Алесь Кіркевіч на budzma.by піша пра падабенства цяперашніх беларускіх пратэстаў з польскімі ў 1980-х.
Беларускую рэвалюцыю параўноўваюць то з Балотнай плошчай у Расіі ў 2010-м, то з Рэвалюцыяй Годнасці ва Украіне ў 2014-м, то з эпохай польскай “Салідарнасці” ў 1980-я… Ні адно параўнанне не ёсць дакладным. Некаторыя — зусім недарэчныя.
У выпадку з Расіяй варта адзначыць, што яна жыла і жыве па законах імперыі. Паняцці свабоды і рэвалюцыі супярэчыць самому яе духу, а калі ўжо “накіпае” — чакай бяды. Ва Украіне таксама ўсё было па-іншаму. Дзесяцігоддзямі там выспявала нацыянальная і грамадзянская супольнасць. Рэжым Януковіча быў пры ўладзе ўсяго два гады, не быў маналітам. Таксама не тое.
Аналогія з Польшчай нашмат больш дарэчная. Адно што трэба пазбавіцца ілюзіяў, маўляў, “Салідарнасць” скінула камунізм за два тыдні забастоўкі, усе злачынцы трапілі пад суд ці люстрацыю, а пасля надышла эпоха шчасця і дэмакратыі… Не ўсё так проста.
Палякі прайшлі сваю дарогу за 45 гадоў: з 1944-га па 1989-ы. І калі б не крызіс і падзенне Савецкага Саюза, немаведама колькі б яшчэ ішлі. Зразумела, што цяпер гісторыя рухаецца хутчэй. Літаральна за год беларусы прайшлі адлегласць, якую палякі праходзілі дзесяцігоддзямі, і… “аказаліся” на пачатку 1980-х. Акурат на досвітку “Салідарнасці”…
Няма патрэбы пераказваць усю гісторыю Польшчы апошняга дзесяцігоддзя панавання камунізму. Давайце спынімся адно на важных момантах, часам як дзве кроплі вады падобных на беларускія аналагі з 2020-га. А часам — зусім не падобныя.
Крэдыты ад Захаду, лібералізацыя і “сцежкі здароўя”
Польшча бунтавала і да 1980-х. Скажам, у 1970-м у Гдыні быў крывавы расстрэл удзельнікаў забастоўкі. Пазней жа, з прыходам да ўлады Эдварда Герыка, пачалася лібералізацыя. Краіна палепшыла стасункі з Еўропай і ЗША, пачала атрымліваць немалыя крэдыты. Навошта тое было Захаду? Каб пакрысе адцягваць краіны сацлагера ад СССР. Саюз жа таксама даваў Польшчы крэдыты, прадукцыю, замовы.
Збольшага гэта быў спакойны перыяд — накшталт “мядовых гадоў” у Беларусі. Але пратэсты часам выбухалі: у 1976-м па краіне пранеслася хваля забастовак, мноства народу трапіла ў турму. Цікава, што менавіта ў 1976-м у Польшчы з’явіліся першыя калідоры гвалту і прыніжэння, праз якія праганялі вязняў “зомаўцы” (ZOMO — польскі АМАП) з дручкамі. З гумарам іх называлі “сцежкамі здароўя”.
Большасць грамадства пратэсты яшчэ не падтрымлівала — эканоміка падавалася стабільнай. Усе далейшыя значныя пратэсныя выбухі будуць шчыльна звязаныя менавіта з эканамічнай тэмай: не з выбарамі ці радыкальным антыкамунізмам, а менавіта з эканомікай.
Міліцыя збівае пратэстоўцаў - заўважце, масак ніхто не носіць
Чарга — самы кароткі шлях да камунізму
Прыйшоў 1979-ы. Савецкая гаспадарка паступова дэградавала, таму грошай на датацыі для сатэлітаў рабілася ўсё меней. Саюз улез у вайну ў Афганістане. Польшча ж мусіла аддаваць крэдыты Захаду — дзясяткі мільярдаў даляраў. Адзінае, што краіна магла стабільна прадаваць, — гэта ежа. Таму для ўнутранага рынку яе і не хапала. Уся Польшча стаяла ў чэргах, з’явіўся жарт, маўляў, чарга — найкарацейшы шлях да камунізму.
