Праект #framedinBelarus мастачкі Руфіны Базловай, прысвечаны палітзняволеным, выстаўляўся на Міжнародным трыенале тканіны ў польскай Лодзі. Гэта найбуйнейшая і найстарэйшая ў свеце падзея, прысвечаная сучаснаму тэкстыльнаму мастацтву. Мы пагутарылі з Руфінай пра тое, як выглядае праект знутры (спойлер — вышывае не толькі яна сама), і як мяняюцца планы па яго рэалізацыі.

Руфіна Базлова на фоне сваёй экспазіцыі на трыенале тканіны ў Лодзі
У назве праекта #framedinBelarus ангельскае framed значыць «змешчаны / загнаны ў рамкі», «несправядліва абвінавачаны», «абылганы». Ён прысвечаны гісторыям беларускіх палітвязволеных. #framedinBelarus афіцыйна стартаваў увосень 2021 г. і стаў працягам папярэдняга цыклу прац Руфіны Базловай — «Гісторыя беларускай выжыванкі».
Першапачатковая мэта праекта #framedinBelarus, як паведамляецца на яго сайце, — «стварыць партрэты кожнага незаконна асуджанага чалавека з выкарыстаннем традыцыйнай беларускай тэхнікі вышывання чырвонай ніткай па белым фоне». Канчатковай формай праекта спачатку заяўлялася «калектыўнае палатно з усіх вышытых партрэтаў, якое сімвалізуе повязь палітычных падзей і людскіх лёсаў». Аднак жыццё ўносіць свае карэктывы. Калі праект пачынаўся, у Беларусі было 600 палітзняволеных.
Руфіна Базлова. Фота Дар’і Рудзько
«Я думала: як шмат, як я гэта зраблю?» — задавалася пытаннем Руфіна Базлова. На дадзены момант у межах праекта зроблена 685 вышывак з вобразамі палітычных зняволеных. І гэта толькі малая частка тых, хто фактычна з’яўляюцца палітзняволенымі. «Цяжка сказаць, калі праект будзе завершаны. Я думала, усіх вышыем, але зараз ужо зразумела, што немагчыма ўсіх. Праект захоўваецца ў форме суцэльнага архіву. Палітзняволеным, якія вызваліліся, мы іх вышытыя вобразы не перадаем. Але ж некаторыя ўдзельніцы праекта рабілі дзве вышыўкі і копію дарылі палітзняволеным ці іх сваякам. Можа быць, у будучыні аддамо архіў на захаванне ў музей, бо важна захаваць гэтую спадчыну», — кажа мастачка.

Вышыўка, прысвечаная Дзмітрыю Дубкову
Праект #framedinBelarus робіцца ў тэхніцы вышыўкі крыжыкам. Яна з’явілася ў беларускай вёсцы адносна позна, у ХІХ ст., але паспела стаць традыцыйнай, пераняўшы некаторыя старэйшыя ўзоры і месца размяшчэння на тэкстыльных вырабах.
«Для мяне важна, каб з першага погляду можна было зразумець, што мая мова выжыванкі спасылаецца на традыцыйныя формы беларускага арнаменту, у аснове з ромбам. Памятаю, як многія смяяліся, калі бачылі вышытыя аўтазакі з квадратнымі коламі», — распавядае Руфіна Базлова.

Фрагмент вышыўкі «Сага пратэсту»
Праект #framedinBelarus з кастрычніка 2025 г. выстаўляўся на Міжнародным трыенале тканіны ў Музеі тэкстыльнай прамысловасці польскага горада Лодзь. Гэта найбуйнейшае і найстарэйшае ў свеце мерапрыемства, прысвечанае сучаснаму тэкстыльнаму мастацтву. Сёлета трыенале адзначыла 50-годдзе.
У апісанні праекта Руфіны Базловай у Лодзі было пазначана: «Дзякуючы выкарыстанню народнай вышыўкі гэтыя працы становяцца неканвенцыянальным інструментам палітычнага пратэсту. Вышыўцы часта прыпісваюць чыста дэкаратыўную функцыю, але мастачка трактуе гэты «слабы» бок як моцны — сістэма недаацэньвае патэнцыял гэтага віду мастацтва, лічачы яго неістотным» (пераклад на беларускую і адаптацыя Алесі Лях — рэд.).
На адным з варштатаў
Закрыццё трыенале адбудзецца 12 красавіка. Падчас яго Руфіна Базлова правядзе майстар-клас. За два тыдні да гэтага падобны варштат прайшоў у Музеі Вольнай Беларусі ў Варшаве. Мастачка распавядае, што звычайна на такія заняткі прыходзіць прыкладна па 10-15 чалавек. На варштатах людзі бліжэй знаёмяцца з праектам #framedinBelarus і спрабуюць тэхніку вышыўкі крыжыкам на маленькіх тэставых схемах, якія можна пакінуць сабе. На мерапрыемстве можна ўзяцца і за вялікую схему з гісторыяй палітзняволенага ці зняволенай і такім чынам стаць «амбасадарамі» праекта #framedinBelarus. Такая схема вышываецца прыблізна 20-30 гадзін, таму яе дапрацоўваюць дома і потым высылаюць Руфіне.

