14 верасня ў Баранавічскай цэнтральнай бібліятэцы цёпла віталі бярозаўскіх паэтак Валянціну Осіпаву і Марыю Стэфанаву. Творчая сустрэча адбылася ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”. На паэтычнай імпрэзе прысутнічалі чальцы літаратурна- музычнай гасцёўні”Крыніца”, паэтычнага клуба “Ліра”і іншыя прыхільнікі беларускага пісьменства. Валянціна Осіпава і Марыя Стэфанава пазнаёмілі слухачоў са сваімі вершамі, распавялі пра творчы шлях, пра дзейнасць берасцейскіх літаратараў. Раіса Раманчук, кіраўнік “Крыніцы”, дала таксама слова ўдзельнікам літаратурна- музычнай гасцёўні і яны з задавальненнем падзяліліся сваёй творчасцю. На паэтычнай сустрэчы панавала надзвычай цёплая задушэўная атмасфера і лірычны настрой. Многія слухачы са слязамі на вачах успрыймалі пранікненыя вершы: хтосьці ў думках вярнуўся ў сваю маладосць, а некаторыя проста адарваліся ад будзённасці і з асалодай слухалі вершаваныя творы. У зале гучалі не толькі вершы, але і прагучала некалькі цікавых песень. Сустрэча з паэзіяй сагрэла цеплынёй сэрцы і дала новы імпульс для далейшай творчасці. Ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” удзельнікі паэтычнай імпрэзы атрымалі памятныя паштоўкі і сувеніры, а бібліятэка атрымала ў падарунак кнігі і часопісы на беларускай мове.