Вандроўка сцежкамі Кастуся Каліноўскага

2 лютага спаўняецца 185 год з дня народзінаў адметнай, лёсавызначальнай постаці беларускай гісторыі Кастуся Каліноўскага. З гэтай нагоды прапануем прайсціся мясцінамі, дзе бываў Каліноўскі ў розныя перыяды жыцця. Амплітуда інтарэсаў нацыянальна-вызвольнага дзеяча, аднаго з кіраўнікоў Студзеньскага паўстання была вельмі шырокай, адпаведна, і сённяшняя вандроўка будзе падзелена між некалькімі краінамі.


0.jpg
Фота: valatsuga.by

Мастаўляны, Ялоўка (Гарадоцкая гміна, Падляшскае ваяводства, Польшча)

Нарадзіўся Кастусь Каліноўскі у 1838 годзе ў Мастаўлянах, якія сёння знаходзяццца па польскі бок за некалькі кіламетраў ад беларускай мяжы. Бацька Кастуся Сымон быў беззямельным гарадзенскім шляхцічам, які валодаў невялікай ткацкай мануфактурай у Мастаўлянах. Ягоны род герба Калінова вядомы ажно з XVІ стагоддзя. Маці — Вераніка з роду Рыбінскіх — памерла, калі Кастусю было пяць год.

1.jpg
Фота: budzma.org. Помнік Кастусю Каліноўскаму ў Мастаўлянах

Вядома, што хрысцілі Кастуся Каліноўскага ў старым драўляным касцёле Міхала Арханёла ў Ялоўцы, што паблізу ад Мастаўлянаў, збудаваным яшчэ ў XVIII стагоддзі на сродкі старасты Казіміра Сапегі. Але сёння той драўляны касцёл мы не ўбачым, на ягоным месцы на ўзгорку насупраць узведзенага пазней мураванага касцёла сёння стаіць плябань. Да нядаўняга часу побач з колішнім касцёлам захоўвалася надмагільная пліта святара Францішка Каранеўскага, які, меркавана, хрысціў Каліноўскага, але і яна знікла.


2.jpg
Фота: budzma.org. Плябань, на месцы якой стаяў драўляны касцёл, дзе хрысцілі Кастуся Каліноўскага

Хоць з часоў Каліноўскага тут захавалася і няшмат, але ўсім, хто хоча ўшанаваць памяць выбітнага нацыянальнага дзеяча, варта завітаць на Падляшша, як мінімум у Мастаўляны, прагуляцца старой брукаванкай ды пабачыць адзін з нешматлікіх помнікаў Кастусю Каліноўскаму.

3.jpg
Брукаванка ў Мастаўлянах. Фота: Васіль Герасімчык

4.jpg
Фота: budzma.org, Помнік Кастусю Каліноўскаму ў Мастаўлянах. Манумент складаецца са стэлы з памятнай шыльдай і прыслоненых да яе макетаў кола, касы і стрэльбы

Чытаць яшчэ: Падляскія замалёўкі: шляхам Кастуся Каліноўскага

Якушоўка (Свіслацкі раён, Гродзенская вобласць, Беларусь)

У 1949 годзе сям’я Кастуся Каліноўскага перабралася жыць у фальварак Якушоўка, месцазнаходжанне якога сёння бліжэй да сучаснай вёскі Ятвеск. Тут і бавіў маладыя гады маленькі Кастусь. Ад колішняга сядзібнага дома Каліноўскіх у Якушоўцы сёння можна пабачыць закансерваваныя падмуркі, знойдзеныя падчас археалагічных раскопкаў Міхасём Ткачовым у 1987 годзе. Побач стаіць камень з памятнай шыльдай.

5.jpg
 Фота budzma.org

6.jpg 

Яшчэ сярод месцічаў існуе легенда, што захавалася прысада, высаджаная ў юнацкія гады перад тым, як з’ехаць вучыцца ў Пецярбург, уласна Кастусём Каліноўскім разам з ягоным бацькам Сымонам. Так яно ці не, дакладна невядома, але прысада з даволі старымі ліпамі сустрэне кожнага, хто наведаецца ў Якушоўку.

7.jpg
 Фота budzma.org

8.jpg
Фота budzma.org

Свіслач (Гродзенская вобласць, Беларусь)

Першапачатковую адукацыю Кастусь Каліноўскі атрымаў у 1847–1852 гг. у Свіслацкай гімназіі, пасля сканчэння якой некалькі год яшчэ пражыў у бацькоўскім маёнтку ў Якушоўцы, займаючыся гаспадаркай ды самаадукацыяй. Вялікі ўнёсак у станаўленне асобы Кастуся Каліноўскага ў тыя гады зрабіў ягоны брат Віктар, каторы на той час навучаўся ў Маскоўскім універсітэце і быў сябрам Віленскай археалагічнай камісіі па справе даследавання старажытных беларускіх рукапісаў.

