22 красавіка ў Беларускім доме культуры і супольнасці ў Вільні адбылося адкрыццё выставы ўкраінскіх фатографаў з сімвалічнай назвай «Ваенны амулет». Гэта сумесны праект кіраўніка клайпедскім аддзяленнем фотамастакоў Літвы Дарыўса Вайчэкаўскаса і Віленскага беларускага музея Івана Луцкевіча. На адкрыццё выставы прыйшлі і віленскія беларусы, і ўкраінскія уцекачы, і карэнныя віленчукі, зацікаўленыя тэмай мерапрыемства.
Выстава «Ваенны амулет» у Беларускім доме супольнасці і культуры
На выставе прадстаўлены працы трох украінскіх фотамастакоў: Сяргея Мельнічэнкі, Андрэя Ламакіна і Аляксея Харэя.
здымак Сяргея Мельнічэнкі
На пытанне, як прыйшла ідэя такой выставы, адказвае куратар Віленскага беларускага музея Івана Луцкевіча Паўліна Вітушчанка: «Мы хацелі зрабіць нейкую выставу на ўкраінскую тэму, бо пра што яшчэ зараз можа быць выстава? У нас былі розныя ідэі, але былі і пэўныя рызыкі: не хацелася паразітаваць на ўкраінскай праблематыцы. Для нас сталася вельмі натуральным шляхам звярнуцца да людзей, якія даўно працуюць з гэтай тэмай, для якіх гэта будзе проста абсалютна натуральная экспрэсія іх працы, іх падтрымкі. Таму вельмі рады, што знайшоўся Дарыўс, які сапраўды даўно з гэтым працуе».
Пра супрацу з украінскімі і беларускімі фотамастакамі распавёў куратар выставы Дарыўс Вайчэкаўскас: «Мы шмат супрацоўнічаем з фатографамі з Беларусі і Украіны. Шмат камунікуем, працуем разам, абменьваемся выставамі.
Напрыклад, гэтай зімой у нас праходзіла выстава беларускіх фатографаў. Справа ў тым, што ў канцы 2019 года мы рабілі ў Клайпедзе вялікую выставу сучаснай украінскай фатаграфіі. Тады ў мяне быў план як у куратара зрабіць такі ж вялікі праект пра сучасную беларускую фатаграфію. У працэсе падрыхтоўкі гэтай выставы з’явіліся таксама працы з відэа, калажы, што не з’яўляецца ў пэўным сэнсе фатаграфіяй. Тады мы вырашылі назваць праект "Выстава сучаснага беларускага мастацтва на падмурку фатаграфіі". Мы павінны былі рабіць гэтую выставу ў канцы 2020 года, усё было ўжо запланавана, але пасля выбараў у Беларусі ў жніўні змест выставы моцна змяніўся: многія аўтары зрабілі новыя актуальныя здымкі. Да таго ж, у канцы 2020 года ўся Літва закрылася на карантын. Тады мы перанеслі выставу на канец 2021, і вось у канцы мінулага года нарэшце адбылося адкрыццё выставы. Канешне, з таго моманту сітуацыя моцна змянілася. Калі ў канцы 2020 мастакі, як і многія людзі ў Беларусі, мелі адзін настрой, то ў 2021 годзе настрой у іх быў ужо зусім іншы. Дарэчы, некаторыя аўтары не захацелі нават, каб агучвалі іх прозвішчы. Шмат аўтараў, якія знаходзіліся ў Беларусі, не мелі магчымасці прыехаць на выставу. Было трошкі крыўдна, што не можам ужо так спакойна выстаўляцца, але ўсё адно гэта была вельмі вялікая і актуальная выстава. Там была паднятая тэма гвалту: і гвалту з боку дзяржавы, і хатняга гвалту ў дачыненні да жанчын. Выстава была месяц: да сярэдзіны студзеня гэта года. Мы назвалі яе "Чырвоная лінія": як чырвоная лінія на беларускіх нацыянальных сцягах, і як тая лінія, якую перайшлі...»
Выстава беларускіх мастакоў «Чырвоная лінія». Крыніца: kulturpolis.lt
Калі казаць пра ўкраінскіх мастакоў, то з імі клайпедскае аддзяленне фотамастакоў Літвы таксама мае вельмі шчыльныя сувязі. Напрыклад, у дваццатым годзе рабілі вялікі праект — месяц літоўскай фатаграфіі ў Кіеве.
здымак Андрэя Ламакіна
«24 лютага раніцай я даведаўся праз Фэйсбук і праз навіны, што ноччу пачаліся баявыя дзеянні. Я адразу пачаў пісаць сваім сябрам з Украіны, пытаць, як яны, — распавядае Дарыўс Вайчэкаўскас гісторыю стварэння выставы. — Ужо два месяцы стала кантактуем. Мы абвесцілі выклік, і да нас прыехалі сем жанчын з Украінай: пяць мастачак, дзве фатографкі.
Што датычыцца маіх сяброў-фатографаў, то яны ў асноўным засталіся ва Украіне, бо там усеагульная мабілізацыя, і не ўсе могуць выязджаць з краіны. Да таго ж, большасць маіх сяброў і не хочуць з’язджаць, каб нават і мелі магчымасць. Тыя фатографы, хто старэйшыя, сапраўды з’ехалі ў Еўропу. Некаторыя з астатніх, калі мелі магчымасць, паехалі ў Львоў ці Івана-Франкоўск, дзе спакайней. Але фатографы — гэта такія людзі...Некаторыя мае сябры пішуць, што не хочуць ехаць нават у Львоў, бо, знаходзячыся ў Кіеве або ў Харкаве, яны адчуваюць сябе побач з асноўнымі падзеямі, і, вядома, яны там таксама робяць здымкі. Некаторым сябрам мы дапамагалі атрымаць акрэдытацыю, бо інакш нельга фатаграфаваць: ваенны час, відавочна. Але людзі там робяць сваю справу таксама.
Напрыклад, тут на выставе ў Беларусім доме культуры і супольнасці, мы паказваем працы фатографа Аляксея Харэя. Ён якраз знаходзіцца ў Тэрытарыяльнай абароне. Таму ад яго маем самыя новыя здымкі пра сучасныя падзеі. Гэта таксама вельмі важна, што ёсць магчымасць фіксаваць тое, што адбываецца прама зараз».
Усе фатографы, працы якіх выстаўлены ў Беларускім доме ў Вільні, знаходзяцца зараз ва Украіне. Аляксей Харэй, знаходзячыся ў войску, дакументуе ўсе падзеі, усё, што адбываецца вакол. У выпадку з Ламакіным і Мельнічэнкам — гэта працы, якія яны зрабілі ў 2015 годзе пасля Майдана, пасля анексіі Крыма, пасля Данбаса... Па словах Дарыўса Вайчэкаўскаса, яны таксама вельмі інтэнсіўна працуюць: робяць акцыі для збора сродкаў, прадаюць свае фатаграфіі. Збіраюць грошы, якія потым дасылаюць у гуманітарныя арганізацыі і на падтрымку войска. Усе вельмі актыўныя, і ўсе робяць тое, што могуць у гэтай сітуацыі.
здымак Аляксея Харэя
«Я пачаў рыхтаваць выставу, калі са мной звязаліся прадстаўніцы Музея Івана Луцкевіча. Як я зразумеў, у іх была ідэя зрабіць выставу ўкраінскага мастацтва, і мае сябры прапанавалі да мяне звярнуцца, бо ведаюць, што я не першы год займаюся ўкраінскімі фатографамі, — гаворыць Дарыўс Вайчэкаўскас. — Я вельмі ўзрадаваўся такой прапанове, бо мы ў Клайпедзе таксама робім розныя акцыі для збору сродкаў у падтрымку фатографаў Украіны і робім выставы. Я запрасіў паўдзельнічаць у выставе гэтых трох аўтараў.
Ведаеце, нават Аляксей, які зараз на лініі фронта, таксама ўдзячны за тое, што я прапанаваў яму размесціць фотаздымкі на выставе. Яго натхняе сама думка, што зараз мы паказваем яго фатаграфіі ў Літве, у Вільні. Мне здаецца, гэта таксама важны момант».
Серыя «Амулет» фотамастака Андрэя Ламакіна, 2015 год
Па ўваходзе ў залу Беларускага дома адразу справа можна пабачыць працы Андрэя Ламакіна. Серыя гэтых здымкаў, створаная ў 2015 годзе, называецца «Амулет». Андрэй збіраў гісторыі людзей, якія пасля 2014 года, маючы на ўвазе, што побач краіна-агрэсар, актыўна пачалі набываць зброю для абароны сваёй сям’і і свайго жытла.