Улетку 1980-га зоркі сышліся. Адбылося чарговае падвышэнне цэнаў. А ў жніўні з верфі ў Гданьску звольнілі Анну Валентыновіч — немаладую супрацоўніцу, якой няшмат заставалася да пенсіі. Выбухнуў спантанны пратэст рабочых, якія знайшлі сабе лідара — Леха Валэнсу, якога звольнілі з той жа верфі яшчэ ў 1976-м. Рабочыя зачыніліся на прадпрыемстве, іх атачылі сілавікі, а сілавікоў — родныя рабочых і неабыякавыя палякі. На штурм улады не наважыліся.
Далей былі два тыдні, якія скаланулі Польшчу — страйкі і пратэсты ў розных мясцовасцях, супрацьстаянне з міліцыяй. Цікава, што Валентыновіч кіраўніцтва аднавіла на працы праз два дні, але пратэст было ўжо не спыніць. Людзі патрабавалі легалізацыі незалежнага прафсаюза — “Салідарнасці”. Улады пагадзіліся.
Жанчына спрабуе нешта давесці зомаўцу
“Карнавал дэмакратыі”
Наступныя 16 месяцаў палякі называюць “карнавалам дэмакратыі”. Па ўсёй краіне пачалі стварацца незалежныя прафсаюзы. Лічыцца, што ўсяго за год да іх далучылася больш за 9 мільёнаў чалавек — гэта прыкладна палова працаздольнага насельніцтва краіны. Прафсаюзы ствараліся паўсюдна. Цяжка паверыць: нават міліцыянты спрабавалі зрабіць сабе незалежную ячэйку!
Важна, што лідары “Салідарнасці” спачатку не высоўвалі радыкальных палітычных патрабаванняў, напрыклад, на манер пратэстоўцаў з “Пражскай вясны” 1968-га. Ведалі, чым тое можа скончыцца. Таму ў фокусе была справа незалежных прафсаюзаў.
Цікава, што сёння ў Беларусі лідары пратэстаў не робяць акцэнту на прафсаюзных справах. Так, людзі выходзяць з афіцыйных прафсаюзаў, але акцэнт на гэтым не робіцца. А вось улада — робіць. Адсюль і словы ўладаў пра стварэнне прафсаюзаў нават у калектывах прадпрымальнікаў. Зразумела, не для “падтрымкі” каго-кольвек, а для кантролю.
Вадамёты супраць мітынгоўцаў
Цень інтэрвенцыі: “вайна і немцы”…
Істотнае адрозненне з Беларуссю: у Польшчы не было ўлады аднаго чалавека. Была партыя і мноства яе структураў, якія падаваліся вечнымі. Партыя магла прымаць безліч абліччаў, змяняць маскі. У 1981-м яе тварам стаў лысаваты невысокі чалавек у зацемненых акулярах — генерал Войцех Ярузэльскі. Выхадзец са шляхецкай сям’і, сасланы некалі саветамі за Урал (там і пашкодзіў зрок), баявы афіцэр у Другую сусветную.
Ён стаў прэм’ерам і першым сакратаром партыі. Палякі нават палічылі гэта добрым знакам. Чаму? Бо захоўвалася павага да мундзіра і пагонаў. Маўляў, ваенны чалавек, які панюхаў пораху, кавалер ордэну Virtuti Militari, ды яшчэ з добрай сям’і, кепскага не зробіць. Думалі, пры ім будзе “адліга”.
Улады не глядзелі моўчкі, чым скончыцца “карнавал дэмакратыі”. Планавалі, разглядалі варыянты. Яшчэ ў 1980-м распрацоўваўся план інтэрвенцыі краінаў Варшаўскага блоку. Паводле палкоўніка польскага Генштабу, які “зліў” гэтую інфармацыю на Захад, на тэрыторыю Польшчы планавалі ўвесці 15 савецкіх дывізіяў, 2 чэхаславацкія і 1 нямецкую — з ГДР.
