітыкі Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі, якая адстойвала незалежніцкія погляды. Да збліжэння з БХД імкнуліся іншыя кіраўнікі Таварыства Беларускай Асветы: Луцкевіч і Трэпка, якія не ўхвалялі паланізацыю.
Такім чынам, «палітыка» ў «непалітычнай» арганізацыі стала прычынай расколу.
Місія ТБА і першыя вынікі
Таварыства Беларускай Асветы аб сваёй будучай дзейнасці заяўляла:
«Нашае заданьне — вышуківаць на вёсцы адпаведныя да культурна-прасьветнае працы сілы і арганізоўваць групы-гурткі здольных да актыўнае працы людзей, якія былі б ініцыятарамі і кіраўнікамі беларускае працы на чыста культурным фронце.
Першая і найлягчэйшая задача — сабраць у вёсцы або мястэчку пяць асоб і закласьці гурток ТБА. Вядома, трэба пашукаць людзей, якія разумеюць падставовае значэньне культурнае працы для ўсяго нашага грамадзкага жыцьця. Маючы гурток, закладайце бібліятэчку-чытальню, каб даць вёсцы кніжку, купляць якую пры сучасным крызісе мала хто можа».
Гэта сапраўды было лёгка зрабіць. Ужо праз 2 месяцы з’явіліся першыя вынікі. Беларус са Смаргоні, які падпісаўся як «Свой», у лісце распавядаў:
«Навакол нас пазакладана шмат розных польскіх «кулэк», якія стараюцца ўцягваць і нашу беларускую моладзь. Але на ладжаных «кулкамі» розных танцульках моладзь гэтая толькі пье спад палы самагонку, а потым рэжацца нажамі.
Дык больш сьведамая моладзь пачала думаць аб сваёй уласнай беларускай культурнай працы, змагаючыся з самагонам — добрай кніжкай. Гэтак і паўстала ў нас бібліятэка-чытальня Таварыства Беларускае Асьветы, у якой маем пакуль што 120 кніжак ды спадзяемся мець больш. Кніжкі бяруць людзі з смаргонскае, войстамскае і жодзішкае гміны. Бяда толькі, што маем мала газэт, бо «Родны Край» дастаем толькі два разы ў месяц.
Просім усіх грамадзян прысылаць нам розныя кніжкі, калі ёсьць у каго непатрэбныя. Беларусы! Бярэцеся ўсюды да такое ж працы над падняцьцем асьветы нашага народу!».
Заклік да беларусаў. Урывак з друкаванага выдання ТБА
Далейшыя планы
Кіраўніцтва ТБА працягвала казаць пра планы: «А далей — трэба зладзіць ці то драматычную дружыну, ці сьпявацкі хор, — і вось можна ўжо будзе ладзіць вечарыны. Але не дзеля пустое забавы: перад вечарынай можна і нейкую лекцыю прачытаць — ці то каму з мясцовых людзей, ці запрошанаму з Вільні лектару.
Дый наагул ладзіць такія лекцыі незалежна ад вечарын, а то і проста чытаць грамадой кніжкі або газэты беларускія, а пасьля абменьвацца думкамі аб прачытаным. І прыемна гэта і карысна. Яшчэ больш карысна арганізаваць барацьбу з беларускай непісьменнасьцю. Цяпер дзеці, якія вучацца ў польскіх школах, ня ўмеюць чытаць пасвойму — па-беларуску, бо тамака іх гэтага ня вучаць».
А хіба не сучаснай выглядае гэтая праблема і сёння, напярэдадні 2025 года? Прайшлі амаль сто гадоў, а пачынаць неабходна з таго самага.