«Ва Украіне дарэчы была такая кур’ёзная сітуацыя, што некаторую зброю, нават дастаткова сур’ёзную, можна набываць без аніякіх дакументаў і дазволаў, а ёсць несмяротныя віды зброі, якія набыць вельмі цяжка. — тлумачыць Дарыўс Вайчэкаўскас. — Вось мастак паказвае людзей, якія маюць пэўную зброю, здымае іх у абстаноўцы дамоў, дзе яны жывуць. Вельмі паказальны праект, бо гэта нам, можа, здаецца, што вайна пачалася толькі 24 лютага, а для ўкраінцаў яна ідзе з 2014 года, гэта толькі такая вострая фаза зараз адбываецца. У 2015 годзе Андрэй пісаў, што варта і краіне, і людзям рыхтавацца да такіх рэзкіх зменаў у гэтым плане. Зараз гэта ўспрымаеш як прадказанне».
На фотаздымках Аляксея Харэя можна пабачыць такія нацюрморты: кактэйлі молатава, зброя побач са спальнымі мяшкамі.
Фатаграфіі фотамастака Аляксея Харэя, 2022 год
Дарыўс Вайчэкаўскас распавядае пра фотаграфію, якая больш за ўсё яго ўразіла: «Бачна жаночыя рукі, якія чысцяць зброю. Калі ты глядзіш на здымкі, дзе наўпрост чалавека з ружжом — усё зразумела, нейкая ваенная сітуацыя. А тут трэба трошкі паразглядаць дэталі, каб зразумець: жанчына з новым прыгожым манікюрам чысціць ружжо».
Фатаграфія Аляксея Харэя, 2022 год
Другі мастак, чые працы прадстаўлены на выставе, — Сяргей Мельнічэнка. На выставе можна пабачыць яго дыптыхі, зробленыя ў 2015 годзе. Адна фатаграфія — здымкі розных блок-пастоў ва ўсходняй частцы Украіны, а другая частка — юныя хлопцы, якія пайшлі ў войска.
Дыптыхі фотамастака Сяргея Мельнічэнкі, 2015 год
Дыптыхі фотамастака Сяргея Мельнічэнкі, 2015 год
Дарыўс вырашыў сабраць усе тры серыі, бо зараз ужо зразумела, што яны дапаўняць адна адну і паказваюць, што вайна доўжыцца з 2014 года. Менавіта ў гэтым, на думку Дарыўса, і ёсць сэнс выставы.
«Паколькі серыя Андрэя Ламакіна называецца "Амулет", я вырашыў усю выставу назваць "Ваенны амулет". — гаворыць Дарыўс Вайчэкаўскас. — Я ведаю, што асабліва для славянскіх народаў было вельмі важна мець абярэг на час вайны як сродак для аховы чалавека. Вось Андрэй так назваў сваю серыю, бо зброя — гэта як амулет для сучаснага чалавека, які яго ахоўвае. У пятнаццатым годзе, можа, не столькі літаральна, колькі як маральная падтрымка. Зараз ён ужо можа ўжывацца і ў дзеянні».
Акрамя куратараў Дарыўса Вайчэкаўска і Паўліны Вітушчанкі, якія распавядалі пра канцэпт выставы, на адкрыцці прысутнічалі музыкі.
Куратары Дарыўс Вайчэкаўскас і Паўліна Вітушчанка падчас адкрыцця выставы
Славутая цымбалістка, былая супрацоўніца Беларускай дзяржаўнай філармоніі, Ганна Лепяшкевіч выканала два музычныя творы на аўтэнтычным беларускім інструменце.
Цымбалістка Ганна Лепяшкевіч на адкрыцці выставы
Таксама адкрыццё выставы падтрымліваў гурток традыцыйных спеваў «Беларускі цуд», які выканаў некалькі беларускіх і ўкраінскіх народных песень. Сярод іншых — вядомую ўкраінскую песню «Червона калина», якая зараз стала неафіцыйным гімнам украінскага змагання за сваю зямлю.
Гурток традыцыйных спеваў «Беларускі цуд»
Выстава «Ваенны амулет» будзе дзейнічаць да 19 чэрвеня.
Д.Г. budzma.org