Культурніцкі партал budzma.org прэзентаваў новы медыйны праект «Жывая гісторыя». Разам з журналістам Змітром Навіцкім усе ахвотныя запрашаюцца ў віртуальныя вандроўкі па гарадах і мястэчках, сведках вялікіх падзей, якія назаўсёды засталіся ў гісторыі краіны. У нашай гісторыі.
«Жывая гісторыя» – гэта серыя незвычайных рэпартажаў па сакральных месцах Беларусі.
«Жывая гісторыя» – гэта тузін «вандровак», унікальных паводле фармату і зместу.
«Жывая гісторыя» – гэта ўсё, што вы баяліся ведаць пра гісторыю Беларусі.
Наведнікаў рэсурсу кампаніі «Будзьма!» чакае серыя рэпартажаў, прысвечаных знакавым старонкам айчыннай гісторыі. Новым праектам грамадска-культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!” працягвае шэраг асветніцкіх акцый 2012 году, чарговая з якіх рэалізаваная супольна з парталам abw.by. Новы праект працягнецца да канца чэрвеня.
Першая вандроўка ў фармаце “ў пошуках страчанага” прайшла па маршруце Мінск — Нясвіж. “Мармычучы радкі Уладзіміра Караткевіча, небагаты, але добрага роду дваранін па імені Зміцер Навіцкі разам з фатографам Глебам Малафеевым асядлаў жалезнага каня і паехаў па гарадах і мястэчках нашага Вялікага Княства. На жаль, не каб напіцца і п’яным з кручы ў Дняпро скакаць, а каб расказаць шаноўнаму панству пра магдэбургскае права. І пра тое, што ад яго засталося…”
Рэпартаж “Магдэбургскае права: вандроўка ў пошуках страчанага” чытайце тут. Новыя рэпартажы праекту — на сайце budzma.org.