Не словам, а справай
Як вядома, прыгожа напісаць ці прамовіць можа шмат хто, а вось пацвердзіць гэта на практыцы — мала хто. Таварыства Беларускай Асветы ад пачатку дзейнасці справаздачылася:
«Аб’ездны тэатр, арганізаваны пры ТБА пад кіраўніцтвам грамадзяніна А. Міхалевіча, пасьля пасьпяховага выступленьня ў Ашмянах рыхтуецца да далейшае працы. У найбліжэйшыя дні тэатр выедзе ў Маладэчна і Вялейку, дзе будзе ставіць дзьве пьесы: «Дзядзьку Якуба» Аляхновіча і спэцыяльна перакладзеную пьесу расейскага аўтара Дымава «Слухай Ізраіль!»».
Ужо ў студзені 1933 года Таварыства Беларускай Асветы прыступіла да арганізацыі першай серыі намечаных бібліятэчак-чытальняў у правінцыі. У Вільню былі выкліканыя кандыдаты на кіраўнікоў бібліятэчак дзеля атрымання «неабходных інфармацыяў і інструкцыяў».
Яшчэ адным пунктам узаемнага непаразумення Таварыства Беларускай Асветы з іншымі актарамі на ніве адраджэння Беларусі стала рэзкая пазіцыя Таварыства. З аднаго боку, яны імкнуліся наладзіць сумесныя акцыі з Таварыствам Беларускай Школы, але з іншага — заахвочвалі нашую моладзь не прымаць удзел у палітычнай барацьбе. За гэта ТБА крытыкавалася БХД і нават камуністамі Заходняй Беларусі.
ТБА на Дзень Волі
25 сакавіка 1933 года адбылося ўрачыстае паседжанне Таварыства Беларускай Асветы ў памяшканні Таварыства, якое, «на жаль, не дало магчымасьці сабараць большае лічбы гасьцей, жадаўшых быць на абходзе, з прычыны цеснаты». Паседжанне распачаў старшыня ТБА С. Кароль, які даў слова «ініцыятару і творцы акту аб незалежнасьці Антону Луцкевічу». У кароткай прамове Луцкевіч адзначыў, што хоць збудаваць сваю незалежную дзяржаву беларусам не ўдалося, аднак гэта не значыць, што і ў будучыні гэта не ўдасца.
Ён сказаў, што не толькі ў нашай свядомасці, але і на міжнароднай арэне ідэя незалежнае Беларусі не памерла, і «толькі што нямецкія і італьянскія фашысты, творачы свае пляны будучага палітычнага падзелу Эўропы, разглядалі Беларусь як аднаго з незалежных сяброў будучага саюзу ўсходнеэўрапейскіх дзяржаваў».
Тая самая сенсацыйная навіна, якую абмяркоўваў увесь тагачасны «беларускі фэйсбук». Урывак з друкаванага выдання ТБА
Паседжанне было завершана спадаром Каралём. Пасля чаго адбылася «скромная супольная гарбатка», у якой прынялі ўдзел звыш 50 асобаў, у тым ліку прадстаўнікі праваслаўнага духавенства. На гарбатцы ўдзельнікі Усебеларускага Кангрэсу і абвяшчэння незалежнасці Беларусі дзяліліся з гасцямі сваімі ўспамінамі аб гэтым акце.
За перыяд дзейнасці ў 1933-1937 гадах Таварыства Беларускай Асветы здолела адчыніць 33 бібліятэкі-чытальні ў розных месцах Заходняй Беларусі.
Польскія ўлады забаранілі дзейнасць выдання «Родны Край» напрыканцы 1936 года, а ўлетку 1937 года пад рэпрэсіі трапіла і само Таварыства Беларускай Асветы.
Здавалася б, нічога экстраардынарнага гэтая арганізацыя не зрабіла за пару гадоў існавання.
Але з адлегласці мы бачым, што нават дробныя высілкі, невялікія акцыі, былі жыццёва неабходнымі для развіцця беларускай культуры.
Так і сёння, у час, калі народная асвета знаходзіцца пад ціскам складаных абставін, нам неабходна працягваць сваю працу па адраджэнні беларускай культуры.
Павал Хадзінскі, budzma.org