Пішуць, што калі ЦРУ атрымала такія дадзеныя, Картэр патэлефанаваў Брэжневу і папярэдзіў пра сур’ёзныя наступствы. Сам Ярузэльскі ў 1990-я настойваў, што менавіта ён спыніў інтэрвенцыю, разумеючы, што яна прывядзе да грамадзянскай вайны. Асабліва яго непакоіла дывізія з ГДР: палякі яшчэ добра памяталі зверствы часоў вайны, знішчэнне Варшавы, а тут зноўку немцы… Так ці інакш, але сітуацыю перайгралі.
Легендарны зварот Ярузэльскага - генерал абвяшчае вайсковае становішча
Танкі, вайскоўцы, паліцэйская гадзіна
У ноч з 12 на 13 снежня 1981-га Ярузэльскі абвясціў па тэлебачанні пра ўвядзенне ваеннага становішча. Цікава, што яшчэ за паўгода да гэтага ў Маскве былі надрукаваныя і перапраўленыя самалётам у Польшчу сотні тысяч абвестак пра ваеннае становішча. Іх пасля схавалі на складах МУС. Чаму менавіта ў Маскве? Лічылася, што калі надрукаваць у Польшчы, то інфармацыя выйдзе вонкі. Палякам не давяралі.
Што азначала ваеннае становішча? Тэлефонная сувязь адключаная. Радыё перадавала адно “сур’ёзную” музыку, а на ТБ з’явіліся вядоўцы ў вайсковай форме. Уводзілася міліцэйская гадзіна: ад 22 вечара да 6-й раніцы. Усю ўладу ў краіне бралі на сябе вайскоўцы: ад сталіцы да маленечкіх вёсачак.
Часткай гарадскіх краявідаў сталі танкі, БТРы і вайскоўцы, што грэюцца каля вогнішчаў. Было задзейнічана 70 000 вайскоўцаў, 30 000 міліцыянераў, тысячы “эсбэкаў” (SB — “служба бяспекі” накшталт КДБ). Праца на прадпрыемствах таксама мілітарызавалася, асабліва на стратэгічных. Калі раней ты спазняўся ці не прыходзіў на працу, цябе звальнялі. Цяпер жа пагражалі турмой ці расстрэлам — як за “дыверсію”.
Пачаліся інтэрнаванні: адразу былі схопленыя і зняволеныя каля 3000 чалавек. Гэта былі актывісты “Салідарнасці”, журналісты, інтэлігенцыя і інш. Цымус у тым, што людзей кідалі за краты на неакрэслены час: “колькі трэба — столькі і будзеце сядзець”. Сімвалічна, што адным з месцаў зняволення стаў блок колішняга нацысцкага лагера… Лічыцца, што да лета 1983-га праз інтэрнаванне прайшло 10 000 чалавек.
Краявід Варшавы ў часы вайсковага стану - жаўнеры пры вогнішчах
Шахту штурмавалі танкамі, школу пажарнікаў — верталётамі
Нягледзячы на ваеннае становішча, увесь 1982 год — гэта бясконцыя пратэсты і жорсткае супрацьстаянне. Зразумела, што незалежныя прафсаюзы, а таксама страйкі былі пад жорсткай забаронай, але людзі спрабавалі. Найбольш трагічная гісторыя адбылася на вугальнай шахце “Вуек” пад Катавіцамі.
Рабочыя зачыніліся на тэрыторыі, а іх пачалі штурмаваць — танкамі. Выламалі браму, уварваліся. Рабочыя адбіваліся трубамі і хто чым мог… Атрымалася бойня: 9 шахцёраў загінулі (6 адразу, 3 атрымалі смяротныя раны), дзясяткі былі цяжка параненыя. Былі параненыя і з боку сілавікоў. Агулам — больш за сто пацярпелых і пакалечаных, яшчэ больш — рэпрэсаваных. Гісторыя на шахце “Вуек” успрымалася як пралог грамадзянскай вайны.
