Вакацыі Баніфацыя: як выглядае сучасны “піянерскі” летнік. Частка трэцяя – Наёмны тата

fota-12

Тата 27 падлеткаў на 18 дзён. Мяне ўзялі напракат за невялікую зарплату і трохразовае харчаванне. Дзеці 12–13 гадоў. Шыкоўны ўзрост. Яны ўжо не блытаюць ложак з прыбіральняй, і яшчэ спяць па начах. Кожны па-свойму амбіцыйны і таленавіты, у нечым разумны, а ў нечым яшчэ дурны. Стараста атраду – вялікі, не па гадах развіты Уладзік. Ён смела выконваў свае адміністратыўныя абавязкі, часам блытаў іх з маімі. Аднойчы ён праявіў шэдэўр ініцыятыўнасці і самастойна вывеў атрад на лінейку, забыўшыся на выхавальнікаў. Безумоўна, атрад без педагогаў выклікаў псіхалагічны шок у адміністрацыі. Пасля хвіліны абсалютна пагрозлівай цішы, якая павісла над лінейкай, дзіцячая адміністрацыя ў выглядзе Уладзіка хутка пабегла шукаць сваіх выхавальнікаў. А выхавальнікі ў той час ліхаманкава высвятлялі месцазнаходжанне свайго атраду.

Невялікі, але мегаактыўны персанаж Вова быў халерыкам і на заўвагі адказваў ціхай пяціхвіліннай дэпрэсіяй. Ён дэманстратыўна закрываўся лапавухімі вушамі, нібы фіранкамі, і па-філасофску глядзеў у акно. Праз пяць хвілінаў яго прагная да жыцця і прыгодаў душа перамагала апошнія рэшткі абрыдлай паныласці. Іншы Вова, адзінокі і касмічна далёкі ад ўсяго хлопчык, жорстка штурмаваў летнікавую бібліятэку на прадмет кнігаў. Літаратуру Вова праглынаў хутка і халаднакроўна, а калі яе не было, сумна штурхаў на газоне мячык. Дыскатэку, летнікавыя святы ды ўрачыстасці, прыдуманыя выхавальнікамі гульні ён безапеляцыйна адмаўляў.

Паслухмяныя на першы погляд дзяўчынкі пасля дыскатэкі драпежна гутарылі з хлапцамі праз балкон ды перакідваліся любоўнымі запіскамі. Асаблівую папулярнасць сярод іх мелі самыя адчайныя, свабодныя і дзікія хлопцы.

fota-22

Дзяўчынкі

Пакоі па правы бок доўгага, як вяроўка, калідора хавалі за сценамі ўнутрыатрадныя падлеткавыя таямніцы. Першы пакой – сонны заказнік безэнэргічнасці з нясмелай любоўю да спартовых гульняў. Далей знаходзіўся шэраг хлапчуковых пакояў з зачаткамі барацьбы за лідэрства і бязлітаснай самаўпэўненасці. Калідор нестабільнага настрою і дробнага шкодніцтва завяршаўся паталагічна цікавым для хлапцоў месцам – трыма дзявочымі пакоямі з пахам парфумы і дробнага какетніцтва. З супрацьлеглага канца калідора сюды накіроўваліся флюіды рамантычнасці, сціплай надзеі і адурманенай рэўнасці.

Дзеці шкоднічалі і выйгравалі конкурсы, не спалі падчас “ціхага часу” і танчылі на дыскатэцы, ладзілі карагоды вакол купальскага вогнішча.

fota-32

Купальскае вогнішча

Непрыезд іх бацькоў у час – асабісты апакаліпсіс, выйграны конкурс ці спаборніцтва – вялікая перамога годнасці ды росквіт уласнага гонару. Амаль чароўным месцам для дзяцей было летнікавае замежжа, куды нельга было выходзіць без выхавальнікаў. Яны непарушна выконвалі гэтае правіла, а таму вельмі любілі хадзіць па чарніцы ці на экскурсію па лесе разам з выхавальнікамі.
За кіламетры ад педагагічных тэорый і бюракратыі ў іх было свята калектыўнай свабоды і ўласнай рэалізацыі.

fota-42

Спартовыя гульні

На першым фотаздымку: Вяртанне з лінейкі

Фота аўтара.