Нацыянальная катастрофа палягае не ў тым, што знешняя сіла вынішчала беларусаў. Трагедыя ў тым, што беларусы нішчылі адно аднога, піша Наста Грышчук для sn-plus.com. У свеце, дзе справядлівасць — фантом, выжываюць не добрыя, а моцныя. Што агаломшвае закалыханых «новым рамантызмам» — наіўнай верай у глабальную дружбу, талерантнасць, у крохкі «цывілізацыйны слой».
Малюнак: Дэпазітфота
Гэты тэкст пісаўся ў даваенны час для чэшскага літаратурнага часопіса Host. У Беларусі друкуецца ўпершыню, з аўтарскімі праўкамі. Першая частка давала абагулены партрэт сучаснай беларускай прозы; сёння размова пойдзе пра тры кнігі, якія займаюць адметнае месца ў сучасным літпрацэсе Беларусі.
Ваўкі на балоце: ніякай магіі
Аповесць Евы Вежнавец «Па што ідзеш, воўча?» стала падзеяй. Паміж ёю і першай кнігай «Шлях дробнай сволачы» — 12 гадоў. Уласна, гэта ўсе кнігі Евы Вежнавец.
Ранняя проза Вежнавец — завострана сацыяльная, тут шмат журналісцкага, будзённага. У новай кнізе пісьменніца адмовілася ад «палітычнага». Больш за тое — адмовілася ад ацэначнасці: у аповесці ёсць злачынцы, забойцы, злодзеі — але няма асуджэння. Вежнавец глядзіць на благое ў чалавеку не як на матэрыял для ўдасканальвання, але як на дадзенасць. Чалавек добры, хаця і злы — няправільная фармулёўка; правільная — чалавек добры і злы. Нішто ў ім не пераважае. Нішто не правільнае.
Завязка такая: алкагалічка і працоўная эмігрантка Рына вяртаецца дадому на пахаванне бабкі-шаптухі. Ад яе Рына пераняла асаблівую мараль. У Беларусі кажуць: з ваўкамі жыць — па воўчы выць. Старая Адзачыміха (ад улюбёнай прыказкі «от зачым») жыла па сваіх законах — законах балота, сілы, помсты. Не крыўдзіць слабога — але ніякай літасці роўнаму. У той жа час, двое ваўкоў могуць паразумецца. Бабка вучыла: сустрэнеш ваўка, скажы яму — мы падзелім шляхі, табе свой, мне — свой.
У «Сабаках Еўропы» Бахарэвіча ёсць частка «Неандартальскі лес», дзе гераіня — шаптуха Бянігна — жыве на два светы, два лясы: андартальскі — цывілізацыя людзей, і неандартальскі — тагасвет. Акурат у такім неандартальскім лесе жыве Адзачыміха. І алкагалізм Рыны вытлумачаецца ейнай падвоенасцю: сучасны свет не прымае «прымхі і забабоны», Рына намагаецца жыць з людзьмі, але ўсё паказвае на ейную прыналежнасць да тагасвету.
Сэрца аповесці — успаміны шаптухі пра мінулае. Гэта не столькі гісторыя роду, колькі хроніка гуманітарнай катастрофы. Вёска ў аповесці — макет краіны, нават цэлага рэгіёну. Паўз вёску прайшлі і паўстанні ХІХ стагоддзя, і бальшавіцкая навала з калектывізацыяй і рэпрэсіямі, і дзве вайны. І ўсё гэта — такое вялікае, такое страшнае — выглядае другасным адносна галоўнай думкі: чалавек чалавеку воўк.
Нацыянальная катастрофа палягае не ў тым, што знешняя сіла вынішчала беларусаў. Трагедыя ў тым, што беларусы нішчылі адно аднога. У свеце, дзе справядлівасць — фантом, выжываюць не добрыя, а моцныя.
Гэта агаломшвае чытача, закалыханага «новым рамантызмам» — наіўнай верай у глабальную дружбу, талерантнасць, у крохкі «цывілізацыйны слой».
Так спакойна і так бязлітасна праўду пра чалавека даўно ніхто не прамаўляў — прынамсі, у беларускай літаратуры. Акурат у гэтым мне бачыцца адметнасць аповесці — а не ў высковай аўтэнтыцы ці экзатычнай мове гераіні.
Усходняя Еўропа: дэкарацыі апакаліпсісу
У 2019 годзе Ілля Сін «нечакана стрэліў» з кнігай «Лібіда», сабраўшы захопленыя водгукі крытыкаў і калег. Выраз «нечакана стрэліў» бяру ў двукоссе, таму што нічога нечаканага, насамрэч, не адбылося. Сін усяго толькі пайшоў насустрач рэалістычнай традыцыі ў літаратуры: як заўважае анатацыя, «гэта першая кніга Іллі Сіна, у якой ёсць такія ўласцівасці прозы, як герой і сюжэт».
Герой і сюжэт у Сіна, канечне, былі і раней. Справа ў іншым: не было звыклага рэалістычнага аповеду. Мова Сіна — метамова, то бок, прамаўляючы, ён заўжды мае на ўвазе штосьці іншае. Да «Лібіда» — напрыклад, у кнігах «Нуль» і "Тэатральныя дэманы«— ён насяляў экзістэнцыйную пустату звыродлівымі праявамі жыцця — праз гратэск, іронію і інш. Напрыклад, сцэнкі з «Карнавала на вуліцы Гідраўлічнай», дзе ў час народнага свята збіраюцца смажыць жанчын, а ў дварах блукаюць педафілы. Натуральна, размова ідзе не пра канібалізм і педафілію як такія, размова пра двурушнасць і драпежнасць соцыума, пра тое, як людзі штодня забіваюць адно аднога псіхалагічна, ці маральна, як вам больш падабаецца.
Наколькі пачварная, трагічная з’ява, пра якую піша Сін, настолькі ж звыродлівыя, антыэстэтычныя мастацкія сродкі ён абірае.
Разбурыўшы абсурдны свет яго ж зброяй, Сін убачыў, што штосьці ўсё адно трымае парэшткі між сабой. Ёсць штосьці акрамя сацыяльных канструктаў, штосьці па-за людзьмі, ад нас не залежнае. Так, магчыма, Сін прыйшоў да «Лібіда» — пераасэнсавання жыція святой Марыі Егіпецкай. Аповесць — мастацкі пошук адказу на пытанне, што робіцца з душою, калі яна пераходзіць у стан святасці.
Ён сканструяваў правінцыйны постсавецкі горад, дзе людзі жывуць у духойнай ізаляцыі. Горад выглядае дэкарацыяй, забытай вандроўным тэатрам. Тут усё адначасова рэчыўнае і прывіднае, сувязі паміж аб’ектамі разбураныя. Знікла само жыццё — лібіда, штосьці, што прыцягвае і разводзіць лёсы, з чаго паўстаюць сувязі і супадзенні, якія мы называем лёсам.
Галоўная гераіня Марыя — былая порнаакторка. Яна ўвайшла ў гэтую мёртвую прастору, каб пахаваць сябе. Але ў вакууме нечакана высветлілася, што Марыя жывая. Больш за тое, яна аказваецца ці не адзінай душою тут. Яна верыць, што збавенне прыйдзе звонку, але збавенне ў ёй самой.
Сін настолькі спрактыкаваўся ў дэканструкцыі мыслення, што слова ў яго руках ператварылася ў атам, з якога можна стварыць любое рэчыва. Мысленне чытача, падпарадкуючыся стылістыцы кнігі, запавольваецца; ты максімальна засяроджаны на кожнай з адзінак пісьма. Такім чынам, гэта кніга-медытацыя: выходзіш з яе іншым чалавекам.
Дадам яшчэ, што ўмоўная прастора — поставецкая краіна, Усходняя Еўропа — не азначае, што такі стан рэчаў (духоўная атрафія, апатыя, смерць) характэрны выключна для нашага рэгіёну. Цалкам справядліва сказаць, што Сін стварыў карціну гуманітарнай катастрофы ўвогуле; такі стан наступае не ў залежнасці ад геаграфіі, а калі чалавек перанасычаны інфармацыяй, атручаны спажывецтвам і г.д.
