Выйшла новае відэа на канале CHADANOVIČ пра сучасную беларускую пісьменніцу Еву Вежнавец і найлепшую кнігу Беларусі апошніх гадоў «Па што ідзеш, воўча?» Гэты раман — даследаванне феномена беларускай улады і жорсткая дыягностыка беларусаў.
У новым выпуску:
— якія паралелі ёсць паміж кнігамі Вежнавец і Маркеса;
— чаму раман «Па што ідзеш, воўча?» не падобны на кнігі Караткевіча;
— прыказкі, прымаўкі і смачныя мастацкія вобразы ў рамане — у чым феномен;
— як у кнізе апісваюцца жахлівыя карціны яўрэйскіх пагромаў, пра якія гаварыць і чытаць невыносна, але маўчаць немагчыма;
— чаму раман Вежнавец — выдатная партызанская школа жывой беларускай мовы;
— як перадаць рэч з гэтага света на той — магічны рэалізм твора «Па што ідзеш, воўча?»;
— чаму нямецкі трактар — адзіны пазітыўны персанаж у кнізе.
Вось некалькі думак з відэа:
Зразумела, дзе ўлада, там сацыяльная несправядлівасць. Бо таму, хто мае, дасца яшчэ болей, а хто мае вобмаль, у таго забяруць і апошняе. І сам раман, па-першае, гэта даследаванне феномена нашай улады, усіх уладаў, якія рэдка бывалі сваімі, а з большага чужымі, і рэдка бывалі чалавечымі, наўпрост кажучы ніколі імі не бывалі.
Дзевяць уладаў, апісаных у кнізе, намякаюць і на сённяшнюю, крывавую і нелігітымную, але нельга сказаць, што выпадковую, бо прырода гэтай улады вынікае з усіх папярэдніх.
«Ці ваўкі, ці ўласці» пішуцца ў аўтаркі праз коску. Гэта не сінонімы, гэта не ідылічны свет Уладзіміра Караткевіча, дзе добрыя людзі асобна, а кепская ўлада асобна. Нешта ваўчынае глыбока прысутнічае ў нашай уласнай прыродзе, таму кніга Евы Вежнавец — гэта жорсткае даследаванне беларусаў, якія ў розных пакаленнях у розныя часы змагаюцца самі з сабой і знішчаюць адно аднаго.
Вытрымліваем ваўчыны позірк сённяшняй беларускай улады, не адводзім свае сумленныя вочы і разам крочым да перамогі. Глядзім новае відэа Андрэя Хадановіча, ставім падабайкі, каментуем і дзелімся з сябрамі і сяброўкамі: