Аляксей Гайдукевіч аналізуе на budzma.by эканамічную сітуацыю ў нашай краіне, якая пачала складвацца ў апошні час
Нацбанк Беларусі, нягледзячы на афіцыйную статыстыку аб росце інфляцыі да 8,5%, не падняў стаўку рэфінансавання. Акрамя таго ў арганізацыі паведамілі аб скасаванні планаў па паседжаннях дырэкцыі, на якіх разглядаюцца ключавыя пытанні функцыянавання банкаўскай сістэмы.
Па-ранейшаму дзейнічаюць абмежаванні на шэраг міжбанкаўскіх аперацый.
Такім чынам, банкаўскі рэгулятар дэманструе намер надалей ствараць дэфіцыт грашовай масы ў банкаўскай сферы. З гэтага вынікаюць наступствы, якія мы назіраем з мінулага года. Гэта нізкія дэпазітныя стаўкі, што вымушае кліентаў выводзіць грошы з рахункаў і купляць валюту, а таксама абмежаванні па крэдытаванні з боку дзяржаўных банкаў і высокія (да 30%) стаўкі па спажывецкіх пазыках у камерцыйных. У гэтым выпадку да недахопу ліквіднасці дадаюцца дэвальвацыйныя чаканні з боку банкіраў а таксама ўкладчыкаў.
Падобная сітуацыя захоўваецца і на рынку крэдытавання прыватных кампаній.
Фінансавы аналітык Вадзім Іосуб лічыць:
«Такі паварот падзей можа стаць прычынай паскарэння інфляцыйных працэсаў і ціску на курс беларускага рубля».
Ратуюць стратныя прадпрыемствы, а не беларусаў
Імаверна, Нацбанк, дзякуючы захаванню стаўкі ніжэй за ўзровень інфляцыі, будзе працягваць рабіць намаганні па прадухіленні паглыблення крызісу на дзяржаўных прадпрыемствах.
І калі спробы не дапусціць абвальнай дэвальвацыі нацыянальнай валюты пакуль што маюць плён, з дзяржпрадпрыемствамі ўсё выглядае не вельмі станоўча. Акрамя афіцыйнай інфармацыі аб стратах на 1 мільярд даляраў у 2020 годзе ў выніку пандэміі ў сеціва трапляе шмат плётак аб бартарных разліках паміж прадпрыемствамі, выплатах працаўнікам прадукцыяй.
Калі выдача часткі заробкаў таварамі даўно практыкуецца ў краіне і з’яўляецца цалкам законнай (у выпадку згоды), то бартар паміж юрыдычнымі асобамі забаронены.
У прыватнасці, паведамляецца, што Жлобінскі металургічны завод, які фактычна атрымаў ад камерцыйных банкаў грошы для разліку з крэдыторамі, працяглы час практыкуе разлік з беларускімі пастаўшчыкамі будаўнічай арматурай.
Некаторыя прадпрыемствы харчовай прамысловасці таксама выкарыстоўваюць бартарныя схемы. У такім выпадку прадпрыемства губляе частку прыбыткаў, бо ўлічваецца рызыкоўнасць і іншыя складанасці.
Да таго ж пры продажы тавараў прадпрыемствы вымагаюць ад большасці пакупнікоў 100% аплаты адразу ці з невялікай адтэрміноўкай. Што, у абставінах зніжэння спажывецкага попыту ў выніку пандэміі і падзення заробкаў у вялікай часткі беларусаў, не спрыяе павелічэнню кліенцкай базы айчынных вытворцаў.
Пакуль што камандныя органы намагаюцца перакласці праблемы буйных вытворцаў на плечы банкаў, якія назапашваюць таксічныя крэдыты. Але спіс праблемных прадпрыемстваў усё расце. Гэта і Гомсельмаш, і БелАЗ, МТЗ, якія акрамя вялікіх запазычанасцяў па крэдытах маюць праблемы з пакупнікамі прадукцыі, што папросту не разлічваюцца за пастаўкі.
Беларусам не варта спадзявацца на банкі
Лічыць, што банкаўская палітыка і крызіс на буйных дзяржаўных прадпрыемствах неабавязкова закране некаторыя колы нашага грамадства, памылкова.
Пра зніжэнне даходаў паведамляюць у сацыяльных сетках ужо некалькі месяцаў. Белстат апублікаваў статыстыку аб заробках беларусаў, з якой вынікае, што амаль палова насельніцтва не атрымлівае больш за 500 BYN. У выніку дэвальвацыі і няпэўнай будучыні гэтыя грамадзяне будуць усё менш спажываць, што адмоўна адаб’ецца і на прыватным сектары эканомікі. А за гэтым пойдзе зніжэнне даходаў і ў ім. Забаронены бартар, спадчына дзевяностых, які пачалі практыкаваць беларускія прадпрыемствы, сведчыць толькі пра паглыбленне крызісных з’яваў.
Старшы навуковы супрацоўнік Цэнтра эканамічных даследаванняў BEROC Леў Львоўскі адзначае:
«У беларускай эканоміцы цяпер назіраецца ваенная мабілізацыя».
Нельга выключаць, што штучная замарозка цэнаў на некаторыя тавары выкліча іх рост у іншых сегментах, на іншыя тавары. Бо прадаўцы будуць такім чынам намагацца кампенсаваць недаатрыманыя прыбыткі.
Такое разгортванне падзеяў немінуча выкліча інфляцыю. І грамадзяне, прыватны бізнес застануцца сам-насам са сваімі праблемамі.
Бо відавочна, што камандна-адміністрацыйны апарат не збіраецца дапамагаць грамадству, а толькі намагаецца выратаваць буйныя прадпрыемствы як адзіныя з апошніх крыніцаў пераразмеркавання бюджэтаў. Упэўненасці, што атрыманыя па заніжаных стаўках крэдыты і грошы ад камерцыйных банкаў на ратаванне вытворчасцяў цалкам трапяць па прызначэнні, у сітуацыі магчымых хваляў новых санкцыяў застаецца няшмат.
Аляксей Гайдукевіч, budzma.by