Калі «дзякуй» і «калі ласка» — ужо не выклік, час знайсці розніцу паміж «шуфлядкай» і «шворкай». Сабралі бясплатныя праграмы, тэсты і відэа для тых, хто ведае азы беларускай мовы і хоча ісці далей.
Ілюстрацыя створана з выкарыстаннем ШІ
Чытайце яшчэ:
Ад літар да слоў: шэсць лічбавых праектаў для першых крокаў у беларускай мове
Мабільная праграма для тых, хто хоча пашырыць слоўнікавы запас. Тут больш за 3000 слоў, разбіты па тэмах ад медыцыны да мастацтва. Ёсць адмысловыя лексічныя падборкі ад беларускіх музыкаў. Даецца тлумачэнне лексічнага значэння словаў і прыклады сказаў, у якіх яны ўжытыя. У наладах можна выбраць адну з трох моваў інтэрфейсу і вучыць беларускую нават праз ангельскую.
Інтэрфейс мабільнай праграмы «Mova: belarusian language». Скрыншот з мабільнай праграмы для iOS
Асаблівасці праграмы:
Націскі ў словах не пазначаны.
Словы маюць агучку.
Пераклад слоў ёсць.
Лексічнае значэнне слоў ёсць.
Прыклады сказаў са словам ёсць.
Карцінкі для ілюстрацыі слова ёсць.
Мова інтэрфейсу: беларуская, ангельская, расейская.
Mova: belarusian laguage для Android.
Mova: belarusian lanuage для iOS.
Гэтая мабільная праграма дае магчымасць вучыць лексіку, разбіраць граматыку, выконваць тэсты і чытаць цікавосткі пра беларускую культуру.
Інтэрфейс мабільнай праграмы «Mova 2.0». Скрыншот з мабільнай праграмы для Android
Стваральнікі абяцаюць навучыць словам штодзённага ўжытку «ад шуфлядкі да лаянкі». Блок «Граматыка» з кароткімі правіламі нагадвае школьны падручнік. Веды можна праверыць у блоку «Тэсты», але па некаторых тэмах яны недасяжныя, бо яшчэ распрацоўваюцца.
У блоку «Цікавінкі» сабраныя кароткія тэксты на розныя тэмы: ад прымавак да парадаў па стасунках з ЖЭСам. Тут жа ёсць гульня «Знайдзі слова»: у квадраце сярод літар трэба адшукаць схаваныя словы.
Асаблівасці праграмы:
Націскі ў словах пазначаны.
Словы не маюць агучкі.
Пераклад на расейскую ёсць толькі для некаторых слоў.
Лексічнага значэння слоў няма.
Прыклады сказаў са словам ёсць.
Малюнкі для ілюстрацыі слова ёсць.
Мова інтэрфейсу: беларуская.
Мабільная гульня, у якой сабраны 277 слоў з адпаведнымі малюнкамі. Падаецца, мала, але словы выбраны такія, якія непадобныя да расейскіх — ад шыдэлка да шворкі.
Інтэрфейс мабільнай праграмы «Sloucy». Скрыншот з мабільнай праграмы для iOS
Логіка гульні: з шасці фотаздымкаў трэба выбраць той, што адпавядае напісанаму слову. Да кожнага слова праграма мае некалькі варыянтаў малюнкаў. Таму ў кожным раўндзе даводзіцца пільна шукаць патрэбны і дакладна разумець значэнне слова.
Асаблівасці праграмы:
Націскі ў словах пазначаны.
Словы не маюць агучкі.
Перакладу слоў няма.
Лексічнага значэння слоў няма.
Прыкладаў сказаў са словам няма.
Малюнкі для ілюстрацыі слова ёсць.
Мова інтэрфейсу: беларуская.
Гульня ў словы, якая працуе праз браўзер. Старонку можна дадаць на галоўны экран тэлефона, і яна будзе выглядаць, як звычайная праграма. Гульня існуе больш чым на 50 мовах і штодня збірае да 10 мільёнаў гульцоў ва ўсім свеце. Беларускамоўную версію за два дні зрабіў праграміст Дзмітрый.
Інтэрфейс гульні «Ўордлі» для браўзера. Скрыншот гульні
Задача гульцоў — адгадаць слова з пяці літар за шэсць спроб. Пасля кожнай спробы праграма падсвечвае літары, якіх у слове няма, якія стаяць не на сваім, а якія на сваім месцы.
Згуляць можна толькі раз на дзень. Новае слова з’яўляецца пасля апоўначы. Калі адгадаць не атрымалася, праграма пакажа правільны адказ і дасць спасылку на старонку ў слоўніку з гэтым словам.
Скрын са старонкі «Моўныя тэсты». Фота: svaboda.org
Тэсты на сайце «Радыё Свабода» працуюць у браўзеры і не маюць мабільнай праграмы. Яны знаёмяць з адметнымі беларускімі словамі, якія адрозніваюцца ад расейскіх. Напрыклад, у беларускай мове «скалка» зусім не датычыць працы з цестам.
Рубрыка абнаўляецца рэдка, але на старонцы ўжо ёсць больш за 80 тэстаў. Першы тэст палічыць колькасць беларускіх слоў, якія вы ведаеце.
Скрыншот з YouTube-канала «Гоман»
Відэакурс беларускай мовы на Youtube ад праекта «Годна». Вядучыя — музыка Андрусь Такінданг і мовазнаўца Аляксей Шэін. Кожны выпуск прысвечаны адной штодзённай тэме ад вітанняў да надвор’я. Вядоўцы тлумачаць словы па-беларуску, але часам перакладаюць на расейскую.
Фармат відэа:
• Колькасць відэа: 8.
• Працягласць аднаго відэа: каля 40 хвілін.
Скрыншот з YouTube старонкі «#Моваздома»
Кароткія відэа на Youtube ад праекта «Арт Сядзіба». Вядоўца Саша Бабкова тлумачыць словы, у якіх беларусы часта памыляюцца: сабе ці сябе, табе ці цябе, па вуліцам ці па вуліцах і іншыя.
Фармат відэа:
• Колькасць відэа: 11.
• Працягласць аднаго відэа: каля 2 хвілін.
Скрыншот з Instagram старонкі «Толькі пра мову»
Кароткія відэа і карткі ў Instagram і Tiktok ад мовазнаўцы Вінцука Вячоркі і яго каманды. Яны тлумачаць значэнні беларускіх слоў і розніцу паміж беларускай і расейскай лексікай.
Праект пачынаўся на Facebook, дзе суполка дагэтуль працуе як форум: кожны можа задаць моўнае пытанне, на якое адкажуць Вінцук Вячорка і іншыя ўдзельнікі. Перад запытам варта зрабіць пошук у суполцы. Верагодна, адказ ужо існуе.
Гэты праект вылучаецца тым, што яго кантэнт кантралюе мовазнаўца, таму ён заслугоўвае большага даверу. Адначасова раім падпісвацца на іншыя беларускамоўныя старонкі, якія вам даспадобы, каб атачаць сябе беларускай мовай штодня. І аднойчы раніцай вы адгадаеце слова ў «Ўордлі» з першай спробы і зразумееце, што дарогі назад ужо няма.
Ганна Ажына, budzma.org
Калі вы працуеце ў Літве, вы можаце падтрымаць «Будзьма беларусамі!», пералічыўшы нам 1,2% ад сваіх падаткаў. Вам уласна гэта не будзе каштаваць анічога.