9.jpg
Фота: Мікіта Пастухоў

Будынак свіслацкай гімназіі захаваўся і сёння. У наш час ён з’яўляецца часткай комплексу раённага шпіталя. Варта зазначыць, што з гімназіяй знітаваныя лёсы вялікай колькасці дзеячаў беларускага вызвольнага руху ХІХ стагоддзя і іншых выбітных асобаў. Тут вучыліся палітычныя дзеячы і паўстанцы Віктар Гельтман, Рамуальд Траўгут, мастак і кампазітар Напалеон Орда, брат Кастуся Каліноўскага Віктар і шмат хто іншы.

10.jpg

Яшчэ ў Свіслачы варта звярнуць увагу на адзіны на дадзены момант у Беларусі помнік Кастусю Каліноўскаму аўтарства Заіра Азгура, усталяваны тут яшчэ за савецкім часам. Месціцца ён непасрэдна перад будынкам колішняй гімназіі ў Свіслачы.

11.jpg
Фота: Мікіта Пастухоў

Гродна (Гродзенская вобласць, Беларусь)

Пасля навучання разам з братам Віктарам у Пецярбургскім універсітэце Каліноўскі вяртаецца на радзіму і працягвае актыўна ўдзельнічаць у жыцці таемных рэвалюцыйных арганізацыяў краю. Вядома, што ў Гродне (Савецкая, 7), на кватэры Ідэльфонса Мілевіча, адбываліся сустрэчы ўдзельнікаў Гродзенскай рэвалюцыйнай арганізацыі, якія наведваў Кастусь Каліноўскі.

12.jpg
 Фота budzma.org

13.jpg
 Фота budzma.org

Яшчэ адзін будынак, які памятае Кастуся, месціцца па той жа вуліцы, (Савецкая, 23). Тут была сядзіба і гатэль Севярына Ромэра. Гаспадар і ягоная жонка Тэадора актыўна дапамагалі паўстанцам, у іх доме, верагодна, таксама адбываліся сустрэчы Каліноўскага з удзельнікамі гродзенскай арганізацыі. Сярод гродзенцаў будынак яшчэ доўга называлі «гатэлем Ромера», або «гатэлем паўстанцаў».

14.jpg
Фота budzma.org

Вялікая Бераставіца (Гродзенская вобласць, Беларусь)

Існуе меркаванне, што ўлетку 1862 года першыя нумары «Мужыцкай праўды» аўтарства Кастуся Каліноўскага друкаваліся ў сутарэннях барочнага касцёла Наведзін Найсвяцейшай Панны Марыі пры колішнім кляштары кармелітаў, пабудова якога завершылася ў 1741 годзе. Сёння ад касцёла можна пабачыць толькі крушні, але вельмі маляўнічыя.

15.jpg
Фота: poshyk.info

16.jpg
 Фота: poshyk.info

Кейданы (Ковеньскі павет, Літва)

Вядома, што пасля друку першага нумара «Мужыцкай праўды» Каліноўскі выправіўся на вяселле сястры ягоных сяброў Далеўскіх — Апалоніі і капітана расійскага Генштаба Зыгмунда Серакоўскага, які на той час з’яўляўся адным з кіраўнікоў таемнай арганізацыі ў Літве і Беларусі. Вянчанне адбывалася ў касцёле Святога Юзафа, які можам пабачыць у Кейданах і сёння. Урачыстасць называлі «апошняй мазуркай на Літве», бо край знаходзіўся амаль у вайсковым стане і масавыя мерапрыемствы былі забароненыя.

17.jpg
 Фота budzma.org

18.jpg
 Фота budzma.org

Вільня

З Вільняй звязаныя апошнія гады Кастуся Каліноўскага. Тут захавалася шмат памятных мясцінаў. Першай з іх прапануем наведаць дом Ямантаў па вуліцы Вялікай, дзе Каліноўскі сустракаўся са сваёй нарачонай Марыяй Ямант і неаднаразова бываў па справах паўстання — Яманты прымалі ў ім актыўны ўдзел.