Вышыўка, створаная ў межах праекта #FRAMED IN BELARUS
У праекце можна было паўдзельнічаць не толькі праз варштаты, але і самастойна. Людзі рэгістраваліся на сайце, атрымлівалі схему для вышыўкі, створаную Руфінай Базловай. Потым куплялі матэрыялы, вышывалі і дасылалі вынік па пошце. На год праект перайшоў у неактыўную фазу: «Перапынена стварэнне новых схем, рэгістрацыя ўдзельнікаў вышывання, правядзенне варштатаў», — кажа Руфіна Базлова. Майстар-класы ў Польшчы былі выключэннем, таму што засталіся схемы, якія нехта не давышываў.
Архіў з усімі вышыўкамі захоўваецца ў майстэрні Руфіны Базловай у Празе. Акрамя ўласна вышытых прац людзі дасылаюць асобныя каментары і здымкі працэсу вышывання. Увесь матэрыял існуе, акрамя фізічнага, у лічбавым фармаце. Архіў выкарыстоўваецца ў розных формах.
«Найчасцей робім выставы, — кажа мастачка. — Працы розныя. Залежыць ад матэрыялу, які людзі абіраюць. Ёсць маленькія кавалкі, 29 на 29 см, а ёсць вялікія, больш за метр на метр. Ёсць і нестандартныя, напрыклад, кашуля ці навалачка.
Мастацкі праект #framedinBelarus — гэта не толькі пра гатовыя артэфакты (схемы ці вышыўкі), сеткаванне і дакументацыя архіву гэтай салідарнасці — гэта ўсё мастацкая праца».

Праца Save Mariupol (Выратуйце Марыупаль) на гала-вечары Прэміі ў галіне правоў чалавека імя Вацлава Гавела, якая адбылася 30 верасня 2025 г. у касцёле Pražská Křižovátka
Часткі праекта #framedinBelarus экспанаваліся ў Польшчы, Чэхіі, Нарвегіі, Латвіі, Літве, ЗША, Бельгіі, Італіі і іншых краінах. Прайшло больш за 20 выстаў і больш за 40 майстар-класаў.
«У Варшаве быў другі за ўвесь час існавання праекта майстар-клас , які я рабіла менавіта для беларускай аудыторыі, — кажа Руфіна Базлова. — Першы прайшоў для дыяспары ў Дзюсэльдорфе. Звычайна на варштаты прыходзяць пераважна іншаземцы, а беларусаў далучаецца па некалькі чалавек. Бываюць рускамоўныя людзі з розных краін. Хтосьці цікавіцца вышыўкай, хтосьці сочыць за палітычнымі падзеямі, у тым ліку ў Беларусі. Часткова, я думаю, прыходзіць проста сталая аўдыторыя тых лакацый, дзе праходзяць варкшопы».
Наступная буйная презентацыя праекта #framedinBelarus адбудзецца ў межах міжнароднага біенале Matter of Art у Празе, якое адчыніцца 11 чэрвеня ў Нацыянальнай галерэі Veletržní palac і будзе экспанавацца да пачатку верасня 2026 г. «Гэтым разам мы плануем паспрабаваць новы фармат прэзентацыі і паказць максімальную колькасць прац. Таму сапраўды раю прыехаць!» — кажа Руфіна Базлова.
Алеся Лях, budzma.org
Фота з сайта framedinbelarus.net і асабістага архіву Руфіны Базловай
Калі вы працуеце ў Літве, вы можаце падтрымаць «Будзьма беларусамі!», пералічыўшы нам 1,2% ад сваіх падаткаў. Вам уласна гэта не будзе каштаваць анічога.