«Тэксты пра тую Еўропу, якую ён прыдумаў, каб не звар’яцець»
Так Альгерд Бахарэвіч кажа пра героя «Сабак Еўропы», пісьменніка-эмігранта, які пісаў на прыдуманая мове бальбуце і марыў пра свабоду. Ці трэба казаць, што «Сабакі Еўропы» і ёсць такія тэксты, а Бахарэвіч — той самы эмігрант.
Шэсць частак, шэсць герояў, якія жывуць у розных часах і абставінах, але штораз гэта гісторыя пра Беларусь і чалавека, які змагаецца з сістэмай.
Мянчук Алег Алегавіч стварае мову бальбута. Хлопчык з апакаліптычнай будучыні адкрывае для сябе Беларусь. А недзе ў Еўропе дэтэктыў раскрывае асобу памерлага ў гатэлі мужчыны — труп быў паэтам, які прыехаў з-за Мяжы, са страшнага ўсходняга Райху: «Неяк ён пачуў ад аднаго эмігранта: калі ты з Усходняй Еўропы, тваё нараджэнне — гэта пахаванне зажыва». Так Бахарэвіч паказвае стэрэатыпны погляд абагульненага заходнееўрапейца на нялюбага ўсходняга брата.
Пра кожнага героя можна сказаць радком з верша «Сабакаловы»: «Харошы сабачка, але ў сабачкі балячка».
Калі творчасць нараджаецца з канфлікту, то канфлікт Бахарэвіча ўнутраны: ён ненавідзіць балота, з якога выйшаў, і не можа яго пакінуць. Можна сказаць і пра своеасаблівую форму Эдыпавага комплексу: фігуры маці і бацькі зліваюцца ў адну — Мову, і на яе накіраваныя і вялікая любоў, і вялікая нянавісць: «Брысь, мова, брысь. Ты ўдосталь нацешылася. Табой не заробіш, не заб’еш, не пабавішся, цябе ўжо не забудзеш...».
Акрамя хронікі невідочнай вайны за права «чалавекам звацца» ў «Сабаках Еўропы» цікава назіраць за стасункамі аўтара і мовы. У нейкі момант Бахарэвіч спускае мову з ланцуга рацыянальнага і весці аповед пачынае яна. Што не заўжды ідзе на карысць кампазіцыі, але бясцэнна з пункту гледжання псіхалогіі творчасці. Да ўсяго — гэта інтымны прывет Джойсу, чыйго «Уліса» Бахарэвіч асабліва цэніць.
«Сабакі Еўропы» — проза, напісаная паэтам. Аўтарская прысутнасць тут не тое што не хаваецца — у многіх героях пазнаецца сам Бахарэвіч. Урэшце, аўтар даходзіць да сатырычнага падваення: у адной аповесці жывуць пісьменнік Бахарэвіч і герой, які лічыць Бахарэвіча нудным. Больш за тое:
«Некалі я іх любіў... Пакуль не адкрыў для сябе іншыя кніжкі. І высветлілася тое, у чым я не стаў бы прызнавацца прылюдна. Што белліт другасны...».
P.S. Акурат у гэтай хваравітай шчырасці мне бачыцца моцны бок кнігі і галоўнае аўтарскае дасягненне. Сам Бахарэвіч часцей звяртае ўвагу на быццам бы прадказанні і прароцтвы, выказаныя ў «Сабаках...». Але не трэба быць геніем, каб разумець, да якой будучыні прыйдзе Беларусь пры нязменнасці цяперашніх умоваў.
А вось раскрыць свой цёмны бок — цёмны, калі глядзець на яго з пункту гледжання ўра-патрыётаў, якіх і ў нас хапае... Гэта ўжо мужнасць. І гэта праўда, пра якую казаць нязручна, праўда, актуальная для вялікай колькасці беларусаў, якія як найменей адмовіліся ад роднай мовы, бо яна непрактычная ў побыце, а як найболей — змянілі грамадзянства і ідэнтычнасць, забыўшыся на беларускасць як на страшную дзіцячую траўму, якая ледзьве не зламала жыццё.
Сёння — пагатоў.