19.jpg
Фота: Б****т

Захаваліся і адрэсы канспіратыўных кватэраў, дзе спыняўся «дыктатар паўстання ў Беларусі і Літве». Апошнім ягоным прытулкам сталася кватэра 16 у гімназічным доме насупраць касцёла Святога Яна па вуліцы Замкавай (Pilies, 19). Адсюль яго пад псеўданімам Ігнат Вітажэнец і забралі царскія жандары, папярэдне ачапіўшы ўвесь квартал, бо Каліноўскі не раз уцякаў ад іх. Выдаў яго расійскім уладам сябра менскай паўстанцкай арганізацыі Вітольд Парфіяновіч.

20.jpg
 Фота Б****т

Дамініканскія муры

Вязніца, дзе Каліноўскі правёў свае апошнія гады жыцця, месціцца па вуліцы Святога Ігната (Šv. Ignoto, 11), на тэрыторыі Дамініканскага кляштара. У 1812 годзе расійскія ўлады перарабілі частку кляштара ў вязніцу і тут трымалі палонных філарэтаў, удзельнікаў Лістападаўскага паўстання, такі ж лёс напаткаў і Каліноўскага з большасцю затрыманых на той час паплечнікаў. Марыю Ямант трымалі ў кляштарных сценах насупраць. У вакно кожны з іх мог бачыць месца зняволення іншага. Сёння на колішняй вязніцы Каліноўскага можам пабачыць мемарыяльную шыльду.

21.jpg
Фота budzma.org

У турме Каліноўскі на аркушах, дадзеных для сведчанняў, напісаў легендарныя «Лісты з-пад шыбеніцы», разважаў пра лёс радзімы, развітаўся з Марыяй вершам «Марыська чарнаброва, галубка мая...». Усе гэтыя творы захаваліся дзякуючы цётцы Марыі Ямант Ядвізе Макрыцкай. Яна, падкупіўшы ахоўніка, здолела атрымаць каштоўныя аркушы.

144.jpg

Фота budzma.org

Каліноўскі прызнаўся следчым, што сапраўды «канавод паўстання на Літве», але адмовіўся сведчыць супраць сваіх паплечнікаў. Неўзабаве яму быў вынесены смяротны прысуд — пакаранне праз расстрэл, які асабістым загадам генерал-губернатара Мураўёва быў заменены на павешанне.

23.jpg
Фота budzma.org

Лукішская плошча

Пакаранне было здзейснена на Лукішскай плошчы 22 сакавіка 1864 года на вачох шматлікіх віленчукоў. Кастусь паводзіў сябе прынцыпова і дзёрзка. Калі зачытвалі прысуд і назвалі Каліноўскага «дваранінам», ён перабіў царскага службоўцу і выгукнуў: «У нас няма дваранаў, усе роўныя!». На меркаваным месцы пакарання, амаль пры самым касцёле Святых Якуба і Піліпа можам пабачыць мемарыяльную шыльду і драўляны крыж у гонар Кастуся Каліноўскага ды ягонага паплечніка Зыгмунта Серакоўскага, пакаранага тут жа за некалькі месяцаў да яго.

24.jpg 

Гара Гедыміна

Доўгі час сярод месцічаў Вільні існавала меркаванне, што парэшткі Кастуся Каліноўскага і іншых паўстанцаў расійскія карнікі таемна пахавалі, засыпаўшы вапнаю, на гары Гедыміна, дзе на той час стаяў расійскі вайсковы гарнізон, каб пазбегнуць магчымага паломніцтва з боку мясцовага люду.

25.jpg
Фота: shutterstock.com, by Сathouseproduction.

Але доказаў гэтаму доўгі час не знаходзілася, пакуль праз некалькі апоўзняў на гары Гедыміна ў 2016 годзе не пачалі працаваць археолагі. Яны выявілі пахавальную яму з парэшткамі 20 паўстанцаў, сярод якіх быў і Кастусь Каліноўскі.

26.jpg
Шкілет Кастуся Каліноўскага. Фота: Гіціс Грыжас, Валдас Сцяпанайціс

27.jpg
Медальёны, знойдзеныя каля парэшткаў Кастуся Каліноўскага. Фота: Гіціс Грыжас, Валдас Сцяпанайціс.

Капліца на могілках Росы

28.jpg
Фота: shutterstock.com, by Radoslaw Maciejewski

Скрайнім прыпынкам нашага маршруту будзе месца апошняга спачыну Кастуся Каліноўскага — капліца з трунамі паўстанцаў на старажытным віленскім некропалі Росы. 22 лістапада 2019 года тут урачыста перапахавалі парэшткі Кастуся Каліноўскага, Зыгмунта Серакоўскага і яшчэ 18 паўстанцаў 1863–1864 гадоў.

29.jpg
 Фота budzma.org

30.jpg
 Фота budzma.org

ПЖ, budzma.org