Пратэсты — гэта не толькі рабочыя, але і студэнты. Прычым не толькі філолагі. Напрыклад, было выступленне ў вышэйшай школе пажарнікаў: яе сілавікі штурмавалі з даху з удзелам верталётаў. Былі пратэсты ў марской школе ў Гдыні, якая таксама лічылася мілітарызаванай структурай. Цікава, што там завадатаркай палічылі жанчыну-бібліятэкарку. Ёй пасля прысудзілі немалы тэрмін: 10 гадоў.
Лічыцца, што за час ваеннага становішча загінула ад 40 да 60 чалавек. За ўвесь перыяд пратэстаў да 1989-га — каля 90. Яшчэ каля 90 загінула пры “нявысветленых абставінах”, але з выразным палітычным следам. Абставіны смерцяў і вінаватых суды і следчыя не высветлілі нават у 1990-я. Можна сказаць, што агулам за пратэсты 1980-х загінула паўтары сотні чалавек. І гэта без уліку ахвяраў 1956-га ці 1970-га.
Штодзённасць вайсковага становішча
“Вялікая чыстка”
Паралельна ішла “вялікая чыстка” — тысячы людзей паўсталі перад судом за “крымінальныя злачынствы”. Большасць выракаў вагалася паміж 3 і 4 гадамі. Былі вынесеныя таксама чатыры смяротныя прысуды. Праўда, ніводзін не быў выкананы. Два з іх тычыліся дыпламатаў, якія выказалі свой пратэст, знаходзячыся за межамі Польшчы. Як бачым, аўтарытарныя сістэмы найбольш караюць “здраднікаў” — функцыянераў, якія лічыліся сваімі і перайшлі на бок “ворага” (у дадзеным выпадку — на бок народа).
З медыяў звальнялі нелаяльных журналістаў, з ВНУ — выкладчыкаў і студэнтаў. Ва ўніверсітэтах замянілі 24 рэктараў, звольнілі ажно 1500 выкладчыкаў. “Служба бяспекі” працавала на ўсю моц, выкарыстоўваючы ўвесь арсенал, ад павуціны агентаў да банальнай цэнзуры ліставання. Зняволеных масава вербавалі, “ламалі”, даводзілі да самагубства.
Нават у гэтых умовах палякі шукалі спосабы супраціву. Напрыклад, а 19-й па ТБ ішла выніковая тэлеперадача. Дык людзі масава выходзілі а 19-й з дамоў у двары і шпацыравалі, ігнаруючы прапаганду. Улады перанеслі пачатак міліцэйскай гадзіны на 19-ю — людзі пачалі выходзіць а 17-й… Была і маса сімвалічных акцыяў накшталт выкладання крыжоў з кветак, знічак і іконак на месцах забойстваў дэманстрантаў, запальвання знічак у вокнах.
Таксама як беларусы ад лета 2020-га пачалі насіць белыя стужкі на руках, палякі насілі на адзежы “oporniki” — звычайныя рэзістары, маленечкія радыёдэталі. Насілі як значкі ці брошкі — сімвалы супраціву. Была гісторыя, як студэнта Пятра Майхжака ўвесну 1982-га міліцыянты збілі насмерць за такі значак на вопратцы.
Беспакаранасць сілавікоў стала адным з сімвалаў той змрочнай рэальнасці. 12 траўня 1983-га разам з калегамі-студэнтамі Гжэгаж Пшэмык адзначаў здачу экзаменаў. Паспрачаўся з міліцэйскім патрулём — яго моцна збілі. “Біце так, каб не заставалася слядоў!” — запомніў указанне старэйшага па званні адзін са сведак. Хлопец хутка памёр, а ў яго смерці ўлады абвінавацілі і асудзілі… лекара, які аказваў першую дапамогу. Нічога не нагадвае?..
Бліжэй да лета 1983-га ўсе банальна стаміліся. Улады палічылі, што перамаглі — разграмілі супраціў. 22 ліпеня ваеннае становішча было адмененае.
Хто ж ведаў, што ўсё толькі пачынаецца?..
Алесь Кіркевіч, budzma.by
Працяг будзе...